Аграрыі КУСГП «Палата» Полацкага раёна ўзялі добры тэмп веснавой сяўбы

Заботы сельские

Сёлетнюю веснавую сяўбу аграрыі КУСГП «Палата» пачалі 7 красавіка — у дзень Благавешчання. І за тыдзень з дапамогай Божай засеялі плошчу больш за 100 гектараў — выканалі 30% ад задання. У параўнанні з іншымі гаспадаркамі Полацкага раёна палатоўцы дэманструюць хуткасць у працы: сярэднераённы працэнт выканання плану сяўбы дасягнуў пакуль лічбы 15.

Вопытны кіраўнік гаспадаркі Лідзія Батура адзначыла, што сёлетняя пасяўная для яе — 14-я па ліку, якую яна арганізоўвае на паса­дзе дырэктара. Ёсць пытанні з набыццём паліва і рамонтам тэхнікі, але ўсё паступова вырашаецца з дапамогай кіраўніцтва Полацкага раёна.

46700

Механізатар Віктар Каваленка, якога дырэктар назвала апорай і гонарам гаспадаркі, працуе ў «Палаце» ўсё жыццё. Хоць і выйшаў на пенсію — не хоча расставацца са сваім «жалезным сябрам» — «МТЗ- 82». Віктар Паўлавіч — са­праўдны патрыёт роднай зямлі і хлебаробскай справы. Нара­дзіўся непадалёку — у былым Юравіцкім сельсавеце, зараз жыве ў вёсцы Скобрае — побач з месцам, дзе мы су­стрэліся. Вопытны механізатар расказаў, што праца на зямлі ўздымае настрой, прыносіць задавальненне. Знаходжанне ў полі з ранку да позняга вечара для яго даўно стала прывычкай. З разуменнем да адказнай працы ставяцца родныя механізатара: жонка і двое дзяцей. Дачка працуе ў горадзе, сын пакуль жыве з бацькамі, шчыруе ў лясніцтве. На пытанне, ці адчувае Віктар Паўлавіч сябе шчаслівым чалавекам, мы пачулі станоўчы адказ.

Усяго ім трэба пасеяць 498 гектараў, яравыя збожжавыя культуры зоймуць плошчу 353 гектары. Зернебабовыя ўжо пасеяны на плошчы 60 гектараў. Па 20 гектараў адведзены пад ячмень і авёс. Паколькі ў гаспадарцы маецца самы вялікі ў раёне пчальнік, аграрыі абавязкова пасеюць меданосы: грэчку, рапс і фацэлію.

Штодзень Лідзія Іванаўна бывае ў полі: кантралюе працу падначаленых і прывозіць для іх абеды і вячэру. Двухразовае харчаванне ўдзельнікаў пасяўной сёлета ўпершыню дапамаг­лі арганізаваць загадчык Дар’я Варфаламеева, старшая медсястра Святлана Галынская, повары Ганна Гелеш і Надзея Васіленка з Палатоўскай бальніцы сястрынскага догляду.

Медыкі з разуменнем аднесліся да просьбы дырэктара сельгаспрадпрыем­ства дапамагчы ў гэтым важным пытанні: менавіта хлебаробы забяспечваюць харчовую бяспеку краіны! З дырэктарам гаспадаркі і ўдзельнікамі гарачай веснавой пары мы сустрэліся а 16-й га­дзіне ў сераду ва ўрочышчы Закалоддзе.

У полі працавалі вопытны механізатар Віктар Каваленка з маладым сеяльшчыкам Генадзем Смыкавым.

46699

Кантралявала сяўбу галоўны аграном гаспадаркі Дар’я Чыжэўская.«Плошча гэтага поля 26 гектараў, сеем авёс, збожжа добрай якасці, праца ідзе хутка», — задаволена адзначала жанчына.Працаўнікі прыступілі да вячэры.

46698

Зручныя тэрмасы для іх, у якіх раздзелены першая, другая і трэцяя стравы, дырэктар гаспадаркі набыла ў мінулым годзе. Хлебаробы шчыра дзякавалі поварам: былі смачнымі салат з буракоў і грэцкая каша з каўбасой. Запівалі бярозавым сокам. «Меню кожны дзень — новае. Прыемна, што для нас так стараюцца повары. Апетыт на свежым паветры ў нас за­ўсёды добры!» — адзначаў старэйшы з хлебаробаў Віктар Каваленка.Як толькі завершыцца яравая сяўба — хлебаробы возьмуцца за рапс.

Усяго на пасяўной бу­дуць задзейнічаны  6  адзінак  тэхнікі.Пакуль нумар газеты рыхтаваўся да друку, палатоўцы нарэшце дачакаліся дажджу. Зернейка лягло ў глебу, каб хутчэй з’явіліся ўсходы — патрэбна вільгаць.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *