Чарада святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню нараджэння Полацка, завяршылася Днём памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай (+ фота)

Главное

Урачыстым святам — Днём памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай — завяршылася чарада святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню нараджэння старадаўняга Полацка.

Дзень памяці святой апякункі Беларусі ў Полацку чакаюць, шануюць, святкуюць і берагуць. Здаецца, што раніца ў гэты чэрвеньскі дзень бывае як ніколі ясная, паветра — ласкавае, птушкі спяваюць больш гучна і выразна, а блакіт неба (вы бачылі?) незвычайнай прыгажосці! Душа просіць у гэты дзень малітвы. У думках мы звяртаемся да Еўфрасінні Полацкай па блаславенне, за ўмацаваннем нас у веры, надзеі, молімся аб дапамозе на нашым Евангельскім шляху ў Царства нябеснае…

У адзіным памкненні праславіць нашу славутую зямлячку, ушанаваць яе памяць учора ўпершыню аб’ядналіся ўдзельнікі шасці ўрачыстых царкоўных шэсцяў. Пад калакольны звон яны рухаліся ад Сафійскага сабора, Кафедральнага сабора Богаяўлення, ад цэркваў Пакрава Прасвятой Багародзіцы, Ражства Прасвятой Багародзіцы, абраза Божай Маці «Нечаянная радость» і будучай царквы Велікамучаніка і лекара Панцеляймона. У розных месцах горада шэсці аб’ядналіся ў адзін агульны Хрэсны ход, шлях якога пралягаў ад Сафійскага сабора да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Удзельнікаў Хрэснага ходу віталі шматлікія палачане. Навучэнцы ліцэяў і каледжаў стварылі «жывы калідор» на працягу ўсяго маршруту, па якім рухаліся праваслаўныя вернікі. Свяшчэннаслужыцелі акраплялі моладзь святой вадой, і юнакі і дзяўчаты шчыра радаваліся гэтаму, іх твары асвятлялі шчаслівыя ўсмешкі. Такім незвычайным чынам моладзь адчула сваё дачыненне да вялікага праваслаўнага свята.

Хрэсны ход спыняўся для ўскладання кветак ля помнікаў Еўфрасінні Полацкай і Мікалаю Цудатворцу. Кіраўніцтва Полацка, прадстаўнікоў улады Віцебскай вобласці і вернікаў сустракалі ўдзельнікі музычнага прынашэння «Хоровые гласы и светозарные звоны во имя святой Евфросинии Полоцкой».

…Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр сустрэў Хрэсны ход водарам аеру, півоні і язміну. Гэтымі раслінамі і букецікамі палявых красак дарагім гасцям выслалі дарогу насельніцы абіцелі.

Удзельнікаў Хрэснага ходу і шматлікіх вернікаў, якія прыйшлі апоўдні ў святое месца старадаўняга горада, шчыра вітаў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, які ўпершыню наведаў наш горад. Ён адзначыў, што гэтымі днямі праваслаўная царква працягвае адзначаць вялікае свята — Узнясенне Гасподне. «Словы Хрыста Збавіцеля «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку!», сказаныя ім перад развітаннем з апосталамі, — вельмі праўдзівыя. Хрыстос з намі і зараз, калі мы з асаблівым настроем ушаноўваем памяць адной з вялікіх падзвіжніц набожнасці — прападобнай Еўфрасінні Полацкай», — адзначыў Экзарх. Ён шчыра павіншаваў з нагоды ўрачыстай падзеі ўсіх, хто ўславіў гэты дзень.

Высокае духавенства і шматлікіх гасцей абіцелі вітаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. Ён расказаў пра вялікае значэнне праваслаўя, якое аб’яднала славянскія народы, і выказаў вялікую павагу да нябеснай заступніцы, вялікай асветніцы Еўфрасінні Полацкай. Цёпла, па-святочнаму звярнуўся да гасцей Полацка і сваіх землякоў старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук: «Палачане з пакалення ў пакаленне перадаюць памяць пра славутую Еўфрасінню Полацкую. Папросім у яе блаславення. Няхай Гасподзь беражэ ўсіх вас, вашы сем’і і наш родны горад!».

Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадо­сій запрасіў усіх прыйшоўшых у манастыр праспяваць і прачытаць разам «Акафіст прападобнай Еўфрасінні Полацкай», а потым па традыцыі прыкласціся да ракі з мошчамі святой. І папрасіць праз яе малітву (напэўна, учора святая заступніца малілася за нас перад прастолам Божым), каб Гасподзь блаславіў нашу родную полацкую зямлю, даў здароўя і ўмудрыў нас на няпростым жыццёвым шляху.

Аліна БАЛЬШАКОВА.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА і Марыі ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *