У канцы мінулага тыдня ўсе гаспадаркі Полацкага раёна завяршылі сяўбу яравых зерневых і зернебабовых

Заботы сельские

-Сёлета веснавая пасяўная кампанія прайшла зла­джана, без праблем. Насеннем гаспадаркі былі забяспечаны, тэхніку падрыхтавалі своечасова, паліва хапала. Усе справіліся сваімі сіламі, памочнікаў з горада было менш, чым планавалася. Яравымі зерневымі засеялі плошчу 4264  га, з іх зернебабовымі — 1118 га, план выканалі на 102,5%», — адзначыў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама Мікалай Баратынскі.

Ён пахваліў працаўнікоў гаспадарак «Кушлікі», «Полацкі аграсервіс», «Э/б «Ветрынская», якія ў ліку першых завяршылі яравую сяўбу.

Ва ўрочышчы Каменка ДП «Астроўшчына» Мікалай Баратынскі дзякаваў за працу механізатарам Аляксею Шынкевічу і Уладзіміру Глебку. У гэтай гаспадарцы вялікі план яравой сяўбы: трэба засеяць плошчу 1390 га. Зерневымі культурамі засеялі 570 га, рапсам 185 га. Наперадзе 400 га кукурузы і 106 га аднагадовых траў.

— Справімся! — упэўнена сцвярджала галоўны аграном гаспадаркі Наталля Глебка.

Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Юрый Мінакоў выказаў падзяку за дапамогу з апрацоўкай глебы Полацкаму аграпрамысловаму аб’яднанню, а таксама за грашовыя сродкі на рамонт тэхнікі, якія выдзеліў Полацкі райвыканкам.

Аграрыі Полацкага раёна шчыравалі ў полі ўсе выхадныя. План сяўбы яравога рапсу выкананы на 77,2%, кукурузы на 25,7%, пачалася сяўба аднагадовых траў. Тры гаспадаркі — «Кушлікі», філіял «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга», Полацкі ліцэй сельгасвытворчасці — прыступілі да пасадкі бульбы.

Фото Алины БОЛЬШАКОВОЙ.