У кожнага чалавека павінна быць мара. Ці мэта, да якой ён імкнецца, а потым, дасягнуўшы, выбірае новую. І зноў прыкладае намаганні, каб задуманае спраўдзілася…
Такім шляхам ідзе па жыцці аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы «Бабынічы» ААТ «Блізніца» Наталля Бірукова. Па выніках працы за снежань гэтая маладая жанчына стала пераможцай абласнога спаборніцтва сярод калег ва ўзросце да 31 года. За Наталляй замацаваны дойны статак 46 кароў, сяродні ўдой ад кожнай склаў 280 кілаграмаў карыснага прадукту, валавы надой за месяц — 12,9 тоны малака.
— Раскажыце, калі ласка, пра вашу ферму і пра Наталлю, — звярнуліся мы да загадчыцы МТФ «Бабынічы» Ларысы Падсаднік.
— На ферме «Бабынічы» ўтрымліваюцца 153 дойныя каровы і 237 цялушак. Іх абслугоўваюць 3 пастаянныя даяркі і адна падменная. Наталля, хоць і маладая па ўзросце, але ўжо дастаткова вопытны работнік. Працуе больш за 10 год. Да сваёй справы ставіцца адказна, стараецца, клапоціцца пра агульны вынік працы ўсяго калектыву. Мы падзяляем з ёй радасць першага працоўнага поспеху на абласным узроўні.
Наталля Бірукова расказала, што і не думала пра перамогу. Працавала, як звычайна, старалася. Яе любімые рагулі, ля якіх яна завіхаецца з ранку да вечара, хутка пачнуць даваць яшчэ больш малака. Так звычайна бывае пасля другога ацёлу. Зараз ужо ёсць адна такая кароўка-лідар, ад якой Наталля атрымлівае за раз 13 літраў белага «золата». На пытанне, якая з кароў любімая, Наталля не знайшла што адказаць. Усе яны — Ластачка, Чарнушка і іншыя — даўно сталі сваімі, амаль роднымі… Ласкавыя мянушкі каровам яны прыдумваюць разам з загадчыцай фермы.
Наталля — даярка ў другім пакаленні. Вопыт ёй перадавалі маці і свякроўка. А вось яе дзеці ці пойдуць у жывёлагодоўлю — пакуль невядома. З мужам Аляксеем, які працуе ў Ветрынскай ЖКГ, яны выхоўваць траіх дзяцей. Старэйшай Марыне — 13 год, Ірыне — 8 і Арцёмку — 4 гады. Вось ён і сакрэт, чаму Наталля імкнецца добра зарабіць. Дзеля іх дабрабыту.
Сям’я жыве ў кватэры, якую выдзеліла гаспадарка. Наталля імкнецца, каб дом быў прыгожы і ўтульны, не горш, чым у іншых. Яны з мужам паставілі мэту купіць добрую мэблю, набыць новыя вокны, дзверы. Задуманнае ажыццявілі. Ёсць у Біруковых і занятак пасля працы: у іх на падворку — куры, качкі, парася.
Наталля расказала, што іх шматдзетная сям’я марыць набыць карову. Каб было сваё малачко. Зараз на вёсцы больш распаўсюджана практыка пазбаўлення ад свойскай жывёлы, а яны вось — наадварот, думаюць узмацніць уласную гаспадарку. Калісьці карова была на падворку ў свекрыві, трэба адрадзіць традыцыю… Пажаданні, каб хутчэй збылася чарговая мара Наталлі, віншуючы яе з атрыманнем дыплома пераможцы і грашовай прэміі, выказвалі старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Блізніца» Кацярына Кандыба.
Упэўненасць у тым, што хутка на падворку Біруковых з’явіцца карміцелька з рагамі, выказалі і мы. Таму што Наталля — з кагорты людзей, якія ведаюць, чаго жадаюць.
Аліна БАЛЬШАКОВА.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.