Да стогадовага юбілею «Полацкага весніка» полацкія музейшчыкі падрыхтавалі выдатны падарунак — у Краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Хутка ў нумар», прысвечаная гісторыі нашай газеты. На яе адкрыцці сабраліся розныя пакаленні чытачоў, людзі, якія на працягу многіх гадоў былі і з’яўляюцца пазаштатнымі аўтарамі, паліграфісты, якія прымалі непасрэдны ўдзел у стварэнні аднаго з найстарэйшых друкаваных перыядычных выданняў краіны і, вядома ж, журналісты, якія сёння працягваюць ствараць летапіс жыцця полацкага краю і яго жыхароў. Менавіта яны выступілі ў ролі экспертаў, ацаніўшы прадстаўленую экспазіцыю.
Імправізаваны кабінет галоўнага рэдактара, які быццам перанёсся з далёкіх 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў сённяшні дзень, неад’емныя атрыбуты журналісцкай працы — блакноты, ручкі, дыктафоны і нават галоўны інструмент адказнага сакратара ў мінулыя часы — стракамер… Фотаздымкі, што спыніш імгненні рэдакцыйнага жыцця… Здавалася, вось-вось запаліцца святло ў старым свяцільніку на рэдактарскім стале, і пачнецца чарговая планёрка. Але журналісты, прадстаўнікі выдання-юбіляра, на гэтай імпрэзе былі ганаровымі гасцямі.
Вядомы краязнаўца Віктар Раманавіч Карасёў побач з полацкай газетай ідзе не адзін дзясятак гадоў. Ён павіншаваў прысутных са знакавай юбілейнай датай, пажадаў далейшых поспехаў рэдакцыі, адзначыўшы працаздольнасць і таварыскасць супрацоўнікаў і заўважыў: «Мае асноўныя матэрыялы прайшлі праз полацкую газету. Дзякуючы ёй, землякі даведаліся пра цікавыя гістарычныя факты. Гэтае выданне — пра палачан і для палачан». Прадстаўнікі маладзейшага пакалення чытачоў газеты, вучні полацкіх школ, з задавальненнем адказвалі на пытанні імправізаваных віктарын, падрыхтаваных калектывам музея, дарэчы, дэманструючы выдатнае веданне журналісцкіх і паліграфічных тэрмінаў.Газеце-юбіляру прысутныя жадалі новых дасягненняў, творчых планаў і поспехаў, чытацкай любові. «Няхай стогадовы юбілей стане не толькі момантам гонару, але і адпраўной кропкай для чарговых цікавых праектаў», — гучалі шчырыя пажаданні.
Былая супрацоўніца полацкай друкарні Валянціна Віктараўна Міхнёнак, якая доўгі час была метранпажам, непасрэдна рыхтуючы газету да друку, распавяла, які шлях праходзіла яна да таго, як трапіць у рукі чытача. «Прызнаюся шчыра: нялёгкая была праца, але вельмі захапляючая. Мы з газетай ішлі побач доўгія гады. Я абрала прафесію паліграфіста аднойчы і на ўсё жыццё, і ні разу аб гэтым не пашкадавала», — заўважыла яна.
Загадчыца музея Ірына Воднева, адкрываючы мерапрыемства, адзначыла: «Ва ўсе часы полацкая газета была і застаецца любімай, цікавай, непаўторнай». Яна прадставіла прысутным сённяшніх супрацоўнікаў «Полацкага весніка», якія прыйшлі на адкрыццё выставы. А потым распавяла пра некаторыя цікавыя факты і знакавыя вехі са стогадовай біяграфіі выдання-юбіляра.