Цудоўная і доўгачаканая навіна прыйшла ў Полацкі РЦК з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь!
За значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, адпаведны мастацкі ўзровень і творчыя паказчыкі ансамблю песні “Фярцінка” філіяла 2 Багатырскага сельскага Дома культуры прысвоена найменне “народны”.
Удзельнікі калектыву разам са сваім бяссменным і таленавітым кіраўніком Аленай Пятроўнай Лукавіцкай ішлі да гэтай значнай ступені сем гадоў. Рэпертуар “Фярцінкі” напоўнены народнымі, грамадзянска-патрыятычнымі, эстраднымі песнямі, рамансамі, і ён рэгулярна дапаўняецца новымі кампазіцыямі. Гледачы апладзіравалі “Фярцінцы” і на Рэспубліканскім свяце “Купалле” на малой радзіме Прэзідэнта ў Александрыі, і на фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, і штогод на абласных “Дажынках”…Творчасць ансамбля неаднаразова адзначалася на розных узроўнях. Так, у мінулым годзе ён стаў лаўрэатам І ступені абласнога конкурсу “Смяяцца не грэх”, сёлета – лаўрэатам І ступені міжнароднага конкурсу “Мы разам”, а па выніках абласнога “На адной хвалі” ўзнагароджаны ажно трыма дыпломамі ІІІ ступені.
Віншуем “Фярцінку” са значым дасягненнем і жадаем далейшых творчых поспехаў!