Дбаюць пра нарыхтоўку дроў для жыхароў у Азінскім сельвыканкаме Полацкага раёну

Важное

Адно з актуальных пытанняў, якое даводзіцца штогод вырашаць жыхарам сельскай мясцовасці, — нарыхтоўка дроў. Адпаведна з Пастановай Савета Міністраў Рэс­публікі Беларусь ад 9.11.2012 года №1028 «Аб некаторых пытаннях забеспячэння насельніцтва цвёрдымі відамі паліва» ўстаноўлены нормы дроў, якія рэалізуюцца насельніцтву па фіксаваных рознічных цэнах на адно домаўладанне: 4,9 кубаметра дроў. Водпуск дроў звыш нормы ажыццяўляецца па вольнай рознічнай цане.

Мясцовая сельская ўлада Азінскага сельвыканкама ўзяла на сябе абавязак дапамагчы вяскоўцам набыць цвёрдае паліва цэнтралізавана.
Па дамоўленасці з Полацкім лясгасам, Полацкім філіялам «Віцебск­аблпаліва» дровы завозяцца на выдзеленыя ў вёсках Азіна і Мацюшы пляцоўкі, адкуль потым, калі будзе завезена іх неабходная колькасць, будуць дастаўлены па месцы жыхарства заказчыкаў.


На адной з такіх пляцовак, якая знаходзіцца ў вёсцы Азіна, мы вялі гутарку са старшынёй Азінскага сельвыканкама Мікалаем Мягчылам.
— На сённяшні дзень у сельвыканкаме заказалі дровы больш за 100 чалавек: з Азіна 58 і з Мацюшоў 68. Таксама мы прынялі заявы і грошы ад 22 інвалідаў, — расказаў Мікалай Віктаравіч.

Сельвыканкам па кожным домаўладанні рыхтуе даведкі, збірае грошы на дровы, каб вяскоўцам самім не давялося ехаць у філіял «Віцебскаблпаліва». Пасля выпіскі накладных ажыццяўляецца дастаўка дроў.

— Такая практыка набыцця дроў у нашым сельсавеце існуе ўжо не першы год. Людзі задаволены, што ў іх менш клопату, і мы рады, што дапамаглі жыхарам з вырашэннем надзённага пытання. У мінулым годзе завозілі дровы таксама, як і сёлета, зімой. Пілаваць дровы і калоць будуць, як заўсёды, самі гаспадары. І сушыць, канешне. Вядома, што сухія дровы даюць у два разы больш цяпла, чым вільготныя, — удакладняе Мікалай Мягчыла.
Кіраўнік сельскай улады сам мясцовы жыхар, ён таксама заказаў дровы разам з суседзямі. Гаспадарчым позіркам ён агледзеў прывезеныя дровы і адзначыў, што іх якасць — добрая.


— Колькі ж каштуе цвёрдае паліва?
— Кошт дроў па фіксаваных цэнах для насельніцтва — 42 рублі 14 капеек за пазначаныя вышэй 4,9 куб.м, за пагрузку трэба заплаціць 17 рублёў 64 капейкі і за дастаўку на 1 кіламетр 3 рублі 60 капеек. Ільготная цана для інвалідаў — 21 рубель 7 капеек за дровы, а за пагрузку і дастаўку — такая самая, як для ўсіх.
Мікалай Віктаравіч расказаў, што не ўсе вяскоўцы заказваюць дровы, некаторыя карыстаюцца паліўнымі брыкетамі. Для іх таксама ўстаноўлены ліміт — 3,5 тоны на домаўладанне. Гэтую колькасць можна набыць па фіксаванай рознічнай цане, звыш нормы — па вольнай фіксаванай цане, як і дровы. Заказаць па фіксаванай цане і дровы, і брыкет аднаму гаспадару не дазволяць. Кожны павінен выбраць нешта адно.