На Полаччыне адбыўся лёгкаатлетычны прабег, прымеркаваны да 105-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі

Спорт

Крос пад сімвалічнай назвай «Сіла—у адзінстве!» стаў працягам серыі спартыўна-масавых мерапрыемстваў «Полацк. Дзе пачынаецца краіна», прымеркаваных да важных дзяржаўных святаў.

Арганізатары чарговага прабегу  — Полацкі раённы ФСК «Прыдзвінне», упраўленне па адукацыі і аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама, раённая арганізацыя «Белая Русь» і райкам БРСМ.

Даўжыня маршрута, які стартаваў ад помніка Ул.І.Леніну на Прывакзальнай плошчы і завяршыўся ля помніка Ул.І.Леніну на праспекце Францыска Скарыны, — каля 2 кіламетраў. Аматары здаровага ладу жыцця, прыняўшы напачатку ўдзел у імправізаванай танцавальнай размінцы, у добрым настроі прабеглі да Полацкага гарадскога Палаца культуры (на фота). Тут усіх чакала тэатралізаванае прадстаўленне, якое адлюстравала жыццё ў Полацку ў перыяд пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Яскравым фінішам лёгкаатлетычнага прабегу  стаў флэшмоб «Сіла  — у адзінстве!».

«Такія прабегі збліжаюць людзей, папулярызуюць здаровы лад жыцця, багатую гісторыка-культурную спадчыну полацкага краю,   — адзначыў дырэктар Полацкага раённага ФСК «Прыдзвінне» Аляксей Ванько.   —  Гэта ўжо 11-е мерапрыемства з серыі «Полацк. Дзе пачынаецца краіна», і яно атрымалася адным з буйнейшых. Пачынаем рыхтавацца да выніковага, навагодняга, забегу. Традыцыйна ўдзельнікаў будуць чакаць прыемныя сюрпрызы».