Аператар машыннага даення ПУП «П-С Карпекі» Ірына Тарасава: «Праца для мяне — як песня»

Главное

Пакуль вёска Карпекі спіць, Ірына Тарасава збіраеццца на працу на ферму Кауны прыватнага ўнітарнага падпрыемства «П-С Карпекі». Аператар машыннага даення са стажам працы болей за 10 год пракручвае ў галаве дзень, які пачынаецца. Твар прывабнай жанчыны азарае ўсмешка: любімыя рагулі чакаюць з ёй сустрэчы, ва ўвазе і доглядзе маюць патрэбу некалькі цялятак.

IMG_0114 фото А.МарцинкевичаУжо ў 4.30 раніцы за даяркай прыязджае трактар, і яны з калегамі накіроўваюцца на ферму. У 5 гадзін пачынаецца ранішняя дойка. «Мы не ходзім пешшу, — задаволена расказвае даярка. — Трактар пад’язджае да самага дома. Таму на працу ніколі не спазняемся».

Ірына Валянцінаўна вельмі ганарыцца калектывам, у якім працуе. Лічыць, што ёй вельмі пашчасціла, што ўсе работнікі — дружныя і вельмі працавітыя. Яе калегі — больш сталыя па ўзросце і з вялікім стажам працы — шчодра дзеляцца ведамі і навыкамі, разумеючы, што ўсе разам працуюць на агульны вынік. У іх на ферме чыста, утульна, заўсёды парадак.

Сям’я Тарасавых пераехала ў Карпекі нядаўна, толькі ў 2012 годзе, але яны ўжо прывыклі тут жыць і працаваць. У бацькоў — дзве дарослыя дачкі. Малодшая Кацярына працуе цырульнікам, а старшая Надзея — зараз у дэкрэтным водпуску, выхоўвае дзяцей. Цешаць душу падрастаючыя ўнукі

Ірына Валянцінаўна расказала, што ў яе дзве адукацыі, якія не маюць ніякага дачынення да жывёлагадоўлі. Яна — медработнік і музыкант. Веды з медыцынскай сферы выкарыстоўвае ў жыцці, дома, ды і тут, на ферме, на яе думку, ёй прасцей разабрацца з хваробамі жывёлы. А вось любоў да музыкі праяўляецца падчас святаў. Муж Сяргей (працуе ў Полацку) добра грае на баяне і гітары. Калі сям’я збіраецца разам — спяваюць так, што заслухаешся. «А ў будзённыя дні праца для мяне — як песня», — жартуе даярка.

Калегі і загадчыца фермы характарызавалі Ірыну Валянцінаўну як вельмі адказную працаўніцу. Яна добрасумленна ставіцца да даення кароў і да захавання прыплоду. Па гэтым паказчыку лідзіруе сярод калег. «Цяляткі такія безабаронныя, маленькія, шкада іх, — тлумачыла свае чулыя адносіны да бычкоў і цялушак даярка, — а калі падрастуць (даяркі самі выпойваюць малых, пакуль тыя не набяруць вагу 60 кілаграмаў) — тым болей іх шкада. Таму што развітвацца трэба».

Па выніках працы за снежань Ірына Тарасава выйшла ў пераможцы сярод аператараў машыннага даення. Валавы надой па яе групе (43 дойныя каровы) склаў 23,6 тоны малака, сярэдні ўдой на карову за месяц — 549 кілаграмаў карыснага прадукту. За высокія вытворчыя паказчыкі перадавік атрымала Падзячнае пісьмо і прэмію ад ўпраўлення сельскай гаспадаркі Полацкага райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу з пажаданнямі плённай працы на карысць развіцця роднай гаспадаркі і Полацкага раёна.

Аліна БАЛЬШАКОВА.

Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *