Беларускі мастак Руслан Вашкевіч прадставіў палачанам два аўтарскія праекты

Культура

У той вечар у Мастацкай галерэі было надзвычай шматлюдна. Па-першае, многія з аматараў мастацтва выра­шылі далучыцца да новага творчага праекта «Познія вечары». А па-другое, нагода для візіту ў галерэю была адмысловая — вядомы беларускі мастак Руслан Вашкевіч прадставіў палачанам адразу два аўтарскіх праекты — «Музей» и «ХЭ».

З творчасцю Руслана Вашкевіча палачане ўпершыню пазнаёміліся ў 2005 годзе, калі ён упершыню зладзіў у нашым горадзе персанальную выставу. З таго часу прайшло дзесяць гадоў. Мастак пабываў з выставамі ў многіх краінах, яго працы захоўваюцца ў найбуйнейшых музеях свету. І вось зноў кастрычнік… і новая сустрэча.

IMG_6709
Звяртаючыся да прысутных, аўтар выставы адзначыў, што палачанам вельмі пашанцавала — у горадзе ёсць цудоўная Мастацкая галерэя, выстаўляцца ў якой лічаць за гонар самыя вядомыя мастакі. «Ладзіць выставы не ў сталіцы для мяне вельмі важна — я тут адчуваю новыя эмоцыі, атрымліваю новую энергію. Гэтая так званая творчая інтэрвенцыя дае штуршок для далейшай творчасці», — прызнаўся ён.
Першы з праектаў прысвечаны класічнаму музею, у якім звычайна прадстаўляецца творчасць сусветна вядомых мастакоў. Ён так і называецца — «Музей». Як зазначае сам Руслан Вашкевіч, ствараючы яго, ён быццам жартаваў, вёў своеасаблівую гульню з вядомымі шэдэўрамі, і гэта ў выніку дало магчымасць аматарам мастацтва ўбачыць іх у незвычайным ракурсе, пераасэнсаваць традыцыйнае ўспрыняцце.
Да прыкладу, рэпрадукцыя знакамітага палатна італьян­скага жывапісца Амедэо Мадыльяні змешчана ў ванну і су­праваджаецца гукамі ліючайся вады… А чаму б і не? Так убачыў яго мастак і вырашыў падзяліцца сваім успрыняццем. А палатно Пабла Пікаса прадстаўлена ў перагорнутым выглядзе.

IMG_6730
Эпатажна? Магчыма. Але такая пазіцыя аўтара заклікае не толькі далучыцца да творчасці класікаў, але і задумацца над неадназначнымі падзеямі ў свеце высокага мастацтва, якія адбываюцца ў наш час.
Другі праект — «ХЭ» — мастак называе «хуліганскім». Прадстаўленыя ў ім творы сам аўтар вызначае як жывапісныя лінейныя іміджы. Гэта так званае жывапіснае караоке, у якім гледачу прапаноўваецца выкарыстоўваць колер на свой густ. Сапраўды, на першы погляд творы падаюцца лёгкімі, жартоўнымі, падобнымі на коміксы. Але на самай справе прадстаўленыя работы, як і сама выстава, маюць даволі глыбокі філасофскі сэнс. Кожнаму з яе наведвальнікаў аўтар прадастаўляе магчымасць расфарбаваць чорна-белыя аркушы на свой густ, такім чынам заклікаючы да інтэрактыву, да сумеснай творчасці.

IMG_6746
Наведвальнікі выставы ўбачаць таксама шмат іншых незвычайных аўтарскіх знаходак. Некаторыя з іх здзівяць, некаторыя — прымусяць усміхнуцца. Калі сумным пахмурным восеньскім вечарам, або днём вам захочацца трапіць у хвалю пазітыву — завітайце ў Мастацкую галерэю. Добры настрой чакае вас менавіта там.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *