Поўным ходам ідзе праца на палетках Полаччыны. Нядаўна з-за дажджу і марозу праца аграрыяў прыпынілася, але неўзабаветрактары выехалі ў поле.
Мы накіраваліся да працаўнікоў адной з буйных гаспадарак Полацкага раёна — сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Палімір-Агра».
Дырэктар гаспадаркі Віктар Яноўскі паказаў на карце тэрыторыю, якую цяпер — з далучэннем земляў «Чырвонага партызана», трэба апрацоўваць «паліміраўцам».
«Збожжавы клін складае паўтары тысячы гектараў, з іх 1050 — збожжавыя і зернебабовыя, 160 — крыжакветкавыя, 350 — кукуруза і яшчэ — травы. Усяго трэба апрацаваць амаль дзве тысячы гектараў глебы», — удакладніў Віктар Баляслававіч, звярнуўшы ўвагу на адну важную акалічнасць: з-за вялікай адлегласці палёў гаспадарка нясе немалыя страты на транспарціроўку тэхнікі.
Сеяць і перасяваць
Пасля сёлетняй зімы (амаль адсутнічала снежнае покрыва) 70 працэнтаў рапсу загінула, прыйдзецца перасяваць гэтыя ўчасткі збожжавымі і яравым рапсам. Азімыя збожжавыя падсілкавалі азотам — яны зазелянелі, пакрысе набіраюць моц… З насеннем збожжавых і зернебабовых праблем не існуе. Закупілі эліту ў «Кушліках», ёсць і сваё. Трэба яшчэ набыць насенне траў. Таго, што было, хапае толькі на падсеў.
Віктар Баляслававіч упэўнены, што тэхнікі і людзей для правядзення ўсіх веснавых сельскагаспадарчых работ у тэрмін (да 1 мая) — хопіць. Тым больш, што гаспадарка атрымала дапамогу. Завод «Палімір» ААТ «Нафтан» дапамог з набыццём асноўнай часткі мінеральных угнаенняў, у якасці спонсарскай дапамогі набыў новы глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат з актыўнай фрэзай і дыскатарам, трактар «МТЗ-3022». Выдзеліў інвестар і траіх трактарыстаў з трактарамі, якія працуюць на апрацоўцы глебы, баранаванні, унясенні ўгнаенняў. Яшчэ тры чалавекі ад завода сталі падменнымі трактарыстамі для калег з гаспадаркі. Віктар Яноўскі зазначыў, што сёлета гараджане працуюць з большым энтузіязмам, чым летась. Прыязджаюць у 6 гадзін раніцы і да позняга вечара шчыруюць на полі. На дапамогу «Паліміру-Агра» па рашэнні Полацкага райвыканкама прыехаў і трактар з Полацкага лясгаса. Трактарыст Пётр Шакалаў — тутэйшы жыхар,працуе ў Тураўлянскім лясніцтве. І тут, у гаспадарцы, добра праяўляе сябе на ўнясенні мінеральных угнаенняў.
У лідарах — працалюбівыя
Штодзень эканамічная і агранамічная службы гаспадаркі падводзяць вынікі працоўнага дня. На мехдвары ёсць сцяг, які ўзнімаюць у гонар перадавікоў пасяўной-2014. У кожнай з сельскагаспадарчых работ ёсць свае лідары — найбольш працалюбівыя, вопытныя хлебаробы. У дзень наведвання гаспадаркі на апрацоўцы глебы лепшы вынік працы быў у Сяргея Хвасціёнка, які працуе на «МТЗ-1221» з культыватарам «КЧ4». Перадавік апрацаваў 154 гектары глебы. Другое месца на апрацоўцы глебы займаў Юрый Зевальд. Больш за іншых — на плошчы 566 гектараў — унёс мінеральныя ўгнаенні работнік завода «Палімір» Мікалай Міхаль, які працуе на «МТЗ-920» з агрэгатам «МТТ-4». На ўнясенні арганікі зладжана працуюць Леанід Чарткоў, Аляксей Гуськоў і Іван Дубоўскі. Добры вынік працы на сяўбе (пачалі сеяць 28 сакавіка) прадэманстраваў на «МТЗ 30-22» з агрэгатам «АПП-6» Аляксандр Баханькоў: пасеяў плошчу 161 гектар. На другім месцы яго калега — Святаслаў Мацішын.
На адноўленай ферме
Акрамя працы ў полі дырэктар гаспадаркі кантралюе рамонт на ферме «Завозер’е». Разам з інвестарам вырашылі адрамантаваць два цялятнікі. У адным праца завершана, у другім — ідзе.
