Праект «Полаччына гасцінная» па адраджэнні традыцыйнай аўтэнтычнай мясцовай кухні паспяхова працягваецца. Яго галоўная гераіня — дапытлівая гарадская дзяўчына Надзейка — падарожнічае па вёсках і аграгарадках Полацкага раёна і занатоўвае ў свой кулінарны блакнот рэцэпты малавядомых беларускіх страў. Яна ўжо навучылася гатаваць цыбрыкі і раўгеню па-беларуску ў Саланіцкім сельсавеце, рыбнае шчаўё і таўчонікі з макам у Блізніцы, гарохавыя камы ў Мацюшах, пражонку і лададу ў Бабынічах.
І вось нядаўна Надзейка гасцявала ў аграгарадку Завозер’е. Гэта было яе пятае кулінарнае падарожжа, дзе дзяўчыну чакалі знаёмства з гасціннымі гаспадынямі гэтага населенага пункта і новыя запісы малавядомых рэцэптаў дзвюх страў: сялянкі і бярозавага квасу.
Жыхары Завозер’я сустракалі гарадскую госцю прама на двары — у цэнтры аграгарадка Завозер’е, на пляцоўцы перад Домам культуры. Тут яны стварылі імправізаваную кухню. На стале ветлівай гаспадыні — Таццяны Бацюлёвай, дырэктара мясцовай школы, — ляжалі прадукты, неабходныя для сялянкі: яйкі, сала, хлеб, агародніна. «Сялянка… Гэта страва з майго дзяцінства, — распавядала Таццяна Уладзіміраўна. — Часцяком раніцай мая бабуля гатавала сялянку — сняданак для нашай сям’і. Смачны водар смажаных сала і яек распаўсюджваўся па ўсёй хаце і, адчуўшы яго, я адразу прачыналася і бегла на кухню».
Сялянку ў Гомельскім сельсавеце гатавалі паўсюдна і называлі яе стравай «на хуткую руку». Таццяна Уладзіміраўна расказвала дзяўчыне рэцэпт і адразу паказвала, што і як трэба рабіць. Прадукты для сялянкі — самыя звычайныя, яны былі ў кожнай сялянскай сям’і. Спачатку Таццяна Уладзіміраўна нарэзала сала на невялікія шматкі для смажання, потым у асобны посуд разбіла яйкі, дадала туды соль, кроп. А затым узяла кавалачкі хлеба і ў кожным з іх з дапамогай шклянай чаркі выразала кружок. Звычайна так выразаюць фігуркі для печыва з цеста. Вось гэты момант быў самы цікавы для Надзейкі! На гарачую патэльню, якая разагравалася побач (не на печы, а на бярозавай чурцы, рассечанай сякерай і запаленай), паклала сала і кавалкі хлеба з выразанымі кружкамі, і ў гэтыя кружкі заліла яйкі… Патэльню накрыла накрыўкай і праз некалькі хвілін яны з Надзейкай адчулі той смачны пах з дзяцінства. Дарэчы, пакуль страва гатавалася, яна прачытала для дзяўчыны цудоўны верш пра родныя мясціны. Гэтыя лірычныя радкі нарадзіліся ў яе нядаўна, і іх яна прысвяціла Году малой радзімы.
Гаспадыня паклікала суседку Людмілу Пашкевіч, якая прынесла бярозавы квас. Гэты напой — таксама традыцыйны для Завозер’я. У іх населеным пункце ў кожнай сям’і прынята кожны год рабіць нарыхтоўку бярозавага квасу. Людміла распавяла, што яна ў бярозавы сок звычайна дадае хлебныя скарынкі, разынкі, мёд ці цукар. Квасу трэба выстаяцца — прыкладна месяц. Жанчына прапанавала суседцы і дзяўчыне пачаставацца квасам. У адзін голас яны адзначылі: «Смаката!».
Завяршылася чарговае «Смачнае падарожжа Надзейкі» на алеі добрасуседства, якая з’явілася ў гэтым населеным пункце нядаўна, падчас свята «Завозерская беразуха-2018». Убачыўшы стромкія малодзенькія бярозкі, якія пасаджаны з любоўю, Надзейка ўпэўнілася, што ў Завозер’і жывуць добразычлівыя, гасцінныя людзі.
Пра пятае падарожжа Надзейкі, як і пра ўсе папярэднія, можна даведацца праз сацыяльныя сеткі «Вконтакте» і «Одноклассники». Інфармацыйнымі партнёрамі кулінарнага праекта з’яўляюцца наша газета, а таксама рэгіянальны тэлеканал «Скіф» і Полацкі раённы Цэнтр культуры.