Аляксандр Цяцера адказна працуе ў ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна

Заботы сельские

«Я — чалавек вясковы, у горадзе адчуваю сябе няўтульна. А тут, у Кушліках, мне спакойна і на душы хораша!» — з гэтых слоў пачалася наша гутарка з трактарыс­там-машыністам І класа ААТ «Кушлікі» Аляксандрам Цяцерай.

Нягледзячы на малады ўзрост, Аляксандр Паўлавіч ставіцца да жыцця з адказнасцю. На працы ён — перадавік, яго фотаздымак упрыгожвае Дошку гонару гаспадаркі, у асабістым жыцці — таксама ўсё добра: ён ужо мае ўласную сям’ю, з жонкай Аленай выхоўваюць 3-гадовую дачушку Палінку.


На працу ў ААТ «Кушлікі» Аляксандр уладкаваўся шэсць гадоў таму. Знайшоў у інтэрнэце аб’яву пра вакансію трактарыста, прыехаў пазнаёміцца з дырэктарам гаспадаркі. Фёдар Фёдаравіч быў рады сустрэчы з мэтанакіраваным маладым чалавекам, які растлумачыў свой намер пераехаць у іншы раён жаданнем жыць самастойна. Аляксандр — родам з Браслаўшчыны. Скончыў сельскую школу ў вёсцы Іказнь. Марыў пра кар’еру ваеннага, хацеў паступаць ва ўніверсітэт, але ў жыцці ўсё атрымалася інакш. Вывучыўся на малой ра­дзіме на шафёра і трактарыста, набываў першы працоўны вопыт у адным з сельгаспрадпрыемстваў Браслаўскага раёна.

У ААТ «Кушлікі» прыехаў праз месяц пасля гутаркі з дырэктарам. Яго прынялі добра. За першы год, пакуль жыў адзін, зарабіў на машыну. Цяпер з сям’ёй ездзяць дамоў у Браслаў, там засталіся маці Аляксандра і дзве сястры. «Сто кіламетраў — гэта не адлегласць», — разважае герой замалёўкі.
— Магу працаваць на любой тэхніцы, у мяне адкрытыя ўсе катэгорыі, — расказваў Аляксандр.

Яму даверылі ў мінулым го­дзе «абкатаць» новенькі насеннераскідвальнік французскай вытворчасці. Мужчына ўважліва сочыць і за замацаваным за ім трактарам «МТЗ 1523»: чатыры гады таму атрымаў яго новым, цяпер даглядае, і ніякіх вялікіх паломак не было. Працаваў на комплексе «Ленкен» з вялікай, 3-мятровай, сеялкай. Сёлета зноў на «КВК-800» будзе нарыхтоўваць травяныя кармы.

У адпачынак Аляксандр Цяцера пайшоў толькі ў сакавіку. Зімой не атрымалася: з шасці гадзін раніцы вазілі кармы, арганіку. Малады вясковец сялянскай працай задаволены: ён удзячны дырэктару і спецыялістам за аказаны давер, рады, што назапашвае каштоўны працоўны вопыт. Штодзень з пачуццём выкананага абавязку ў добрым настроі трактарыст вяртаецца дадому. Зносіны з любімымі жонкай і дачушкай, якая толькі спасцігае свет, паляпшаюць настрой і зараджаюць пазітывам.