Аператар машыннага даення гаспадаркі Полацкага раёна стала другой у абласным спаборніцтве па вытворчасці малака

Главное Заботы сельские

Калектыў малочнатаварнай фермы «Арцюхі» філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», які ўзначальвае вопытная, дальнабачная загадчыца Зоя Даражынская, не першы раз па працоўных паказчыках выходзіць у лідары не толькі ў Полацкім раёне, але і ў Віцебскай вобласці. Вось і па выніках працы за снежань працалюбівы калектыў — зноў у перадавіках, заняў ІІ месца ў абласным спаборніцтве.

Высокіх вынікаў у працы жывёлаводы дасягаюць дзякуючы сумленнасці, адказнасці і працавітасці, якія штодзень праяўляюць на працы. Такога, каб адзін працаваў, а іншыя — назіралі, на ферме «Арцюхі» ніколі не бывае. Усе разам, дружна, у адной запрэжцы, кожны дзень імкнуцца да высокіх надояў.
— У нас усе добра працуюць, усе — лепшыя, — з такіх слоў пачалася наша размова з аператарам машыннага даення Таццянай Лапацінай, якая па выніках працы за снежань заняла ІІ месца ў абласным спаборніцтве.
Калегі па працы шчыра яе віншавалі, а старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі ўручыў дыплом і грашовую прэмію.
Таццяна Лапаціна — вопытны працаўнік, у сельскай гаспадарцы ўжо 20 гадоў. Калі пераехала ў Беларусь з Казахстана, уладкавалася ў калгас цялятніцай. Прывыкла да сваіх маленькіх падапечных, прыкіпела душой. Праз 10 год ёй, як лепшай у працы, прапанавалі перайсці даяркай. Спачатку сумавала, прывыкала да новага рэжыму працы, цяжка было. Падтрымку і дапамогу ў той час ёй аказала маці Валянціна Аляксандраўна, якая таксама працавала даяркай. Паступова Таццяна звыклася з новымі абавязкамі, набыла вопыт.

Цяпер у яе ёсць любімыя рагатыя падапечныя з мянушкамі Лада, Нюша, Лялька. Апошнюю ўсе любяць за прыгажосць і за тое, што малочная. А лідарам у яе групе па малаку з’яўляецца Чарнічка, якая за суткі дае 31-32 кілаграмы «белага золата». За Таццянай Пятроўнай замацаваны 35 кароў, з іх дойных — 21. За кожнай з падапечных яна ўважліва назірае. Ведае, каму трэба дабавіць корму, каб надаіць больш малака, сама можа вызначыць, калі карова ў ахвоце, заўсёды дапамагае вет­урачу лячыць хваробы сваіх
любімых рагуль. Рагатыя жывёлы адчуваюць уважлівае стаўленне да сябе і імкнуцца аддзячыць «гаспадыні» высокімі надоямі. Пасля выхаднога дня Таццяна
заўсёды бяжыць на працу, каб хутчэй убачыць сваіх падапечных.
Зараз яна жыве адна ў доме, які гадоў 15 таму атрымала ад гаспадаркі. Дарослыя дзеці працуюць у горадзе. Сын выбраў прафесію будаўніка, дачка — прадаўца. Душу цешыць 5-гадовая ўнучка Палінка, ёй — бабуліны ўвага і любоў. Калі дзяўчынка прыязджае ў госці — яны разам пякуць пірог з яблыкамі. Такая смаката атрымліваецца!
Зімой Таццяна больш вольнага часу вабіць дома, займаецца хатнімі справамі, перапісваецца са сваякамі і сябрамі з Казахстана праз інтэрнэт. Толькі сыдзе снег — пачнуцца веснавыя клопаты. Хутка трэба расаду сеяць. Дарэчы, у мінулым годзе жанчына вырасціла на ўласным гародзе багата таматаў, нават дзялілася ўраджаем з калегамі па працы.
У юнацтве, калі жыла ў Казахстане, Таццяна вывучылася на бухгалтара. Але зараз яна не шкадуе, што звязала свой лёс з іншай прафесіяй. У жывёлагадоўлі яна адчувае сябе прафесіяналам і ганарыцца, што кожны дзень па звыклым маршруце спяшаецца на любімую працу.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *