Заключны этап абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023» адбыўся ў мінулую суботу ў Віцебску. Герояў хлебнай нівы, перадавікоў прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці напярэдадні іх прафесійнага свята ўшанавалі высокім словам, шчодрымі падарункамі.
Актыўны ўдзел ва ўрачыстасці прыняла і дэлегацыя Полацкага раёна на чале са старшынёй Полацкага райвыканкама Ігарам Марковічам.
Радасць галоўнага свята хлебаробаў раздзялілі ганаровыя госці: старшыня Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка, кіраўніцтва галіновых ведамстваў і прадпрыемстваў, дэпутаты, старшыні райвыканкамаў і іншыя.
Афіцыйная частка свята пачалася з прывітальных віншавальных лістоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
А.Р.Лукашэнкі, старшыні Савета Рэспублікі Нацыяльнага сходу Н.І.Качанавай. У сваім выступленні кіраўнік Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін адзначыў важкі ўклад працаўнікоў прыдзвінскага краю ў агульны каравай краіны:
— Дасягненні АПК — гэта вынік паўсядзённай напружанай працы простых работнікаў сельскай нівы, перапрацоўчых арганізацый, спецыялістаў, кіраўнікоў, вучоных-аграрыяў, ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці і моладзі. Уборачная кампанія бягучага года стала сур’ёзным экзаменам для ўсіх. Поспеху спрыяюць аператыўнасць, строгае захаванне тэхналогій. Дзякуй усім за старанне і руплівасць.
Урачыстую частку свята распачала цырымонія ўзнагароджвання. Сярод самых старанных і дбайных працаўнікоў — кіраўнікі раёнаў, прадпрыемстваў, спецыялісты гаспадарак, камбайнеры, вадзіцелі, жывёлаводы, навучэнцы сельскагаспадарчых каледжаў і інш. Дыпломы, ганаровыя граматы, падзякі, грашовыя прэміі, каштоўныя падарункі знайшлі сваіх дбайных гаспадароў.
Сучасныя сельскія працаўнікі — гэта сапраўдныя прафесіяналы, якія ўмела кіруюць сельскагаспадарчай тэхнікай, працуюць на жывёлагадоўчых комплексах, у даільных залах, на палетках. Новыя тэхналогіі хуткімі тэмпамі ўкараняюцца ў сельскую гаспадарку, але гэта не палохае вяскоўцаў. Наадварот, яны з цікавасцю ставяцца да ўсяго новага і перспектыўнага.
Шмат прыемных эмоцый падараваў святочны канцэрт лепшых творчых калектываў Віцебшчыны, сярод якіх былі і прадстаўнікі Полаччыны. Сваім талентам шчодра дзяліліся артысты інструментальнага ансамбля «Фарынаўскія лыжкары» Фарынаўскай СШ, заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля народнай песні «Заманіха» Полацкага РЦК.
Агульную цікаўнасць выклікалі тэматычныя пляцоўкі, выставы-дэгустацыі, у тым ліку і з нашага раёна. Увагі заслугоўвалі і полацкія галоўныя сімвалы ўраджаю — святочныя каравай і сноп, якія траплялі на фатаграфіі ўдзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023».
Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Мікалай Баратынскі, намеснік старшыні-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама, за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў. Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь адзначана добрасумленная праца Пятра Каркліня, трактарыста-машыніста УП «Гараны-Агра», Вольгі Карклінь, студэнткі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Падзяка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за высокі прафесіяналізм аб’яўлена Аляксандру Лінкевічу, трактарысту-машыністу УП «Полацк-Мілк». Ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны Аляксей Пласканос, аграном ААТ «Кушлікі», Мікалай Слабада, вадзіцель філіяла «Полацкія электрычныя сеткі». У ліку пераможцаў рэспубліканскага агляду-конкурсу па культуры земляробства і добраўпарадкаванні вытворчых тэрыторый — УП «Палімір-агра» (дырэктар Віталь Цыранок). На высокім узроўні з боку Беларускага прафсаюза работнікаў АПК адзначана і праца Святланы Дубоўскай, брыгадзіра МТФ «Тросніца» ААТ «Полацкі аграсервіс» (заахвочана пуцёўкай у санаторый).