Айцец Уладзімір: «Працавітаму заўсёды дапамагае Гасподзь»

Главное

У кастрычніку 2004 года на свята Пакрава Прасвятой Багародзіцы адбылося адкрыццё і асвячэнне адроджанай святыні – храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы г.Полацка. Сёлета мінула роўна дзесяць гадоў з той падзеі, якая аб’яднала літаральна ўсіх палачан: царква будавалася ўсім мірам. Аб гісторыі і сучаснасці полацкай святыні для чытачоў «Полацкага весніка» расказвае настаяцель храма протаіерэй Уладзімір Рацьковіч.

— Айцец Уладзімір, будзе дарэчы ўзгадаць, што за апошнія сто гадоў упершыню ў Полацку практычна з нуля адноўлена праваслаўная царква.

— Лёс храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы сапраўды ўнікальны. Па гістарычных звестках ён быў пабудаваны ў 1781 годзе і першапачаткова лічыўся могілкавай царквой Богаяўленскага манастыра. І ў пэўнай ступені гэта было працягам традыцый старажытнага гарадскога некропаля, які знаходзіўся ў гэтым месцы з часоў Полацкага княства.

Сам жа Богаяўленскі манастыр, старую царкву якога перанеслі на новае месца, з 1780 года пачаў адбудоўвацца практычна нанава. Каля трыццаці гадоў, у сувязі з рознымі гістарычнымі падзеямі, царква Пакрава Прасвятой Багародзіцы была аб’яўлена саборнаю, галоўнай гарадской царквой, якая фактычна выконвала ролю кафедральнага сабора. У далейшым яна перажыве і рамонты, і пажар 1900 года. Канечне, царква перажыве гэты пажар не ў прамым сэнсе: драўляны будынак храма як і яшчэ больш за 100 дамоў палачан зга­раць. Але на гэтым не закончылася гісторыя царквы. І зноў пачынаецца збор сродкаў на аднаўленне святыні. У 1914 годзе храм быў пабудаваны. Але літаральна праз дзесяць гадоў пачнуцца новыя выпрабаванні. Спачатку ён будзе ў 30-х гадах зачынены, а ў 1967 годзе абгарэлыя сцены яго канчаткова разбяруць. І толькі ў 1991 годзе будзе ўзнята пытанне па адраджэнні храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы.

Самым актыўным падзвіжнікам у справе адраджэння царквы на пачатковым яго этапе быў старэйшы клірык епархіі протаіерэй Міхаіл Уляхін. Менавіта ён правёў асвячэнне будучай царквы ў дні святкавання 1000-годдзя Полацкай епархіі ў 1992 годзе.

Але актыўныя работы па аднаўленні святыні пачаліся ў 2003 годзе з блаславення мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія пры актыўным садзейнічанні гарадскіх улад. На наступны год у сярэдзіне кастрычніка адбылося адкрыццё храма.

Падводзячы вынік сказанаму вышэй, адзначу: полацкую святыню можна параўнаць і з птушкай фенікс, якая гарыць і зноў узнікае з попелу, і з Неапалімай купіной, якая гарыць і не згарае. Вера палачан у Бога, у заступніцтва Прасвятой Багародзіцы настолькі магутная, што храм гэты вечны, як і сам наш горад, як вечная надзея людзей на Боскую любоў і міласэрнасць.

— На Ваш погляд, што прынеслі гэтыя дзесяць гадоў у жыццё гараджан?

— У першую чаргу — малітву. Малітва да Бога, да Багародзіцы і святых. І гэта наш галоўны набытак. Усіх. Пад дахам храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы разме­шчаны і яшчэ адзін ніжні храм, які асвечаны ў гонар свяціцеля Георгія Амастрыдскага.

Пры храме працуе сястрыцтва, якое з’яўляецца падраздзяленнем епархіяльнага брацтва святога Мікалая Цудатворца і прападобнай Еўфрасінні Полацкай. На сённяшні дзень у нашым сястрыцтве на службе 14 сясцёр. Яны маюць духаўніка і 69 добраахвотнікаў, якія з’яўляюцца прыхаджанамі храма. Сястрыцтва займаецца духоўнымі клопатамі, дапамагае святарам храма пры здзяйсненні Таінстваў на даму або ў бальніцах, аказвае сацыяльную дапамогу.

Сем сацыяльных устаноў абслугоўваюцца сястрыцтвам прыхода. Гэта Полацкі міжраённы анкалагічны дыспансер, Полацкая абласная псіхіятрычная бальніца, Вароніцкая бальніца сястрынскага догляду, бальніца сястрынскага до­гляду в.Сястронкі, дзіцячы сацыяльны прытулак г.Полацка, хіміка-тэхналагічнага каледжа і ліцэя будаўнікоў, школа-інтэрнат г.п.Опса Браслаўскага раёна.

Пры храме сястрыцтва аказвае пасільную матэрыяльную і фінансавую дапамогу шматдзетным сем’ям, маламаёмным, інвалідам і людзям без пэўнага месца жыхарства. Асаблівая ўвага надаецца навучанню сясцёр справам міласэрнасці і прыцягненню новых добраахвотнікаў.

Ажыццяўляем супрацоўніцтва з дзяржаўнымі арганізацыямі. У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з духавенствам праводзяцца планавыя семінары для сацыяльных работнікаў. Маюцца дамоўленасці па аказанні дапамогі ў аднаўленні дакументаў асобам, якія не маюць пэўнага месца жыхарства.

У навучальных установах імкнемся прыцягнуць навучэнцаў і педагогаў да сацыяльнага служэння прыхода. Гэта сумеснае наведванне сацыяльных аб’ектаў з мэтай правядзення царкоўных святочных мерапрыемстваў, збор рэчаў.

— Цяпер многія, асабліва моладзь, хочуць жыць лёгка, весела, мець усё і адразу…

— Ведаеце, адразу ўспомнілася дзіцячая казка пра лёгкі хлеб. Лёгкага хлеба не бывае. Звярніце ўвагу, хто не надта ўважлівы, як вядуць маці сваіх дзяцей раніцай у дзіцячыя садкі. Дзеці могуць капрызнічаць, яшчэ не надта выспаліся. А яны цярпліва вось так іх нясуць па жыцці. І так з дня ў дзень. Справа ў тым, што толькі праца – сапраўдная, творчая — дае чалавеку магчымасць развівацца, пашыраць светапогляд, дапамагае раскрыць сутнасць жыцця, робіць чалавека творцай. Чаму ў кожным народзе так цэняцца, так шануюцца сапраўдныя майстры. І не надта — важна пастух ты ці мастак, каваль ці цясляр. Сапраўдны майстар – гэта чалавек, які цвёрда стаіць на нагах, ведае ўсяму цану, які не будзе гнуцца туды, куды дзме вецер, якому можна давяраць. Майстар — чалавек надзейны ва ўсіх адносінах. А працавітаму заўсёды дапамагае Гасподзь. Таму што Сам Гасподзь наш Творца. Ён так усё адмыслова стварыў, нават лісточка няма на дрэве аднолькавага, сняжынкі…

А наконт «весела», тут па-рознаму на гэта можна глядзець. Гумар у жыцці — рэч неабходная. А вось калі ёсць спроба абсмяяць усё і ўся – у гэтым карысці нуль, адна шкода для душы. Таму што кожная справа ў чалавека павінна пачынацца з малітвы, з просьбы да Бога, каб ён дапамог, паспрыяў яе пачаць і закончыць. А дзе няўвага – ад такой справы Бог адступіць. Чалавек павінен быць адказным, таму што справядліва кажуць: калі не будзеш будаваць сваё жыццё, для цябе яго пабудуе нехта іншы. Але гэта будзе ўжо зусім іншая песня – не твая.

— Айцец Уладзімір, можна дапусціць такі момант, што інтэрв’ю з Вамі чытае чалавек, які ніколі не быў у храме. Раскажыце, калі ласка, навошта хрысціяніну наведваць царкву?

— Давайце тады пагаворым пра мэту нашага жыцця і сродкі дасягнення гэтай мэты. З адной умовай: чалавек разумее, што яго жыццё не заканчваецца са смерцю. Дарэчы, гэта ведалі яшчэ і нашы продкі-язычнікі, якія вельмі шанавалі спачыўшых родзічаў і былі ўпэўнены, што яны дапамагаюць ім ва ўсіх жыццёвых клопатах. Але гэта было яшчэ да прыняцця нашым народам хрысціянства. Дык вось, калі чалавек ведае, што жыццё — вечнасць, мэта кожнага — дасягнуць Царства Нябеснага, дзе пануе Боская гармонія і прыгажосць. А каб можна было жыць у тым месцы, дзе жыве Гасподзь, трэба быць з Ім, як кажуць, адной крыві. І яшчэ на зямлі прайсці гэтую школу навучання. Узгадаем словы свяціцеля Васіля Вялікага: «Чалавек — гэта жывёла, атрымаўшая загад стаць Богам». Каб стаць Богам, нам і патрэбны сродкі, якія ёсць ў Царкве. Кожны храм — гэта дом Госпада, дзе здзяйсняюцца царкоўныя Таін­ствы. Не будзем забываць пра запаведзі, якія Гасподзь даў чалавеку, пра малітву. У сукупнасці гэта і ёсць сродкі для дасягнення нашай галоўнай мэты. Вось што зна­чыць для хрысціяніна храм, вось чаму так многа храмаў будавалі нашы продкі.

— Наш народ вельмі шануе свята Пакрава Прасвятой Багародзіцы. Да таго ж 14 кастрычніка у нашай краіне адзначаецца і Дзень Маці. Гэта ж не выпадковыя супадзенні?

— Калі ўзгадаць гісторыю свята Пакрава Прасвятой Багародзіцы, то яно ўстаноўлена ў памяць пра падзею, якая адбылася ў Канстанцінопалі ў сярэдзіне Х стагоддзя. Да горада набліжалася шматлікае варожае войска. І ў час набажэнства ў Влахернскім храме, калі ўвесь народ малітоўна прасіў аб Нябеснай дапамозе, святы Андрэй Юро­дзівы і яго вучань Епіфаній нечакана ўбачылі ў паветры над молячыміся Божую Маці, якая сваім амафорам (покрывам) накрыла людзей, абараняючы іх ад ворагаў, бачных і нябачных. У свята Пакрава Прасвятой Багародзіцы мы звяртаемся да Царыцы Нябеснай і просім у яе абароны і дапамогі. Яна Маці, наша заступніца.

І, безумоўна, нездарма ў гэты дзень мы ўзгадваем усіх нашых маці, любоў якіх сагравае нас на працягу ўсяго жыцця. Яны наша дапамога, падтрымка, яны любяць нас такімі, якія мы ёсць, з усімі недахопамі і слабасцямі. Мы заўсёды можам прыйсці ў родны дом, тут нас чакаюць і любяць. І такім родным домам для палачан з’яўляецца храм Пакрава Прасвятой Багародзіцы.

Гутарыла Вольга ГАВЯЙНОВІЧ.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *