Аператар машыннага даення з філіяла «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» Валянціна Шастакевіч працуе на ферме ўжо 30 год

Заботы сельские

Ёсць людзі, якія, аднойчы выбраўшы справу жыцця, не ўяўляюць для сябе іншай ролі. Менавіта да такіх адносіцца аператар машыннага даення з філіяла «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» Валянціна Шастакевіч.

Наша Валянціна Уладзіміраўна — прыроджа­ная даярка, — з гонарам кажа галоўны заатэхнік Святлана Курс. — Гэтая жанчына не баіцца аніякай працы, спраўляецца з любым заданнем, працуе з цялушкамі, яна — прафесіянал сваёй справы.
Са сваіх 45 год ужо амаль 30 Валянціна Шастакевіч працуе на ферме. Калісьці даяркай у Начы была яе маці, і малая Валя бегала да яе на працу. У сям’і выхоўваліся пяцёра дзяцей, якія рана спазналі сялянскую працу. У школьныя гады Валя навучылася даіць кароў, пасля школы засталася ў вёсцы, пайшла працаваць на ферму. Навучылася абыходзіцца з жывёлай, палюбіла сваіх каровак усім сэрцам. Здаецца, яна ведае пра іх усё, кожную разумее, да кожнай знайшла падыход.
— Я з імі размаўляю, адразу заўважаю, калі карова захварэла, — расказала Валянціна Ула­дзіміраўна.
За ёй замацаваны 77 кароў, многія — пасля трэцяга ацёлу — малочныя. Жанчына ведае прадукцыйнасць кожнай сваёй карміцелькі, клапоціцца, каб
своечасова іх накарміць і падаіць. Нядаўна на іх ферму прывезлі новы камбікорм, Валянціна з калегамі спадзяюцца, што з дапамогай гэтай дабаўкі ў кароў павялічацца надоі. Вынікі працы даярак падво­дзяцца штодзень, кожны ты­дзень на Дні жывёлавода ставяцца задачы на будучы тыдзень. Здзіўляе тое, што ўсе працуюць у роўных умовах, а вынікі працы ва ўсіх
розныя.
— У чым сакрэт Вашых працоўных поспехаў? — задаю пытанне лепшай працаўніцы.
А яна ў адказ жартуе, што з  каровамі трэба сябраваць — тады і надоі будуць. У гэтых жартах ёсць і праўда.
Прыйшоўшы на працу ў 4.30 раніцы, Валянціна не стамляецца завіхацца ля сваіх падапечных. Працу сваю яна любіць, адчувае сябе ўпэўнена. Імкнецца болей зарабіць, таму што хоча дапамагчы дзецям. Усяго ў Валянціны Уладзіміраўны іх трое. Сын і дачка працуюць у ААТ «Полацк-Шкловалакно», меншы сынок вучыцца ў Полацкім ліцэі сельгасвытворчасці. Муж даяркі працуе ў гэтай жа гаспадарцы механізатарам.
Валянціна Шастакевіч шчыра прызналася, што зусім не ўмее сядзець без справы. Яны з мужам — дбайныя гаспадары. У іх доме — чысціня і парадак, праведзены вада і газ, ёсць ацяпленне. Трымаюць на падворку дзве каровы, бычкоў, свіней, кур, гусей. Лішкі малака здаюць дзяржаве. «На такіх працавітых людзях, як вы з мужам, трыма­ецца беларуская вёска, дзякуй вам за гэта!» — на развітанне захацелася падбадзёрыць суразмоўцу. А сціплую жанчыну гэтыя словы ўсхвалявалі, нават збянтэжылі.
«Хто дбае — той і мае» — ёсць такая ў народзе прымаўка. Яна — пра нашу гераіню.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *