Урачыстая падзея на мінулым тыдні адбылася на ферме Кауны УП «П-С Карпекі»: павіншаваць Галіну Пранько — пераможцу раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення па выніках працы за люты — прыехалі кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Кавалёў, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі і старшыня прафкама гаспадаркі Антон Панцеляймон.
— Мы верылі ў вас, дзякуй за працу і добрыя вынікі, — звярнуўся да членаў калектыву фермы Кауны Аляксандр Кавалёў.— Вы апраўдалі нашы прагнозы, за студзень па вытворчасці малака наша гаспадарка выйшла на 101%, зараз, па стану на пачатак сакавіка, — мы стабільна плюсуем. За квартал павінны выйсці на 100% да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Штодзень павялічваецца валавая вытворчасць малака, больш прадукцыі здаём сортам «экстра». Гэта — наша агульная перамога і нашы перспектывы. Падвядзенне вынікаў працы за кожны тыдзень спрыяе паляпшэнню якасці малака. Ад стаўлення да працы залежыць і ваша матэрыяльнае становішча.
Аляксандр Ераставіч паведаміў, што станоўчы ўплыў на развіццё жывёлагадоўчай галіны іх гаспадаркі аказала ўвядзенне ў сярэдзіне лістапада мінулага года новай методыкі выпойвання нованароджаных цялят малозівам з дапамогай дрэнчара. Гэтую працэдуру навучыліся выконваць ветурачы, даяркі і нават начныя вартаўнікі. За своечасовае кармленне цялушак і бычкоў новым метадам работнікі атрымоўваюць прыбаўку да зарплаты. Чым карысная новая методыка? Час паказаў, што цяляты, якія з выкарыстаннем сучаснай тэхналогіі атрымалі патрэбную колькасць малозіва (натуральнай крыніцы ўсіх асноўных кампанентаў, якая спрыяе стварэнню, аднаўленню і падтрыманню імуннай сістэмы арганізма жывёлы) становяцца больш дужымі, хутчэй набіраюць вагу, менш хварэюць.
Пасля выступлення кіраўніка гаспадаркі адбылася «хвіліна славы» Галіны Пранько. Госці ўручылі ёй дыпломы і памятныя падарункі. Радасць поспеху гучнымі апладысментамі раздзялілі калегі.
Галіна Іванаўна расказала, што зусім неспадзявана стала пераможцай. Выконвала свае абавязкі, як звычайна, — адказна і з душой. Яна ў жывёлагадоўлі працуе амаль 20 год, ведае ўсе нюансы сваёй нялёгкай прафесіі. У гаспадарку «П-С Карпекі» яна з сям’ёй прыехала ў верасні 2013 года. Вырашылі з мужам, сынам, нявесткай і ўнучкай шукаць у Полацкім раёне лепшай долі. У роднай Шаркоўшчыне яна працавала загадчыцай малочнатаварнай фермы. Мае дыпломы, падзякі за адказную працу.
На новым месцы, на ферме Кауны жанчына адчувае сябе ўпэўнена, тут яе лічаць аўтарытэтным спецыялістам. З кароўкамі прафесіянал сваёй справы размаўляе ласкава, і яны радуюць гаспадыню высокімі надоямі. Напрыклад, рагуля з мянушкай Пчолка дае ў дзень па 40 літраў «белага золата»! За даяркай замацаваны 33 каровы, за мінулы месяц валавы надой склаў 18,7 тоны карыснага прадукту, сярэдні ўдой на карову за месяц — 567 кілаграмаў. Зараз даярка выпойвае чатырох цялят. Яна для іх — галоўная карміцелька на працягу 50-60 дзён, пакуль не набяруць вагу 60 кілаграмаў.
Галіна Іванаўна ганарыцца, што колькі працуе — падзяжу цялят у яе не было ніколі.Штодзень прывычным маршрутам яна з калегамі прыязджае на ферму на трактары. Адзіны мінус у працы — трохразовая дойка. Працоўны дзень разарваны на кавалкі: пачынаецца яшчэ калі цёмна, заканчваецца а палове дзясятай вечара. Але і да такога рэжыму яна ўжо прызвычаілася, тым больш, што вынікі ад такой працы — добрыя.Галіна Іванаўна была ва ўзвышаным настроі. Жанчыне было вельмі прыемна, яна ўдзячная кіраўніку гаспадаркі і прафкаму за тое, што яе сціплую працу заўважылі, а яе саму адзначылі. Урачысты момант упэўніў пераможцу, што ўсё ў сваім жыцці яна робіць правільна. Таму адчула за спінай крылы, якія панясуць яе да новых працоўных поспехаў.