Як казаў мудры Канфуцый, «знайдзі сабе працу па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ні дня ў жыцці». У гэтым пераканаўся Аляксей Зуеў, намеснік дырэктара Полацкага раённага Цэнтра культуры, для якога праца — месца сілы, крыніца энергіі і натхнення.
Як усё пачыналася
Аляксей нарадзіўся ў аг.Зялёнка Полацкага раёна. З дзяцінства ён глядзеў на бацькоў, якія ўдзельнічалі ў самадзейнасці: «Напэўна, любоў да творчасці ў мяне закладзена генетычна. Тата быў актыўным удзельнікам народнага тэатра пры сельскім Доме культуры і яго нават клікалі ў драматычны тэатр імя Якуба Коласа. А матуля з задавальненнем прымярала той ці іншы вобраз, працуючы ў дзіцячым садку», — распавядае малады чалавек.
Першыя спробы ў якасці акцёра адбыліся ў шостым класе. Пры школе дзейнічаў экалагічны тэатр, Аляксей пачаў займацца ў ім, выступаў, удзельнічаў у конкурсах чытальнікаў: «Мая настаўніца Валянціна Іванаўна рэгулярна давала вучыць байкі. І ў нейкі момант я ўсвядоміў, што не магу сябе ўявіць па-за сцэнай», — прызнаецца герой публікацыі. Незаўважна праляцелі школьныя гады. Надышоў час выбару… Хлопец добра зарэкамендаваў сябе ў спорце, ведаў гісторыю. Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», ён паступіў у Віцебскі каледж культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «рэжысёр народных абрадаў і свят».
Бясцэнны вопыт
Вучоба давалася Аляксею лёгка, было цікава. Сваіх выкладчыкаў ён зараз успамінае з удзячнасцю. Асабліва — рэжысёра тэатра і кіно Валянціна Врагава. На той час ён кіраваў народным тэатрам мініяцюр «Буф». «Валянцін Сямёнавіч тлумачыў, як трэба паводзіць сябе на сцэне. Гаварыў, што нельга проста выконваць ролю, трэба асэнсоўваць навошта ты гэта робіш. Глядач адучвае шчырасць», — узгадвае Аляксей.
На малую Радзіму
У 2009 годзе дыпламаваны спецыяліст па размеркаванні вярнуўся ў аг.Зялёнка у сельскі Дом культуры рэжысёрам тэатра мініяцюр. Пачаў працаваць, але праз паўгода Аляксея прызвалі ў войска. «Служыў у 127-й гвардзейскай брыгадзе сувязі. Армія дапамагла мне загартаваць характар, зразумець, чаго я сапраўды хачу», — дзеліцца малады чалавек.
Пасля службы ён вярнуўся ў Зялёнкаўскі СДК. Праца ладзілася і старанні маладога рэжысёра ацаніла кіраўніцтва. Яго назначылі на пасаду дырэктара СДК. На гэтым месцы ён працаваў пяць гадоў. “Я ўдзячны кожнаму. Без зладжанай каманды нічога не атрымалася б”, — перакананы Аляксей.
Новыя магчымасці
Праз пяць гадоў Аляксея Зуева запрасілі працаваць у раённы Цэнтр культуры на пасаду загадчыка аддзела народнай творчасці. «Прызнаюся, спачатку мне здавалася, што нічога не атрымаецца. Але, дзякуючы дапамозе і падтрымцы вопытных калег, мне ўдалося вытрымаць і гэты іспыт жыцця», — з цеплынёй гаворыць малады чалавек. А ўжо ў 2020 годзе Аляксей быў зацверджаны на пасаду намесніка дырэктара Полацкага раённага Цэнтра культуры. Ён прызнаецца, што праца вельмі цікавая, хоць часам і няпростая, але перакананы: гэта дапамагае развівацца і рухацца далей. «Дадаліся клопаты па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы, плюс творчая праца. Трэба быць і рэжысёрам, і сцэнарыстам, і вядучым, і дэкаратарам. Але як бы ні было складана, я разумею, што культура — гэта мой свет, без якога жыцця не ўяўляю», — запэўнівае Аляксей.
Прафесіяналізм Аляксея Зуева заслужана ацэньваецца на розных узроўнях. Па выніках работы за 2022 год ён быў удастоены Падзякі Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама яго імя занесена на Дошку гонару Полацкага раёна.
Сакрэты поспеху
Наш герой увесь час шукае для сябе нешта новае і цікавае. Ён перакананы, што вучыцца трэба ва ўсіх, у кожнай галіне ёсць свае “фішкі”, абавязкова пераймаць досвед у калегаў па цэху, прыслухоўвацца да моладзі. Бо, пагадзіцеся, сёння глядач патрабавальны, яго неабходна здзіўляць, прапаноўваць новыя формы працы, але і не забывацца аб традыцыях беларускага народа. «Адчуваць публіку і чалавека ў цэлым, шукаць трэнды, мы павінны зацікавіць спажыўца культурна-забаўляльных паслуг», — дзеліцца Аляксей Зуеў.
Мусіць менавіта з гэтай прычыны, Аляксей скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці «псіхолаг» і нават працягнуў спасцігаць навуку «пра чалавека» ў магістратуры. Сёння ён лічыць сябе шчаслівым: «Азіраючыся на пражытыя гады, я разумею, што люблю тое месца, у якім жыву, дзе працую, вельмі люблю сваіх бацькоў. Удзячны ўсім людзям, з якімі мяне звёў лёс. Я знаходжуся ў тым месцы, у якім і мушу быць».
У вольны час
У нешматлікія дні, калі здараецца выхадны, Аляксей адпраўляецца да бацькоў. Дапамагае па гаспадарцы, працуе з татам на зямлі. Хлопец з’яўляецца любым дзядзькам для двух хлапчукоў — Арцёма і Максіма. Таксама яму падабаецца гатаваць: «Асабліва добра ў мяне атрымліваюцца мясныя стравы», — прызнаецца Аляксей. А летась малады чалавек паставіў для сябе новую мэту — кожны дзень праходзіць па 20 тысяч крокаў: «На спорт у мяне часу няма, а хадзьба — гэта выдатная кардыянагрузка, ды і думкі прыходзяць у парадак», — распавядае герой публікацыі.
…Намеснік дырэктара Полацкага РЦК, вядучы, сцэнарыст, аўтар шматлікіх праектаў — такі ён шматгранны, Аляксей Зуеў.
Аляксей Зуеў: — Віншую з прафесійным святам — Днём работнікаў культуры — калег па сцэне, артыстаў, творчыя калектывы. Жадаю ніколі не губляць прагу да прыгожага. Няхай не вычарпаюцца вашы талент і натхненне, а праца на карысць культуры знаходзіць водгук у сэрцах людзей.