А дзе ж тая сцяжыначка, што вяла праз лес да маленькай лёзненскай вёсачкі Куракі, да бацькоўскай хаты, дзе ў бестурботных дзіцячых снах нараджаліся першыя светлыя мроі? Згубілася яна за небакраем гадоў, уліўшыся ў шырокі бальшак дарослага жыцця…
Надзея
Калі ў сям’і Кастрыцкіх нарадзілася дзяўчынка, Валодзя, старэйшы брацік, сказаў: «Будзе ў нас Надзейка». Надзея. У пасляваенны час менавіта яна дапамагала вытрымліваць шматлікія выпрабаванні і страты. Так што імя дзяўчынкі стала своеасаблівым сімвалам будучага, больш шчаслівага, мірнага жыцця.
Маці працавала настаўніцай. Прынцыповая, інтэлігентная, адукаваная. Вельмі клапацілася, каб дзеці многа чыталі. Надзя, кемлівая і разумная, імкнулася да ведаў. Школу скончыла ў Лёзна. Дарэчы, беларускамоўную. Паступіла ў медыцынскае вучылішча. Атрымаўшы дыплом, па размеркаванні трапіла на Глыбоччыну. І там, узяўшы шлюб, атрымала сённяшняе прозвішча, якое многія лічылі псеўданімам, — Салодкая.
Прыхінуцца да слова
Маладая сям’я пераехала ў Полацк. Надзея Салодкая ў 1971 годзе ўладкавалася ў рэдакцыю тагачаснай газеты «Сцяг камунізму» машыністкай. Муж набыў ёй друкавальную машынку ажно ў Маскве, і пачалася праца, якая адыграла лёсавызначальную ролю ў яе жыцці. Друкуючы артыкулы журналістаў, яна пачала адчуваць смак слова і тонкасці стылю. «Часам узнікала жаданне неяк па-свойму пераставіць словы, але пра тое, каб нешта паправіць, а тым больш напісаць самой, нават думаць сабе не дазваляла», — расказвае Надзея Стэфанаўна. У 1977 годзе па стане здароўя з рэдакцыяй давялося развітацца.
Гады, з радасцямі і турботамі, ішлі сваім шляхам. Надзея Стэфанаўна цяжка перажывала страту мужа, які заўчасна пайшоў з жыцця. Ды аднойчы, нечакана для сябе, села да пісьмовага стала, узяла аркуш паперы і напісала першы верш, назваўшы яго «Пачатак», дадала «№1», дату — «20 лістапада 1996 года». Гэты дзень лічыць кропкай адліку творчага шляху, які прынёс ёй вядомасць і павагу як у творчым асяроддзі, так і сярод прыхільнікаў вершаванага радка па ўсёй Беларусі.
Яна прызнаецца: «Пакуль не стала пісаць, я была на краі… Адчай, самота, роспач… Для мяне разам з вершамі вярнуўся сэнс жыцця».
Надзея Салодкая — аўтар амаль 30 збор- нікаў паэзіі. Усе яны, нават некалькі самвыдатаўскіх, захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Верш за вершам
Пісала па-беларуску. Пісала многа. Як кажуць, для сябе. Аднойчы адважылася паказаць сваю творчасць тады ўжо вядомаму паэту Навуму Гальпяровічу. А праз некаторы час у наваполацкай газеце з яго падачы нечакана для яе выйшла падборка вершаў. Гэта была першая публікацыя. І раптоўна паэтка адчула… сорам. Не магла пазбавіцца думкі: «Мне амаль 50! І вершы ў такім узросце пачынаць пісаць проста недаравальна». Газету схавала, але яе ўбачыла маці, з гонарам паказала суседцы. І тады Надзея Стэфанаўна падумала: «А чаму б і не?» Колькі з таго часу выйшла вершаў з-пад яе пяра? Адказвае ўпэўнена: «Мой архіў у поўным парадку. На рускай мове 1046, на беларускай — 1074. Якая мова бліжэй? Абедзве. А пішацца на той, на якой прыходзяць першыя словы і думкі».
Калі слова пяе
Вершы Надзеі Стэфанаўны надзвычай спеўныя. Таму не дзіва, што многія пакладзены на музыку. Яна сама адчула гэтую іх уласцівасць і аднойчы, слухаючы радыё, пачула, што пасля вялікага перапынку на эстраду вярнулася вядомая спявачка Нэлі Багуслаўская. Доўга вагалася, а потым сабрала з дзясятак вершаваных твораў, паклала ў канверт і напісала адрас: «Беларускае радыё», з просьбай перадаць Нэлі Багуслаўскай. Праз тыдзень атрымала адказ ад Нэлі Захараўны: «Вашы вершы спадабаліся. Некаторыя з іх ужо ў Ізмаіла Капланава ў рабоце». Так пачалося шчырае сяброўства з папулярнай выканаўцай і вядомым кампазітарам. Амаль адразу песні загучалі ў эфіры. Суаўтарамі Надзеі Салодкай сталі таксама Леанід Захлеўны, Яўген Хаменка, Наталля Чацверыкова, Міхаіл Асташэнка і іншыя.
Адгукнуцца рэхам
Надзея Салодкая не толькі піша вершы, але і валодае мастацтвам перакладу. Гэта дадзена не кожнаму паэту — адчуць аўтара, адценне кожнай ягонай думкі, убачыць вобразы і, захаваўшы ідэю, расказаць гісторыю на іншай мове. У яе гэта атрымліваецца выдатна.
Першай вялікай спробай перакладу для Надзеі Стэфанаўны стала кніга Навума Гальпяровіча «Голас і рэха». У рускамоўным варыянце атрымалася «Эхо слушает голос». Прайшоўшы праз моўную метамарфозу, радкі 111 вершаў набылі новыя адценні, пры гэтым цалкам захаваўшы першапачатковы сэнс.
