Сельгаспрадпрыемства «Кушлікі» штогод да ўдзелу ва ўборачных кампаніях прыцягвае моладзь. Дырэктар гаспадаркі Фёдар Завацкі вядзе сваю кадравую палітыку: аказвае садзейнічанне мясцовым сялянскім хлопцам у набыцці сельскагаспадарчых прафесій, каб не застацца без працоўных рук. Вядома, пакаленне вопытных механізатараў — не вечнае, ім на змену павінны прыйсці маладыя працаўнікі, якія будуць ганарыцца працай хлебароба, сваім укладам у развіццё роднай гаспадаркі, Полацкага раёна і цалкам — Рэспублікі Беларусь.
Як расказала намеснік дырэктара гаспадаркі Аліна Завацкая, касцяк камбайнераў, якія штогод занятыя на жніве ў Кушліках, сфарміраваны некалькі гадоў таму. Працавітыя мужчыны ў былыя гады станавіліся тысячнікамі, удзельнічалі ў абласных кірмашах працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Імёны камбайнераў Пятра Навуміка, Аляксандра Каросціка, Дзмітрыя Харушэўскага і вадзіцеляў Мікалая Скарадзёнка, Алеся Хайдарава, Алега Ганчарка ўпісаны залатымі літарамі і ў гісторыю сёлетняй жатвы. Да кагорты вядомых працаўнікоў сёлета далучыўся моладзевы экіпаж камбайнераў у складзе двух Іванаў — Каханоўскага і Панчанкі.
Прывітаць моладзь на жніве ў поле, ва ўрочышча Засвяцце прыехала другі сакратар Полацкага райкама ГА «Беларускі рэспубліканскі Саюз моладзі» Яна Лапановіч. Госця зазначыла, што ўсе моладзевыя экіпажы камбайнераў Віцебскай вобласці знаходзяцца ў полі зроку кіраўніцтва моладзевых арганізацый. Паміж імі арганізавана працоўнае спаборніцтва, па выніках якога пераможцы будуць узнагароджаны каштоўнымі падарункамі.
— Пакуль усе тры нашых экіпажы, якія працуюць у Полацкім раёне, набліжаюцца да лічбы 500 кілаграмаў намалоту збожжа. Усе працуюць у адным тэмпе, яўных лідараў пакуль няма, — адзначыла Яна Валянцінаўна.
Яна прывезла маладым кушлікоўцам яркія наклейкі на шкло кабіны камбайна «Моладзевы экіпаж» і «Будучыню будаваць маладым!». І таксама прапанавала зрабіць некалькі фотаздымкаў для размяшчэння іх на сайце ў сеціве Інтэрнэт са сцягамі г.Полацка і моладзевай арганізацыі.
Такой увагі да сябе маладыя камбайнеры не чакалі і нават спачатку крыху збянтэжыліся. Але потым згадзіліся стаць удзельнікамі спаборніцтва і нават задумаліся: як бы выйсці ў лідары жніва-2018?
Хлопцы крыху распавялі пра сябе. 26-гадовы Іван Каханоўскі працягвае дынастыю механізатараў. Яго маці — настаўніца, а бацька — працаўнік з вялікай літары. Хлопец упэўнены, што поспехі на жніве залежаць ад майстэрства камбайнераў, стану падрыхтоўкі тэхнікі да ўборачнай пары, а таксама ад надвор’я і ураджайнасці зерневых культур.
24-гадовы Іван Панчанка — родам з тутэйшых мясцін, жыве ў вёсцы Галякова. Яго бацькі працуюць у сельгаспрадпрыемстве «Кушлікі»: бацька — слесарам, маці — вартаўніком. Івану ёсць на каго раўняцца: старэйшы брат Юрый штогод паспяхова працуе на жніве памочнікам камбайнера побач з вопытным Аляксандрам Каросцікам. Іх экіпаж два гады таму станавіўся пераможцам не толькі раённага спаборніцтва, але і абласнога. Сам Іван пакуль працуе ў паляводстве, на камбайн сеў не ўпершыню. Але вось разам з Іванам Каханоўскім яны працуюць на ўборцы хлеба першы сезон.
У кожнага з маладых хлопцаў ёсць пэўны працоўны вопыт, яны прыслухоўваюцца адзін да аднаго, зладжана працуюць — і вынік ёсць.
— Можна мы ўжо будзем працаваць? — асцярожна спыталі хлопцы і паглядалі ў бок свайго камбайна. Ім не хацелася губляць каштоўныя працоўныя хвіліны.