Прайшоў тыдзень, як у Брэсцкай вобласці стартавала сяўба азімых яравых. Па аграметэаралагічных умовах наш паўночна-заходні рэгіён прыступіць да гэтай адказнай пары пазней, калі саспее зямля.
Падрыхтоўка сельгасарганізацый Полацкага раёна да вясенніх палявых работ абмяркоўвалася на чарговым пасяджэнні Полацкага райвыканкама і падчас рабочага семінара кіраўнікоў гаспадарак ў сельгаспрадпрыемстве «Блізніца» (на фота).
Сёлетні год складаны па фінансавым забеспячэнні вясенніх палявых работ. Практычна ўся выручка ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі накіроўваецца на бягучую дзейнасць сельгасарганізацый. Таму надзея ў аграрыяў — на сродкі бюджэтаў усіх узроўняў і кароткатэрміновыя крэдыты банка. З раённага бюджэту на першы квартал 2023 года выдаткаваны субсідыі ў памеры 242,4 тыс.рублёў. З іх 94,6 тыс. рублёў — на пакупку запчастак і 135,5 тыс. рублёў — на насенне.
У структуры
Плошча сельскагаспадарчых угодзяў — 48,4 тыс. га, у тым ліку ралля 31,2 тыс. га і 17,1 тыс. га лугавыя ўгодзі. Структура пасяўных плошчаў сельскагаспадарчых культур сфарміравана пад патрэбнасць раслінаводчай прадукцыі, у першую чаргу, пад галіну жывёлагадоўлі, з улікам росту аб’ёма вытворчасці, паставак для дзяржаўнай неабходнасці, засыпку насенных фондаў. Пад зерневую групу адведзена 13 000 га, крыжакветныя — 3600 га, кукурузу — 4000 га, бульбу — 280 га, агародніну — 58 га, аднагадовыя — 3000 га. Агульная пасяўная плошча сельскагаспадарчых культур — 23,9 тыс. га. План яравой сяўбы — 13,6 тыс. га.
Пад будучы ўраджай
Гаспадаркі «Гараны-Агра», «Блізніца» і «Полацкі аграсервіс» восенню 2022 года забяспечылі добры задзел пад будучы ўраджай, зрабіўшы вялікія аб’ёмы веснавога ворыва.
Заданне па засыпцы насення выканана на 168%. Для правядзення сортазмены і сортаабнаўлення гаспадаркам раёна з элітгаспадарак Віцебскай вобласці выдзелена 85 тон насення эліты. Сёлета вялікая ўвага будзе надавацца травам.
У адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналагічных рэгламентаў і для атрымання запланаванага ўраджаю неабходна забяспечыць накапленне мінеральных удабрэнняў усіх відаў. Асаблівае значэнне ў павышэнні ўрадлівасці неабходна надаваць арганічным удабрэнням, якія з’яўляюцца незаменнай, таннай і паўсюдна даступнай крыніцай папаўнення запасаў гумусу і элементаў забеспячэння ў глебе. З года ў год эфектыўна працуюць з арганічнымі ўдабрэннямі ААТ «Кушлікі», УП «Гараны-Агра», «П-С Карпекі», філіял «Вясна-энерга». Заданне па нарыхтоўцы і вывазцы арганікі выканана на 70%. Забяспечанасць пратравай насення яравых зерневых на ўзроўні 43%, гербіцыдамі для праполкі азімых зерневых — 54%. Набыццё сродкаў аховы раслін ажыццяўляецца за ўласныя сродкі гаспадарак.
Рамонт ідзе
Асаблівую заклапочанасць выклікае рамонт тэхнікі ў гаспадарках «Астроўшчына», «Полацк-Мілк», «Захарнічы» і «Новыя Гараны». 11 энерганасычаных трактараў з 47 патрабуюць рамонту, значных фінансавых укладанняў. Для правядзення вясенне-палявых работ маецца 301 трактар, 72 плугі, 29 камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, 27 зерневых сеялак, 57 культыватараў, 38 раскідвальнікаў цвёрдых мінеральных угнаенняў. З 1 сакавіка адпаведна з графікам тэхагляд праведзены ў шэрагу гаспадарак. Гатоўнасць тэхнікі па стане на канец бягучага тыдня — трактараў 91%, у тым ліку энерганасычаных — 89%.
Для забеспячэння комплексу вясенніх палявых работ патрабуецца 895 тон дызельнага паліва. Сродкі фінансавання для яго набыцця — субсідыі раённага, абласнога бюджэтаў, крэдыты банка, уласныя сродкі гаспадарак.
На першым месцы
Распрацаваны мерапрыемствы, накіраваныя на бяспечную эксплуатацыю ўсяго машынна-трактарнага парка, сельскагаспадарчых машын, а таксама бяспечную працу персанала. Запланаваны абавязковыя пазапланавыя інструктажы па захаванні правілаў бяспекі, а таксама навучанне па праграмах пажарна-тэхнічнага мінімуму, медыцынскія агляды, забеспячэнне спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы і гарачым харчаваннем.
Гаспадаркі раёна маюць патрэбу ў 56 механізатарах. Штогод прамысловыя прадпрыемствы і перапрацоўчыя арганізацыі аказваюць сялянам дапамогу кадрамі і тэхнікай на перыяд масавых сельгасработ. Не стане выключэннем і сёлетняя вясна.
Восенню 2022 года склаліся неспрыяльныя ўмовы надвор’я, таму не атрымалася правесці сяўбу азімых зерневых культур у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, з-за чаго яны могуць загінуць у зімне-вясенні перыяд. Спецыялісты гаспадарак надзяляюць асаблівую ўвагу стану азімых культур, бо яны даюць найбольшы ўраджай. Пры добрым надвор’і веснавая пасяўная кампанія будзе доўжыцца 21 дзень. Гаспадаркі, якія ўваходзяць у аграпрамысловае аб’яднанне ААТ «Полацкі малочны камбінат», разлічваюць на дапамогу перапрацоўчага прадпрыемства.