Чарговая рабочая нарада адбылася на базе будаўнічай пляцоўкі малочна-таварнага комплексу ў в.Галякова (ААТ «Кушлікі»).
Гэта адзін з праектаў у Полацкім раёне, які рэалізуецца згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.12.2022 № 442 «Аб будаўніцтве (рэканструкцыі) малочна-таварных комплексаў». Увага да аб’екта высокая. Штотыдзень тут праходзяць выязныя нарады.
Удзел у працы чарговага штаба прыняў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў заказчыка і генеральнага падрадчыка (на фота). Пра ход работ далажыў гендырэктар ДП «Шумілінскае ПМК-70» Аляксей Крыўко: «У цяперашні час ідуць узвядзенне цагляных сцен перагародак, абліцоўванне пліткай сцен, заліванне падлог у памяшканнях даільна-малочнага блока. Будынак першага кароўніка практычна гатовы для ўстаноўкі абсталявання. У другім — завяршаецца падрыхтоўка для ўсталявання падлогі. Паралельна будуюцца сянажна-сіласныя траншэі. Вялікі аб’ём яшчэ трэба будзе выканаць па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі».
Кіраўнік Полацкага раёна звярнуў увагу на адставанне ад графіка. «Неабходна яшчэ дадаць людзей — 50 чалавек недастаткова. Важна больш актыўна працаваць па дастаўцы будаўнічых матэрыялаў. Павінны быць адказнае стаўленне кожнага работніка, дысцыпліна і кантроль. Гэта наш агульны аб’ект, мы ўсе зацікаўленыя, каб ён быў уведзены ў эксплуатацыю своечасова», — падкрэсліў Ігар Марковіч.
Сучасны малочна-таварны комплекс разлічаны на 600 галоў дойнага статку. Умовы для ўтрымання жывёл прадугледжаны максімальна камфортныя: даільна-малочны блок, два кароўніка для дойнага статка з беспрывязным утрыманнем, падстрэшша для прафілакторыя для цялят, пляцоўкі для выгулу жывёл, траншэі.
На новым аб’екце будуць створаны і камфортныя ўмовы для работнікаў. Галоўная мэта — істотна павысіць эфектыўнасць вытворчасці прадукцыі, палепшыць умовы працы.