Большасць гаспадарак Полацкага раёна пачалі сяўбу яравых культур. Першымі выехалі ў поле сеялкі гаспадарак «Кушлікі», «Гараны-Агра» і «Захарнічы», пазней уключыліся ў працу хлебаробы з сельгаспрадпрыемстваў «П-С Карпекі», «Э/б «Ветрынская», «Полацк-Мілк», «Аграсервіс», філіяла «Вясна-энерга».

Пачалі сёлетнюю сяўбу з аўсу, гароху, аднагадовых і шматгадовых траў. Усяго належыць засеяць зерневымі і зернебабовымі культурамі 4548 га. На ўчарашнюю раніцу план выкананы на 12,3%. Лідзіруюць у працы УП «Гараны-Агра» з засеянай плошчай 156 га і ААТ «Кушлікі», дзе засеяна 102 га. Давядзецца шчыра папрацаваць хлебаробам гаспадарак, дзе пад яравыя зерневыя і зернебабовыя адведзена плошча больш за 500 га: ААТ «Кушлікі», УП «Гараны-Агра», ДП «Астроўшчына», КУП «Захарнічы». Працаўнікі УП «Палімір-агра» і філіяла «Вясна-энерга» пачалі сяўбу з аднагадовых траў.
На палях ідзе праца па падсілкоўванні азотам азімых зерневых, азімых крыжакветных, шматгадовых траў, сенажацяў і пашаў. Падсяваюцца шматгадовыя травы на раллі, вядзецца баранаванне шматгадовых траў, сенажацяў і пашаў. На палі вывозяць і ўносяць арганіку, назапашваюць мінеральныя ўгнаенні пад яравую сяўбу, уносяць калійныя ўгнаенні пад сяўбу і падсілкоўваюць імі шматгадовыя травы.