Аплікацыі саломкай у Полацку

Главное

Са старажытных часоў прызнавалася выключная роля хлеба ў жыцці чалавека. У хлебе адбіліся працавітасць, дабрабыт, народная фантазія. Чалавек цаніў не толькі хлебны колас, але і салому. Менавіта ў мастацкай апрацоўцы саломкі яскрава выявіліся творчыя магчымасці беларускіх майстроў.

Дэкарыраванне розных рэчаў саламянымі ўзорамі вядома многім народам. Можна меркаваць, што гэты від мастацтва бярэ сваё паходжанне ад інтарсіі — гэта аздабленне мэблі і іншых вырабаў з дрэва ўрэзанымі ці наклеенымі ўзорамі з дробных кавалачкаў дрэва, косці, перламутру ці металу. Імкнучыся ўпрыгожыць свой побыт, беларускія майстры замест каштоўных і рэдкіх матэрыялаў ужывалі танную, даступную, але дастаткова прыгожую саломку, якая давала не горшы мастацкі эфект.

Мастацтва аплікацыі саломкай па дрэве і палатне да нядаўняга часу бытавала пераважна як хатняе рамяство ці проста захапленне, зрэдку вырабляліся рэчы і на продаж. У Беларусі саламянымі ўзорамі ўпрыгожвалі драўляныя куфэркі, сальнічкі, аклады для абразоў, велікодныя яйкі, дзіцячыя цацкі і іншае. У тэхніцы аплікацыі саломкай па палатне выраблялі вялікія насценныя дываны. Простыя па форме і канструкцыі прадметы, арнаментаваныя ўзорамі геаметрычнага ці расліннага характару, набывалі святочную прыгажосць і мастацкую выразнасць.

Аплікацыя саломкай — цікавы і своеасаблівы від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастац­­т­ва. Тэхніка аплікацыі простая: на паверхню тканіны ці паперы наляпляюцца пры дапамозе клею дробныя пласцінкі саломкі, часцей за ўсё геаметрычнай формы.

Займаюцца гэтым відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і навучэнцы Галіны Паўлаўны Віскуп — кіраўніка гуртка аплікацыі саломкай Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур.

Галіна Паўлаўна нарадзілася ва Украіне. Займаючыся ў педагагічным вучылішчы горада Арцёмаўска, яна захапілася саломкай, і праца з гэтым матэрыялам стала справай яе жыцця. Пераехаўшы ў Беларусь, пачала прафесійна займацца саломкай і вучыць гэтаму рамяству не толькі дзяцей, але і дарослых. Галіна Паўлаўна — сябра народнага клуба «Майстар», актыўная ўдзельніца раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў. Яна — лаўрэат абласной выставы «Жывая легенда» (Віцебск 2005г.), удзельніца Рэспубліканскай выставы «Жывыя крыніцы» (Мінск, 2006г.), ІІ Усебеларускага фестывалю народнай творчасці «Беларусь — мая песня».

Творчасць Галіны Паўлаўны займае годнае месца сярод лепшых майстроў аплікацыі саломкай Віцебшчыны. Яна распрацавала і выканала па асабі­стых эскізах пано архітэктурных помнікаў Полацкага раёна і горада Полацка, сюжэтных кампазіцый народных святаў пад агульнай назвай «Гадавое кола святаў беларусаў».

Выхаванцы Галіны Паўлаўны Віскуп былі лаўрэатамі абласнога конкурсу «Ад прашчураў — да зор» (Віцебск, 2006г.).

Працуе майстар і з дзецьмі з Цэнтра сацыяльна-педагагічнай падтрымкі ў вёсцы Фарынава, а таксама праводзіць хатнія заняткі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

З’яўляючыся кіраўніком гурт­ка аплікацыі саломкай, Галіна Паўлаўна вучыць не толькі працаваць з гэтым матэрыялам, але і знаёміць з традыцыйным мастацтвам і культурай роднага краю.

Цудоўны верш прысвяціла гуртку аплікацыі саломкай зямлячка майстра, паэтка Зінаіда Лёціна:

Один из творческих миров
Зовёт к себе дыханьем чистым.
Творенья юных мастеров
Лучатся блеском золотистым.
Здесь в тонких рамках на стене
Журчат ручьи и бьют криницы,
Крестами храмы светят мне,
Влекут цветы, пейзажи, птицы.
Здесь вдохновенья светлый дух
Незримо в воздухе летает.
Сказаньем мастер тешит слух
И души детские питает.
Воспоминанья прошлых лет
Живут в работах из соломки.
И ничего прекрасней нет,
Чем аромат соломы тонкий.

У сваім мастацтве Галіна Паўлаўна абапіраецца на рэгіянальныя традыцыі і творча іх развівае, перадаючы свой вопыт і майстэрства вучням, укладвае ў свае работы душу, талент, уменні, якімі валодае, і шчодра дзеліцца сваімі набыткамі.

Справа, якой займаецца Галіна Паўлаўна Віскуп, дае магчымасць пазнаць культуру и творчасць беларускага народа, яго мінулае і сучаснасць.

Нядаўна Галіна Паўлаўна адзначыла свой 60-гадовы юбілей. Калектыў Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур віншуе Галіну Паўлаўну і жадае натхнення і плёну ў працы, моцнага здароўя і ўдзячных вучняў!

Вольга Сіняўская,
малодшы навуковы супрацоўнік
ДУК «Полацкі раённы цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *