Цыкл турыстычна-пазнавальных праграм Полацкага РЦК накіраваны на развіццё ўнутранага турызму.

Культура

На працягу многіх гадоў Полацкі раённы Цэнтр культуры назапашваў багаты практычны вопыт па адраджэнні і захаванні нацыянальнай культуры і народных традыцый Полаччыны.

Сёлета Полацкі РЦК распачаў рэалізацыю цыкла тэматычных турыстычна-пазнавальных праграм «Культура і звычаі роднага краю». Пакуль у яго ўваходзяць тры напрамкі: фольквандроўкі «Сувязь часоў» на базе Багатырскага СДК, этнаграфічныя экскурсы «Тут кожны крок — гісторыі часцінка» (Сільніцкі СДК), экскурсійна-забаўляльныя вандроўкі «Мядовыя вытокі палатоўскага краю» ў «Мядовай гасцёўні» (Палатоўскі СДК).

Кожная з названых устаноў запрашае да сябе гасцей, шчыра вітае і дзеліцца найцікавейшымі фальклорнымі, этнаграфічнымі, культурнымі, кулінарнымі здабыткамі. Майстар-класы па побытавых танцах сваёй мясцовасці, традыцыі і абрады, унікальныя спевы «ў пера­хлёст», унесеныя ў дзяржаўны спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Рэспуб­лікі Беларусь, дэгустацыя аўтэнтычных страў, прагляд этнаграфічных экспазіцый — культ­работнікам клубных устаноў культуры Полаччыны ёсць чым здзівіць дапытлівых турыстаў. Мясцовыя фальклорныя калектывы «Галасы спадчыны», «Блізнянка», «Палатоўскія весялушкі» прыма­юць самы актыўны ўдзел у такіх праграмах. У сваю чаргу, гледачы не з’яўляюцца пасіўнымі наведвальнікамі, а з цікавасцю прымаюць удзел у яскравых дзеяннях.

На працягу 2021 года зроб­лена шмат чаго для рэалізацыі дадзенага цыкла. Полацкі РЦК узаемадзейнічае з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Полацкага раёна, Полацкай раённай арганізацыяй ГА «Беларускі саюз жанчын», ветэранскімі пярвічкамі раёна і іншымі калектывамі, прадстаўнікі якіх ужо змаглі аца­ніць культурныя маршруты ў в.Багатырская, аг. Блізніца і Па­лата. Спецыяліс­тамі Полацкага РЦК распрацаваны турыстычны даведнік па ўнікальных абрадах Полаччыны «Сувязь часоў» з мэтай папулярызацыі сваёй работы ў турыстычным напрамку, зняты прэзентацыйныя відэаролікі.

…Выніковае мерапрыемства цыкла 2021 года адбылося ў Палатоўскім СДК. Культработнікі падзяліліся адзін з адным практычным вопытам арганізацыі мерапрыемстваў для турыс­тычных груп, паднялі праблемныя пытанні, падзякавалі самым актыўным удзельнікам цыкла. Але гэта не азначае, што работа ў дадзеным накірунку завершана. У наступным годзе плануецца працягнуць дзейнасць па развіцці турыстычнага напрамку, будуць распрацаваны новыя маршруты з удзелам больш шырокай аўдыторыі.