З пачатку верасня ў Прыродна-экалагічным музеі адкрылася выстава падарожніка і фотамастака Васіля Белякова «Аб чым маў­чаць камяні…»

Культура

В асіль Белякоў — член Саюза фатографаў Беларусі і Беларускага саюза дызайнераў. Нарадзіўся ў Расіі. Скончыў геалагічны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ваенную акадэмію, падпалкоўнік запасу. Жыве ў Паставах. З 2009 года актыўна займаецца выставачнай дзейнасцю.

За апошнія 40 гадоў Васіль пераадолеў больш за 40 тысяч кіламетраў па Беларусі — як пешшу, так і на веласіпедзе. Падчас падарожжаў ён імкнуўся знайсці і захаваць на фотаздымках самыя цікавыя і непаўторныя мясціны, аб’екты, помнікі прыроды, паказаць дзіўнае, часта не заўважанае намі хараство роднай прыроды.
Нават «звычайныя» камяні ў яго працах — значныя сведкі даўніны, бо яны адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці старажытных беларусаў. Ім пакланяліся і нават лічылі іх людзьмі, якіх злая сіла пераўтварыла ў камяні.

Як распавяла загадчык музея Наталля Міхаль (на фота справа), усе здымкі Васіля Белякова без лічбавай апрацоўкі — гэта прынцыповая пазіцыя аўтара. «Аб чым маўчаць камяні…» — не першая выстава гэтага фотамастака ў нашым музеі,  — адзначыла яна.  — Увогуле, у 2022 го­дзе ў Беларусі прайшло ўжо 10 выстаў яго работ».

«Перламутраўка», «Махавік», «Барсук», «Човен», «Мышаня», «Чарапаха», «Шлем», «Галава», «Авечка», «Арэлі», «Чаравік» і іншыя — такія імёны даў аўтар маўклівым сведкам гісторыі ў сваіх работах, зроб­леных у розных раёнах нашай вобласці. На фотаздымках можна таксама ўбачыць і іншыя прыгожыя месцы Віцебшчыны.

Выстава працуе па 23 кастрычніка. Запрашаем!

Фота Віктара ЧАРНЯЎСКАГА.