Аграрыі Полаччыны пачалі веснавую сяўбу + ВІДЭА

Главное Заботы сельские

Цёплае надвор’е бягучага тыдня дазволіла аграрыям Полаччыны распачаць веснавую сяўбу. Па традыцыі першыя зярняткі яравых культур ляглі ў больш сухую, пясчаную глебу. Трактары з сеялкамі ўжо працуюць на палях ААТ «Кушлікі», філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», УП «Палімір-Агра», філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга», ААТ «Полацкі агра­сервіс».45719

У аўторак у філіяле «Гараны-Агра» прайшло традыцыйнае свята першай баразны, ці «Засеўкі». Ва ўрочышчы Ханякі ў лінейку выстраіліся 11 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, на поле прыехалі старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, намеснік старшыні Наваполацкага гарвыканкама Аляксандр Галубёнак, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна, дырэктары раённых перапрацоўчых прадпрыемстваў, начальнікі аддзелаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама і айцец Уладзімір (Рацьковіч), настаяцель Свята-Пакроўскай царквы г.Полацка.

Да прысутных звярнуўся старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук. Урачыстыя малебны перад адказнымі сельскагаспадарчымі работамі, якія праходзяць традыцыйна, на яго думку, заўсёды добра адбіваюцца на працоўным настроі кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі і механізатараў. «Звернемся да Бога з просьбай дапамагчы нам ва ўсіх нашых справах», — заклікаў удзельнікаў мерапрыемства кіраўнік раёна.

«Кожны ўзараны кавалак глебы павінен быць засеяны, мы не маем права зменшыць валавы збор збожжа ў параўнанні з мінулым годам!» — адзначыў старшыня райвыканкама і дадаў, што для правя­дзення пасяўной-2016 тэхнікі хапае, поспеху ў адказнай справе будзе садзейнічаць вопыт кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і механізатараў. «Ёсць пакуль цяжкасці з набыццём мінеральных угнаенняў, дызельнага паліва, запчастак, але ўсё вырашыцца», — запэўніў Мікалай Шаўчук.

Айцец Уладзімір у суправаджэнні пеўчых Свята-Пакроўскай царквы здзейсніў малебен, нагадаў, што сёлета веснавая сяўба пачынаецца на Крыжапаклонным тыдні Велікоднага посту. Святар пажадаў, каб год быў урадлівым, адзначыў, што зямля створана Богам для людзей і праца на ёй — асаблівая, самая важная.

У філіяле «Гараны-Агра» сяўба пачалася ў мінулую нядзелю. Механізатары ўзяліся за справу з вялікай ахвотай. «Ужо вызначыліся першыя лідары веснавой сяўбы-2016: Віталь Гой, Сяргей Мікешка, Міхаіл Быліна, Аляксандр Шыла, Дзмітрый Капыценка, Аляксандр Палтарацкі, у іх гонар уздымаўся сцяг ля будынка адміністрацыі філіяла», — зазначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ала Баркун. «Тэмпература глебы сёння ўжо 11 градусаў, можна сеяць усе культуры», — паведаміла галоўны аграном філіяла «Гараны-Агра» Тамара Макарава. Гэтыя пясчаныя палі вопытны аграном вырашыла заняць культурамі, якія не любяць вільгаці: баркуном, лубінам і іншымі.

Усе механізатары, хто працуе на трактары з сеялкай, з раскідвальнікам угнаенняў, на пагрузцы імкнуцца з карысцю выкарыстаць добрае надвор’е. Ва ўрочышчы Ханякі, плошча якога 84 гектары, працы ім хопіць на некалькі дзён. За гэты час «паспее» глеба на іншых палях. Хлебаробам філіяла належыць засеяць яравымі збож­жавымі і зернебабовымі плошчу больш за 200  гектараў. Пасля ўдзелу ў малебне яны будуць працаваць з яшчэ большым імпэтам.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *