Час, жыццё… Тэатр! У Полацку адбыўся III фестываль пластычных спектакляў «УMOЎNO»

Культура

На сцэнічных пляцоўках ЦК «Полацк» і Полацкага гарадскога Палаца культуры акцёры аматарскіх і прафесіянальных калектываў з Беларусі і Расіі прадставілі 12 спектакляў, якія падарылі гледачам шырокі спектр эмоцый.

Перформанс «Дыхаць»

Ад авангарда да эксперымента

У межах «УMOЎNO» было прадстаўлена некалькі спектакляў у авангардным стылі.
— Сталіца прыдзвінскага краю — калыска авангарда беларускай культуры. Наш тэатр прысвяціў сваю творчасць гэтаму накірунку, — дзеліцца рэжысёр тэатра «Кола» (г.Віцебск) Влада Цвікі.

Гледачы змаглі пранікнуцца тэмай сэнсу жыцця ў перформансе «Дыхаць». У спектаклі «Васілій Кандзінскі. Без косак» удзельнікамі тэатра Дакумента Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва прадстаўлена вольная інтэрпрэтацыя творчай спадчыны рускага мастака ў стылі абстракцыянізму. Рэжысёр Ганна Суліма прызнаецца: «Яго творчасць блізкая для мяне. Мы ўзнялі шмат тэм, але каханне — найважнейшая».

Эксперыментальны тэатр — незвычайна цікавая, але зусім няпростая тэма, у якой складана самастойна разабрацца. Але айчынныя тэатры яскрава данеслі сэнс рэжысёрскіх задумак. Пастаноўкі «Я хачу лятаць», «Чытаем Чэхава», «Каралева прыгажосці», «Што здарылася ў заапарку» — таму пацвярджэнне.

«Я хачу лятаць»
«Што здарылася ў заапарку»

Парадаваў прыхільнікаў тэатральнага мастацтва заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны тэатр «Пілігрым» (рэжысёр Вера Кісялёва) спектаклем у жанры абсурду «Навучы мяне лятаць». Мова жэстаў, сімвалаў, эмоцый прымусіла гледача думаць і перажываць… Аб адзіноце ў сучасным свеце, пошуках сябе і сіле кахання, якое робіць чалавека па-сапраўднаму шчаслівым.

«Навучы мяне лятаць»
«Навучы мяне лятаць»
Арганізатары фестывалю: 
Полацкі райвыканкам, аддзел культуры Полацкага райвыканкама, Полацкі гарадскі Палац культуры і народны тэатр гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз».
У назву «УMOЎNO» арганізатары ўмясцілі адразу некалькі сэнсаў. У аснове — слова mono (ад старажытнагрэчаскага «адзін»): адзін акцёр на ўласным прыкладзе дэманструе мастацтва перадачы эмоцый, змены настрою, паказвае эвалюцыю вобраза героя. З іншага боку, літара «ў» з'яўляецца ўнікальнай, адлюстроўвае адметнасць нашай мовы — яе можна лічыць сімвалам выключнасці беларускай культуры. І вядома, кажучы аб тэатры, нельга не разумець вызначаную ўмоўнасць дзеі на сцэне.
   

Пластыка руху

Адметная рыса сёлетняга фестывалю — паказ пластычных і драматычных спектакляў.

Шмат прыхільнікаў сабраў пластычны спектакль «Простыя рэчы» заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі Цэнтра культуры «Віцебск» (рэжысёр Дар’я Юрчанка). У некалькіх тэатральных гісторыях танцоры, апавядальнікі Міхась Асанаў і Аляксей Анісеня паказалі разнастайныя бакі жыцця кожнага з нас.

«Простыя рэчы»

Акунуцца ў гісторыю Вялікага княства Літоўскага дазволіў пластычны спектакль «Полацкага зьвяза» «Радзівіл» (рэжысёр Яўгенія Кавалёва). У аснове — гісторыя Барбары Радзівіл і польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста.

«Радзівіл»

Прафесіяналы

Прынялі ўдзел у фестывалі «УMOЎNO» не толькі аматарскія, але і прафесіянальныя калектывы. У іх ліку Беларускі тэатр «Лялька» і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Апошні прадставіў спектакль «Вытанчаны падман» па п’есе Мікалая Гогаля «Гульцы». Паставіў сатырычную гісторыю рэжысёр Андрэй Жыгур. Спектакль атрымаўся стыльным і дынамічным.

«Вытанчаны падман»

Дух Іспаніі

«Дом Бернарды Альбы»

Сярод рызынак фестывалю — спектакль акцёрскай майстэрні Я.Р.Ганеліна (г.Санкт-Пецярбург) «Дом Бернарды Альбы» ў пастаноўцы Маргарыты Бычковай, заслужанай артысткі Расійскай Федэрацыі. Неўміручая класіка Федэрыка Гарсія Лоркі зайграла ў новых колерах. Пранізлівая драма іспанскага паэта — гэта гісторыя пра сям’ю, свабоду і адзіноту. Прыгнечанае пачуццё кахання, па думцы аўтара, усё роўна прарываецца праз нейкі час вонку, але ўжо замест шчасця нясе згубу.

«Дом Бернарды Альбы»

Экспертная адзнака

У межах фестывалю важна было не толькі сустрэцца с калегамі і аднадумцамі, але і пачуць меркаванні прафесіянальных экспертаў. Для абмеркавання спектак­ляў арганізатары фэсту запрасілі ў Полацк Наталлю Мотлах, дацэнта кафедры сцэнічнага маўлення, вакалу і пластычных дысцып­лін Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Аляксея Лаберка, рэжысёра Гомельскага тэатра лялек, магістра мастацтва­знаўства, драматурга, Сяргея Маркава, вядучага праграмы «Вячэрні Віцебск» тэлерадыёкампаніі «Віцебск».

Тэлемост Полацк (Беларусь) — Муданьцзян (Кітай)

Акрамя таго, у рамках «УMOЎNO» ўпершыню адбыўся тэлемост Полацк (Беларусь) — Муданьцзян (Кітай) з удзелам прадстаўнікоў органаў кіравання двух гарадоў, удзельнікаў і гасцей фестывалю. Размова ішла пра культурнае супрацоўніцтва з сябрамі і партнёрамі з кітайскага горада-пабраціма. Падчас сустрэчы ў анлайн-фармаце адбыўся прагляд урыўкаў са спектакляў на гістарычную тэму калектываў з Полацка і Муданьцзяна. Вопытныя эксперты правялі глыбокі аналіз пастановак. Таксама ўдзельнікі тэлемаста абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў сферы культуры на 2023 год і выказалі спадзяванні, што у Полацку з’явіцца прафесіянальны тэатр.

КАМЕНТАРЫЙ
Святлана Валюшкіна, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама:
 — Усё ў нашым жыцці ўмоўна… Чытаючы Чэхава, гледзячы на працы Кандзінскага, разумееш, што самыя рэальныя рэчы — простыя. Любоў блізкіх, спакойны подых матулі, дапамога, клопат — галоўныя каштоўнасці, якія трэба захоўваць. Тэатральныя пастаноўкі і даюць нам урокі філасофіі, дабрыні, справядлівасці.
Маргарыта Бычкова, заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі, рэжысёр пастаноўкі «Дом Бернарды Альбы»:
 — Зала дыхала разам з намі, было вельмі прыемна. А калі гледачы стоячы дораць нам апладысменты, захоплівае дух. Хацелася б яшчэ прыехаць у гасцінную Беларусь, прыгожы Полацк.

Фота Надзеі КАЛУЖОНАК.