Калі мы прыехалі на ферму, тут праводзіўся Дзень жывёлавода. Аператар па вырошчванні цялят Людміла Рэдзькіна адзначыла, што ўмовы працы пасля рамонту — добрыя. Жанчына падсыпала цялятам апілкі, а потым выкаціла «малочнае таксі» з цёплым малачком. Цялушкі, як толькі ўбачылі сваю «карміцельку», — адразу ўзнялі галовы.
Толькі пешшу
Ва ўрочышчы Багародзецкае вялася сяўба ячменю. Дождж, які прайшоў напярэдадні, так размыў дарогу, што праехаць па ёй на легкавой машыне немагчыма. Ідзем пешшу. «Будзем яшчэ падсыпаць дарогу, частку падсыпалі»— гаворыць Віктар Яноўскі. — Трэба ж апрацоўваць пасевы, убіраць ураджай».
На полі знаёмімся з Дзмітрыем Іваноўскім, які з нядаўняга часу выконвае абавязкі галоўнага агранома гаспадаркі. Малады яшчэ працаўнік расказаў, што плошча гэтага поля —18 гектараў. Да вечара механізатары павінны скончыць сяўбу. «Тэмп трымайце, але на якасць сяўбы звяртайце асаблівую ўвагу!» — пажадаў кіраўнік гаспадаркі.
Трактарыст Юрый Зевальд працуе на новенькім трактары з глебаапрацоўчым агрэгатам «АПП6-А», які выраблены ў Бабруйску. Тэхніка пакуль «на абкатцы». Юрый сёлетнюю сяўбу пачаў у добрым настроі. «Што пасеем — тое і пажнем!» — жартаваў мужчына. Жыве ён у Наваполацку, і штодзень да 6 гадзін раніцы прыязджае на працу. Працаваць на зямлі механізатар любіць, тым больш, што новая сеялка адначасова і сее, і мінеральныя ўгнаенні ўносіць.
На другім трактары «МТЗ- 1523» з сеялкай «Амазонія» працаваў Святаслаў Мацішын. Ён у Завозер’е 7 гадоў таму прыехаў з Ушацкага раёна. Гаспадарка выдзеліла дом. У сям’і чацвёра дзяцей, таму бацька імкнецца скарыстаць веснавую пару для заробку. На «ГАЗ-53» працаваў загрузчык насення Фёдар Сінькевіч. Гэты хлебароб жыве непадалёку — у вёсцы Гарадзішча. Тры з паловай гады таму вярнуўся з Мінска на малую радзіму, уладкаваўся на працу ў гападарку і ніколькі не шкадуе аб сваім рашэнні.
Пра пазітыў
Віктар Яноўскі на працу заўсёды прыязджае ў добрым працоўным настроі. Пазітыву спрыяюць наладжаныя кантакты з інвестарам — кіраўніцтвам завода «Палімір» ААТ «Нафтан». Работнікі завода «Палімір» дапамагаюць гаспадарцы, канечне, не дарма, але своечасова і якасна. Замацаваныя за гаспадаркай прадстаўнікі адміністрацыі інвестара Андрэй Паўчанка і Сяргей Брыкун заўсёды падстаўляюць плячо сяльчанам.
Задавальняе дырэктара і тое, што сёлета пасяўную паліміраўцы пачалі добра «ўзброенымі». Дзякуючы намаганням інжынернай службы, у прыватнасці, Віталя Кузякова, адрамантавана дадатковая тэхніка.
Радуе Віктара Яноўскага і тое, што намечаныя працоўныя планы ёсць з кім здзяйсняць. Паступова ідзе абнаўленне працоўнага калектыву. Звальняюцца гультаі, прыехалі працаваць у жывёлагадоўлю працавітыя людзі з Ушацкага, Расонскага раёнаў. За зіму пераехалі 4 сям’і. Навасёлаў задавальняюць і ўмовы працы, і заработная плата. «Каб развівацца на землях «Чырвонага партызана» — патрэбны працоўныя сілы. Будзем іх шукаць», — расказаў пра свае планы Віктар Баляслававіч. І дадаў, што далучэнне да «Паліміра-Агра» суседняй гаспадаркі ўжо прынесла плён: кармоў для жывёлы, нарыхтаваных у мінулым годзе, хапіла на ўсю зіму і хопіць да новага ўраджаю і яшчэ застанецца.
Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота).