Завяршаецца жніво, падводзім вынікі сёлетняй гарачай пары. У размовах з кіраўнікамі гаспадарак і аграрыямі прыйшлі да высновы: ураджай вырас, надвор’е спрыяла своечасовай уборцы хлеба з палёў. Прадстаўнікі Полаччыны намалацілі 33 721 тону зерня — на 5000 тон больш, чым летась.
Героямі жніва традыцыйна становяцца экіпажы камбайнераў, якія намалацілі тысячу тон залатога зерня, і перавозчыкі-тысячнікі. Сёлета, як і ў папярэднія гады, упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама і райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу было разгорнута вытворчае спаборніцтва сярод удзельнікаў жніва. У розных катэгорыях камбайнаў і аўтамабіляў вызначаліся пераможцы. Першыя з іх атрымлівалі падарункі і прэміі прама ў полі.
Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалай Баратынскі прыехаў у гаспадарку «Новыя Гараны», каб сустрэцца з вадзіцелем-тысячнікам, які з’яўляецца не толькі ветэранам працы, але і самым старэйшым тысячнікам па ўзросце. 65-гадовы перавозчык Генадзь Даніленка быў у добрым настроі. Яго аўтамабіль «МАЗ-555142» — надзейны сябар, не першую ўборачную яны з ім святкуюць тысячатонную перамогу. Мікалай Баратынскі дзякаваў герою жніва за падтрымку гаспадаркі і зычыў яму новых працоўных поспехаў.
Кагорту раённых тысячнікаў 2022 года папоўнілі добра вядомыя на Полаччыне хлебаробы з ААТ «Кушлікі» Аляксандр Каросцік (на фота справа) і Андрэй Гарнастай. Мужчыны працавалі на камбайне Mega-204. Добра падрыхтаваліся да ўборкі, ураджай вырас на зайздрасць (аддача хлебнай нівы на некаторых участках пшанічнага поля даходзіла да 80 ц/га), прафесіяналізм дапамог дасягнуць 1000-тоннага рубяжу. Падарункі ад Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК (майкі і кепкі з сімволікай) узнялі настрой працавітым хлебаробам.
Моцным рукапацісканнем пачалася сустрэча Аляксандра Дабраслаўскага з вадзіцелем ААТ «Кушлікі» Мікалаем Скарадзёнкам. Гэты працаўнік адзіны з Полацкага раёна перавозіў зерне на 10-гадовым аўтамабілі «ГАЗ-53071», кузаў якога ўмяшчае менш зерня, чым аўтамабіля «МАЗ». Але імкненне да перамогі дапамагло здзейсніцца працоўнаму поспеху. З-за няспраўнасці пад’ёмнага механізму Мікалаю Пятровічу ў адзін з дзён давялося выгружаць зерне з прычэпу рыдлёўкай, але адказны працаўнік не лічыць гэту акалічнасць нечым асаблівым.
Ушаноўвалі на бягучым тыдні і перавозчыкаў, якія дастаўлялі зерне з поля на дапрацоўку. Адзін з герояў жніва Ігар Волкаў з сельгаспрадпрыемства «Гараны-Агра». У дзень на аўтамабілі «МАЗ-555142» яму даводзілася рабіць па 15 рэйсаў. Вазіў зерне на сушылку і на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў. «Добрае надвор’е падтрымала нас», — з усмешкай адзначыў перадавік. Ён — тутэйшы, родам з вёскі Арцюхі Гаранскага сельсавета. Пасля службы ў арміі ўладкаваўся ў гаспадарку, з 1994 года працаваў трактарыстам, вадзіцелем. Працу на малой радзіме лічыць за гонар. Раней ён ужо быў тысячнікам, радаваўся і сёлета свайму поспеху. Старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі выказаў лідару-перавозчыку шчырую падзяку за працу.
Словы падзякі за адданую працу і поспехі гучалі таксама ў адрас перавозчыкаў-тысячнікаў Аляксандра Леньшына з сельгаспрадпрыемства «Астроўшчына», Валерыя Ліса з сельгаспрадпрыемства «Захарнічы». Усім мужчынам уручаны памятныя сувеніры, майкі і кепкі з прафсаюзнай сімволікай і грашовыя прэміі. Падарункам для пераможцаў сёлетняга жніва будзе і гонар усіх палачан за іх высокія дасягненні ў працы.
Фота Аліны БАЛЬШАКОВАЙ і з архіву Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК.