У Полацкім РЦК пачалася рэалізацыя новага праекта

Культура

Першае мерапрыемства новага праекта Полацкага раённага Цэнтра культуры «Школа народных традыцый» адбылося ў Багатырскім СДК.

Менавіта тут паспяхова дзейніча­юць тры фальклорныя калектывы: дзіцячыя «Лецейка» і «Каласочкі» і дарослы «Галасы спадчыны», які больш за паўстагоддзя захоўвае спеўную традыцыю выканання купальскіх і жніўных песень «у перахлёст», унесеную ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Рэс­публікі Беларусь. У СДК пастаянна дзейнічае этнаграфічная экспазіцыя ў гонар В.Ул.Пісюковай — заснавальніцы ансамбля «Галасы спадчыны» і носьбіта мясцовага фальклору.

Падчас мерапрыемства кіраўнікі фальклорных калектываў раёна змаглі абмяняцца вопытам, падзяліцца сваімі культурнымі напрацоўкамі. Загадчык аддзела народнай творчасці Полацкага РЦК І.Я.Крыванос правяла інфармацыйны відэаэкскурс па элементах НКС Віцебскай вобласці.

Мерапрыемствы «Школы народных традыцый» — семінары-практыкумы, творчыя лабараторыі, этнафэсты — плануецца правесці не толькі ў розных куточках Полаччыны, але і па-за яе межамі з удзелам фальклорных калектываў іншых раёнаў Віцебскай вобласці. Такія творчыя сустрэчы найлепшым чынам будуць спрыяць абмену вопытам, папулярызацыі і пераемнасці самабытнай творчасці. Полацкі РЦК запрашае да ўдзелу ўсіх зацікаўленых, тым больш, што ўваход на мерапрыемствы вольны. 

Першае мерапрыемства Школы народных традыцый было прысвечана народнаму святу Масленіца, таму кожны ўдзельнік атрымаў ад арганізатараў метадычны зборнік «Сучасныя масленічныя гульні». Метадыст Т.А.Хутарная на практыцы прадэманстравала некалькі масленічных забаў.

Полацкі РЦК выказвае вялікую па­дзяку майстру Полацкага ЦРНК Таццяне Красікавай і кіраўніку народнага клуба «Майстар» Іне Карандзей, фальклорным калектывам Багатырскага СДК, а таксама загадчыку СДК Алене Лукавіцкай, загадчыку Багатырскай бібліятэкі-філіяла №48 Іне Карабан за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства.