Візіт у Полацк Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч, які адбыўся ў аўторак, стаў вельмі плённым. Яна правяла «прамую лінію» з палачанамі, прыём па асабістых пытаннях, а таксама — пасяджэнне рабочай групы па падрыхтоўцы да маючага адбыцца ў верасні Дня беларускага пісьменства.
Падчас «прамой лініі» паступіла пяць званкоў і шасцёра палачан выкарысталі магчымасць звярнуцца да Міністра асабіста. З іх толькі адно пытанне датычылася праблемы адукацыі і два — тэрмінаў падачы інфармацыі і праўдзівасці звестак у інтэрнэт-СМІ.
Усе астатнія грамадзяне выказвалі заклапочанасць пытаннямі добраўпарадкавання Полацка, а таксама ўносілі прапановы наконт таго, як зрабіць рэспубліканскае свята, сталіцай якога стане наш горад, яскравым і запамінальным.Распачынаючы дыялог з палачанамі, Лілія Ананіч заўважыла: «Вельмі добра, калі ёсць пытанні — на іх знаходзяцца і адказы.
Галоўнае — быць на сувязі з людзьмі. На тое і ўлада, каб быць з людзьмі, чуць людзей і прымаць адпаведныя рашэнні».Неабыякавыя жыхары Полацка тэлефанавалі, выказваючы занепакоенасць станам былога Дома афіцэраў, лёсам комплексу будынкаў на Верхнім замку, рамонта маста праз Заходнюю Дзвіну і распачатай будоўлі побач з бальніцай у Кстах, якая ўжо каторы год не зрушваецца з месца.
Паступіла і прапанова ўстанавіць светладыёдны экран на плошчы Свабоды, які дадаў бы праводзімым мерапрыемствам яркіх колераў і зрабіў воблік горада больш прывабным. Міністр інфармацыі выказала ўдзячнасць усім, хто неабыякавы да роднага горада, і захапленне імкненнем палачан зрабіць яго больш утульным і прыгожым.
На асабістым прыёме палачане звярнуліся да Міністра, у прыватнасці, з просьбай параіць, як абараніць калектыў ад ілжывай інфармацыі, якую час ад часу размяшчаюць інтэрнэт-рэсурсы, аб падтрымцы падлеткаў, якія робяць першыя крокі да прафесіі журналіста, аб садзейнічанні ў правядзенні фэсту сярэднявечнай культуры «Рубон» і па іншых пытаннях.
Падводзячы вынікі дыялогу, Лілія Станіславаўна адзначыла: «Вельмі прыемныя ўражанні. Кожны зварот да Міністра інфармацыі — гэта праяўленне нераўнадушнасці, жаданне зрабіць свой горад яшчэ лепшым.
І гэта невыпадкова. Полацк — наша святыня, калыска беларускай дзяржаўнасці. Ён заслугоўвае самай пільнай увагі». Яна падрабязна адказала на зададзеныя пытанні і дала кожнаму з суразмоўцаў слушныя парады. Праблемы, якія патрабуюць больш глыбокага вывучэння, узяты на кантроль.У пасяджэнні рабочай групы па правядзенні Дня беларускага пісьменства, якое правяла Лілія Ананіч, прынялі ўдзел старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, яго намеснікі, а таксама кіраўнікі ўстаноў і аддзелаў, якія непасрэдна адказваюць за падрыхтоўку святочных мерапрыемстваў.
Прысутнічалі таксама галоўны рэжысёр свята Ніна Осіпава, генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр Вашкевіч, начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава і іншыя адказныя асобы.Падрыхтоўка да святкавання Дня беларускага пісьменства распачалася ўжо ў мінулым годзе, таму кожны, хто браў слова, гаварыў пра пэўныя вынікі і напрацоўкі. Лілія Ананіч заўважыла, што ўлічваючы яго статус, увага маючым адбыцца мерапрыемствам надаецца на самым высокім узроўні.
Так, гаворка аб ім вялася на прайшоўшым пасяджэнні Савета Рэспублікі Нацыянальна сходу Рэспублікі Беларусь. «Гэта свята нашай дзяржаўнасці, падчас якога мы звернемся да сваіх вытокаў, яшчэ раз з гонарам усвядомім сябе як нацыю. У Полацку яно стане асаблівым — горад будзе таксама святкаваць сваё 1155-годдзе і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Безумоўна, усё гэта ўплятаецца ў кантэкст развіцця не толькі Полаччыны, але і ўсёй беларускай дзяржаўнасці».
Менавіта таму адбудзецца вельмі шмат мерапрыемстваў. Так, будзе адкрыты памятны знак «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці». У гэтым годзе ўпершыню пройдзе, ужо ў статусе рэспубліканскім, конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка». Дзеці з усёй краіны прыедуць у Полацк чытаць творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Чакаецца вельмі шмат гасцей, у іх ліку — дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў, прадстаўнікі дыпламатычных місій, літаратары з розных краін. Выклікае вялікую цікавасць Міжнародны круглы стол «Сугучча».
У Полацку, дзе сама атмасфера прасякнута гісторыяй, традыцыямі, культурай, можна паказаць усё вельмі пераканаўча і яскрава. Асвятляць святочныя падзеі будуць больш за 100 журналістаў.Падчас пасяджэння рабочай групы разглядаліся як мерапрыемствы па добраўпарадкаванні, так і культурная праграма свята. Усяго ў горадзе плануецца адрамантаваць больш за 250 аб’ектаў, у тым ліку вуліцы і дваравыя тэрыторыі, фасады будынкаў. Вызначаны аб’ём фінансавання. Будзе праведзена рэканструкцыя плошчы Францыска Скарыны.
Асноўныя аб’екты плануецца завяршыць да 1 жніўня.Культурныя мерапрыемствы будуць праходзіць на шматлікіх пляцоўках, у тым ліку ва ўстановах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Мастакі, літаратары, музыканты ўнясуць творчы ўклад у атмасферу свята. Таксама пройдзе маладзёжны форум «Скарынаўскія дні ў Полацку». Тэматычныя пляцоўкі разгорнуцца ля сцен Сафійскага сабора, помніка Сімяону Полацкаму, памятных знакаў «Ў» і «Геаграфічны цэнтр Еўропы».
У рамках адкрыцця глядзельнай залы Гарадскога Палаца культуры адбудзецца прэм’ера спектакля «Легенда пра князя Ўсяслава», якую рыхтуе Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр «Пілігрым».Адной з разынак свята стане фестываль сярэднявечнай культуры «Рубон», які будзе ладзіцца ў парку ля Кургана Бессмяротнасці. Дарэчы, плануецца на час яго правядзення злучыць берагі Заходняй Дзвіны пантонным мастом. Перад удзельнікамі і гасцямі свята паўстануць сярэднявечная гарадская плошча, рамесныя рады, паходныя лагеры ваяроў розных эпох.
Будзе працаваць і кулінарная пляцоўка. Асаблівы настрой створыць музыка сярэднявечча, плануецца ўдзел выканаўцаў таксама з Літвы і Латвіі.Акрамя таго, у ліку мерапрыемстваў — спартыўнае свята на Заходняй Дзвіне, маладзёжны праект «Мы — у тэме» і іншыя. Бібліятэчныя ўстановы разгорнуць літаратурныя пляцоўкі, зладзяць выставы, правядуць квэсты і прэзентацыі, прычым не толькі ў цэнтры, але і ў мікрараёнах горада.На алеі па праспекце Францыска Скарыны — ад плошчы Свабоды да плошчы Францыска Скарыны — разгорне свае рады традыцыйны «Горад майстроў». Удзельнікаў і гасцей свята запросяць сем падворкаў, на якіх можна будзе не толькі палюбавацца творамі народных умельцаў, але і прыняць удзел у майстар-класах.
Цэнтральнай пляцоўкай Дня беларускага пісьменства стане Фестываль кнігі і прэсы. У яго рамках плануецца правесці выставу СМІ Віцебшчыны. Таксама плануецца, што асобная пляцоўка будзе прадастаўлена 100-гадоваму юбіляру — нашай газеце «Полацкі веснік».Маладзёжная сталіца краіны таксама прапануе шмат цікавага. Да прыкладу, конкурс маладзёжнага кіно «Я чытаю кнігу», маладзёжны флэшмоб, а ў гульні-квэсце «Прыгоды іншаземцаў у Маладзёжнай сталіцы» прыме ўдзел і моладзь з гарадоў-пабрацімаў.
Таксама будуць выпушчаны марка і канверт, спецгашэнне якіх адбудзецца падчас святочных мерапрыемстваў. Рыхтуецца і конкурс беларускай нацыянальнай кухні.Удзельнікі рабочай групы пасля пасяджэння наведалі аб’екты і месцы, дзе ў верасні размесцяцца галоўныя пляцоўкі свята. Іх стан прааналізаваны, дадзены адпаведныя даручэнні.Падводзячы вынік, Лілія Ананіч зазначыла: «Дзень беларускага пісьменства — гэта нацыянальны праект, галоўнае свята нашай беларускай дзяржаўнасці. Усё, што звязана з кнігай, словам, гістарычнай спадчынай, сёння набывае асабліва глыбокі сэнс. Свята ў Полацку абяцае стаць самым яскравым».