Ветурач Алена Ягадка ганарыцца сваёй прафесіяй

Заботы сельские

Кожны свой дзень палачанка Алена Ягадка пачынае з пазітыўных думак — пра мужа Мікалая, сыночкаў Мікіту і Савелія. Нядаўна ў малодшага хлопчыка быў дзень нараджэння — колькі радасці было ў яго вачах, калі бацькі падарылі яму вялікі торт і веласіпед! Гэтыя шчаслівыя хвіліны сталі чарговай старонкай іх сямейнай гісторыі.

Прыемныя ўспаміны пра гэтае сямейнае свята, у якім, акрамя баць­коў і дзяцей, брала ўдзел адна з бабуль хлопчыкаў — маці Алены, сагравалі сэрца маладой жанчыны, калі яна на наступны дзень раніцай ехала на працу ў Полацкі раён, у філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі КХП».


Тут, на комплексе па вырошчванні буйной рагатай жывёлы «Матусава», Алена Міхайлаўна з 2009 года працуе вядучым ветурачом, яны з калегай сочаць за станам здароўя 6 тысяч бычкоў рознага ўзросту.

— Дзень пачынаецца з вывучэння графікаў вакцынацый, раздачы бычкам біядабавак, розных парашкоў. Трэба абыйсці ўсе памяшканні, дзе ўтрымліваецца жывёла, усіх паглядзець, — расказвае гераіня замалёўкі.

Алена родам з Ушацкага раёна. Пасля школы 3 гады вучылася ў Лепельскім ліцэі, атрымала прафесіі лабаранта хімбаканалізу і майстра-плодаагароднінавода. Потым паступіла вучыцца ў Віцебскую ветакадэмію. «Іншага шляху не было, — удакладніла суразмоўца, — я вельмі баюся віду чалавечай крыві!» У акадэміі вучылася з вялікім жаданнем, адчула, што лячыць жывёлу — яе прызванне.

З гэтым настроем і прыйшла на першае працоўнае месца ў філіял «Гараны-Агра» Полацкага раёна, куды яе размеркавалі пасля вучобы.
— У нас вельмі дружны калектыў, мы з калегами працуем з разуменнем вялікай адказнасці за справу. Кіраўніцтва філіяла нам давярае, а мы — удзяч­ныя, што можам рэалізаваць сябе на працы. Хаця, безумоўна, стамляемся, даводзіцца працаваць увесь дзень у гумавых ботах, на нагах, — расказвае спецыяліст.

Пандэмія з прычыны CAVID-19 унесла карэктывы ў прывычнае жыццё Алены Ягадкі, але яна не схіляе галаву перад часовымі цяжкасцямі, упэўнена глядзіць у будучыню.
«Галоўнае — блізкія здаровыя, ёсць праца і крыніца, якая падсілкоўвае энергіяй, — мая любімая сям’я», — зрабіла выснову жанчына.