Адбыліся пераклады на беларускую мову знатнага наваполацкага паэта Аляксандра Мартыненкі. Зараз Надзея Салодкая плённа працуе з дзіцячай паэтэсай Ірынай Багданавай, у суаўтарстве з якой выйшлі з друку маляўнічыя кніжкі-блізняткі «Кто бы что ни говорил» і «Хто б пра што ні гаварыў», а таксама «Разважалкі», якія прыйшліся вельмі даспадобы дзятве розных узростаў.
Натхняе горад
Надзея Салодкая — палачанка. Так яна сябе адчувае. І вельмі ганарыцца прыналежнасцю да старажытнага горада. Зазначае: «Тут і паветра асаблівае, і дыхаецца інакш». Па драматычных абставінах ёй давялося на 9 доўгіх гадоў з Полацкам развітацца. Вярнулася. І адразу на хвалі пачуццяў склаўся верш, у якім ёсць такі радок: «Помнишь меня, мой город? Мне ведь не всё равно…».
Горад натхняе. Як зазначае Надзея Стэфанаўна, вобразы прыходзяць нечакана. Недзе ў падсвядомасці яны выношваюцца, асэнсоўваюцца і раптам выплёскваюцца на паперу чарговым шэдэўрам. Дарэчы, паэтэсай ужо падрыхтаваны матэрыял для новай кнігі.
Падарунак Полацку
У 2002 годзе аб’явілі конкурс на напісанне гімна горада Полацка. Сярод іншых прэтэндэнтаў быў творчы дуэт Надзеі Салодкай і Ізмаіла Капланава. Гімнам абралі кампазіцыю Алеся Аркуша і Тамары Гамановіч, якая гучала больш афіцыйна. А песня «Горад над Дзвіной» — меладычная, шчырая, вельмі кранальная, стала сапраўднай візітоўкай старажытнага горада і займела афіцыйны статус «Песня-гімн». Доўгі час, каля дзесяці гадоў, на чыгуначным вакзале Полацка пад яе сустракалі пасажырскі цягнік з Масквы, песню выконвалі і выконваюць на многіх сцэнічных пляцоўках. Яна, як кажуць, пайшла ў народ, набыўшы прызнанне і вялікую любоў палачан і гасцей горада.
Крэда
Жыццёвы шлях Надзеі Салодкай, на жаль, лёгкім не назавеш. Але, завітаўшы да гэтай прыязнай, добразычлівай жанчыны, не зважаючы на стан яе здароўя, часам адчуваеш, наколькі ты слабейшы за яе. «Для мяне галоўнае — не выглядаць няшчаснай. Не дазваляць сябе шкадаваць», — кажа яна.
Нягледзячы на абмежаванасць у рухах, Надзея Стэфанаўна імкнецца ўсё рабіць сама і толькі сама, а яшчэ — падтрымлівае тых, хто мае ў гэтым патрэбу.
Прызнанне
Надзея Стэфанаўна Салодкая — Ганаровы грамадзянін горада Полацка, Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, узнагароджана знакам «За заслугі перад Полацкам», уладальнік «Залатога Купідона» за песенны цыкл з Ізмаілам Капланавым, лаўрэат літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і Петруся Броўкі. Пра ўсё гэта яна сціпла кажа: «Вельмі высокае прызнанне, але лічу, такі гонар павінен быць за вялікую працу. А я нічога такога не зрабіла. Проста пісала вершы ад душы і для душы». Але само жыццё паважанай палачанкі — красамоўны ўзор адданасці Радзіме і асабістай мужнасці. Невыпадкова Полацк і Беларусь ёю ганарацца.
Цэнтр прыцягнення
Калегі па творчым цэху кажуць пра яе: «Надзея Салодкая не была вучаніцай. Мінаючы пачаткоўства, яна адразу стала майстрам». А вось у самой Надзеі Стэфанаўны вучняў шмат. У яе кватэры доўгі час знаходзіўся цэнтр культурнага жыцця Полаччыны. Пачаткоўцы і вопытныя паэты, творчая інтэлігенцыя і шматлікія прыхільнікі літаратуры імкнуліся да яе за падтрымкай і парадамі ці проста паразмаўляць па-беларуску або падзяліцца сваімі турботамі.
Для многіх і многіх літаратараў яна — строгі крытык і далікатны дарадца, з чыёй лёгкай рукі яны годна заявілі пра сябе ў творчай прасторы.
Алена Літвінава.
Горад над Дзвіной
Горад мой — мая памяць і гонар
Назаўсёды з сівой даўніны,
Яшчэ з тое пары, калі годна
Ты з крывіцкага лёсу ўзнік.
Як калыску, люляе прастора
Вечных храмаў тваіх купалы,
А Дзвіною ў салёнае мора
Трохмачтовік упарты паплыў.
Па-над Полацкам вежы стромкія,
Па-над Полацкам звоны бомкія
Звонам-голасам будзяць-просяцца:
Слова Божае ды не зносіцца!
Хлеб узрошчаны будзе скошаны,
Госці добрыя будуць прошаны,
Душы ветлыя не зачыняцца,
Беды розныя не прычыняцца.
Горад над Дзвіной,
Родны Полацк мой!
Гэта ж колькі павінна быць сілы,
Каб нанова ўставаць і ўставаць
З небыцця, з папялішчаў астылых,
Згаласіўшыся, жыць і спяваць!
І нікуды адсюль не падзецца —
Гэта месца як велічны птах,
Гэта тут маладосці няймецца
У стагоддзяў на белых руках.
Надзея Салодкая.