Калекцыя кніг НПГКМЗ папоўнілася новымі выданнямі

Культура

У рамках святкавання 1160-годдзя Полацка ў Музеі беларускага кнігадрукавання адбылася прэзентацыя новых выданняў, прысвечаных старажытнаму гораду.

Іх аўтар — Уладзімір Аляксеевіч Ліхадзедаў, палачанін, гісторык, калекцыянер, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Ён без малага паўстагоддзя збірае старыя паштоўкі, фотаздымкі, гравюры, карты з відамі беларускіх гарадоў. За гэты час у калекцыю патрапіла шмат цікавых прадметаў, у тым ліку і тыя, што паходзяць з Полацка.

Рэдкія выявы горада і ўнікальныя артэфакты Уладзімір Ліхадзедаў апублікаваў на старонках дзвюх кніг-альбомаў «Полацк. Першая сталіца» і «Полацк. Крыніца ведаў і асветы прамень». Менавіта змешчаныя выявы прадметаў адрозніваюць «полацкія» выданні ад іншых кніг, якія аўтар прысвяціў розным гарадам Беларусі. Выпушчана ўжо больш за 40 такіх альбомаў, але толькі ў гэтым годзе выйшлі (адразу два!) альбомы пра Полацк.

Кнігі-альбомы выпу­шчаны ў межах сумеснага праекта Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Ул.А.Ліхадзедава «Баць­каўшчына». Тэкст — на беларускай, рускай і англійскай мовах. Аформленыя ў спецыяльны куфар, кнігі ўрачыста перададзены Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку. 

На старонках выданняў чытачы знойдуць і «Жыціе Еўфрасінні Полацкай» 1781-1782 гадоў, і выявы драўляных фігурак выкладчыка і вучня Полацкай езуіцкай акадэміі, і пісьмовага прыбора Дз.Кайгародава — выпускніка Полацкага кадэцкага корпуса, і шмат іншага.

На прэзентацыі прысутнічаў старшыня Полацкага райсавета дэпутатаў Іосіф Грыбовіч, пры ўдзеле якога былі акрэслены накірункі далейшай рэалізацыі аўтарскіх задум.