Аграрыі сельгаспрадпрыемства «П-С Карпекі» першымі ў Полацкім раёне завяршылі жніво

Актуальное Заботы сельские

— Скарысталі добрае надвор’е і агульнымі намаганнямі ўбралі хлебны ўраджай, — адзначыў дырэктар УП «П-С Карпекі» Мікалай Карасёў і выказаў па­дзяку ўсім хлебаробам, хто з ранку да вечара знаходзіўся за штурвалам збожжаўборачнага камбайна, запаўняючы бункеры залатым зернем, адвозіў хлеб на дапрацоўку, шчыраваў у сушыльнай гаспадарцы. Абмалочана плошча 550 га, атрымана больш за 2 тысячы тон зерня — на 400 тон больш, чым летась.

Анатоль Рубніковіч.

У пачатку ўборачнай кампаніі перад яе ўдзельнікамі стаяла задача сабраць ураджай своечасова, якасна і без страт. Галоўны аграном гаспадаркі Анатоль Рубніковіч — спецыяліст з вялікім стажам працы на палетках некалькіх гаспадарак Полацкага раёна — ацаніў шанцы атры­маць­ каравай больш цяжкі, чым летась, як дастаткова высокія. Хлебаробам належыла ўбраць азімыя пшаніцу і жыта з плошчы 400 га, яравыя ячмень, пшаніцу і зернебабовыя з плошчы 150 га.

Намалот зерня з первых дзён уборачнай радаваў камбайнераў і вадзіцеляў. Аддача пшанічнага поля дасягала ­40 ц/га, а яравога ячменю — 43-44 ц/га. Самы вялікі ўрадж­ай атрыманы на полі з пшаніцай сорту «Маркіза».
Мы з галоўным аграномам прыехалі ва ўрочышча Мурашоўшчына. Тут пасеяна пшаніца на плошчы 55 га. Камбайнеры працавалі без памочнікаў, кожны імкнуўся ўзяць на ўборачнай уласную вышыню. Адвозілі зерне два МАЗы, накіраваныя інвестарам — адкрытым акцыянерным таварыствам «Полацк-Шкловалакно», трактар і МАЗ гаспадаркі.

Юрый Зевальд, Віктар Луткоўскі.

Камбайнер Юрый Зевальд убірае зерне чацвёрты сезон. Адзначыў, што сёлета працаваць­ прыемней, культуры ўра­дзілі. За рулём МАЗа знаходзіўся Віктар Луткоўскі, вадзіцель прадпрыемства «Полацк-­Шкловалакно». На ўборцы хлеба мужчына працуе першы раз у жыцці і лічыць за гонар унесці ўклад у харчовую бяспеку краіны. Абодва прыя­з­джаюць на працу з горада.

Барыс Глебка.

Ураджай азімай пшаніцы парадаваў і камбайнера Барыса Глебку. Мужчына ў 2009 годзе пераехаў у Карпекі з Міёрскага раёна. Уладкаваўся ў мясцовую гаспадарку, задаволены. Расказаў, што працуе ў полі да першай расы, а потым гоніць камбайн на мехдвор. Раніцай, у 7 гадзін, ужо на месцы. Тэхніку запраўляе, праводзіць яе падрыхтоўку і выязджае ў поле. Ад намалотаў залежыць заработная плата, ёсць магчымасць палепшыць матэрыяльны стан сям’і.

Ліза Карчэўская, Дана Карповіч.
Пазнаёміліся мы і з дзяўчатамі, якія прымалі зерне на зернесушылцы. Дане Карповіч 18 гадоў, дзяўчына — студэнтка Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава. Будучы настаўнік беларускай мовы і літаратуры не цураецца сялянскай працы, старанна падмятае зерне. Дзяўчына вырашыла на канікулах зарабіць грошай. Лізе Карчэўскай 16 год, яе працоўны дзень доўжыцца 7 гадзін. У вёсцы Лучна жыве бабуля, а сама дзяўчына з Полацка. Працаваць на зернесушылку пайшла па сваім жаданні з упэўненасцю, што набыты вопыт не будзе лішнім у будучай прафесіі. Ліза вучыцца на агранома ў аграрным каледжы­ ў пасёлку Лужасна.
Мікалай Марозаў.

Сёлетняя ўборачная — 13-я на рахунку Мікалая Марозава. На збожжаўборачным камбайне ў залатым полі ён працуе пяты сезон. За ім замацаваны некалькі адзінак тэхнікі. Пасля ўборачнай пары з камбайна перасядзе на КВК і будзе нарыхтоўваць кармы.

Ігар Мосін, Андрэй Талстых.

Яшчэ адна пара хлебаробаў — Ігар Мосін і Андрэй Талстых. Першы — камбайнер, два бункеры зерня адгрузіў, набіраў трэці. Вадзіцель Андрэй Талстых ганарыцца абранай прафесіяй. Жыве ў Беларусі 8 год, а малая радзіма — Казахстан. Мужчына ў дзень нашай сустрэчы зрабіў два рэйсы з поля на сушылку.

Фота Аліны БАЛЬШАКОВАЙ.