У сераду з раніцы пайшоў снег, усё вакол накрылася белым покрывам. Лёгкія пушынкі кружыліся ў паветры і асядалі на зямлю, дрэвы. Нягледзчы на тое, што на календары пачатак другога месяца вясны, зіма зноў дыхнула на нас холадам.
З такім надвор’ем змірыліся гараджане, якія сёлета сумавалі без снегу. А вось сяляне наракалі на гэтую бель, бо надышоў час выязджаць у поле, пара араць і сеяць.
Пра бясснежную зіму і халодны пачатак красавіка мы гаварылі з галоўным аграномам сельгаспрадпрыемства «Палімір-агра» Інай Ванславовіч. Калі б не снег, механізатары гаспадаркі ў дзень нашай сустрэчы выехалі б у поле на сяўбу, а так — толькі на падрыхтоўку глебы. Большасць тэхнікі знаходзілася ў мехмайстэрні, ля трактароў завіхаліся іх гаспадары, карысталіся момантам лішні раз праверыць спраўнасць механізмаў і сістэм.
Іна Ванславовіч у «Палімір-агра» працуе толькі з лютага бягучага года, але яна не навічок у сельскай гаспадарцы. За плячыма вопытнага спецыяліста — паспяховая праца ў сельгаспрадпрыемстве «П-С «Карпекі», падзякі і ўзнагароды за высокі прафесіяналізм ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, камітэта па сельскай гаспадарцы Віцебскага аблвыканкама .
Сёлетняя пасяўная — 15- я, юбілейная ў яе працоўнай біяграфіі. Жанчына добра памятае свой першы год працы на пасадзе агранома ў саўгасе «Юбілейны» Міёрскага раёна. Той час быў хоць і складаны, але вельмі карысны. Не прайшла дарэмна і праца ў Карпеках.
— Галоўнае для мяне — забяспечыць фермы кармамі, буду да гэтага імкнуцца, — падзялілася Іна Генадзьеўна сваімі планамі. — Сёлета гаспадарка купляе кармы і салому, такога быць не павінна.
Новы галоўны аграном вырашыла зрабіць упор на кукурузу (аддаць пад гэту культуру 400 гектараў) і на паўторныя культуры. Зернебабовы клін гаспадаркі — 233 гектары — гэта забяспечанасць жывёлагадоўлі кармамі і бялком. Будуць пасеяны лубін, гарох, вікааўсяныя сумесі, гарох з вікай. Зерневая група — 818 гектараў, з іх зернебабовыя 233 гектары, ячмень — 305, авёс — 30, яравая пшаніца — 250. Закуплена яравая пшаніца сорту «квінтус» нямецкай селекцыі, які падыходзіць для лёгкай глебы.
— Пасля першага ўкосу траў унясём гліфасаты, зробім перазалужэнне. У будучым стаўку зробім на азімыя зерневыя — аддадзім пад іх гектараў 800, каб менш сеяць яравых — гектараў 400. Сёлета яравы клін у нас вельмі вялікі: 1378 гектараў, з іх 818 — яравая група, яравы рапс — 200 і кукуруза — 260. Працы наперадзе шмат, — адзначыла галоўны аграном.
Але па натуры яна — аптыміст, прывыкла спадзявацца на лепшае. Тым больш што на новым месцы ў яе ёсць два памочнікі-аграномы, 12 механізатараў. У гаспадарцы сфарміраваўся касцяк з гэтых спецыялістаў. Днямі машынны парк гаспадаркі папоўніўся двума трактарамі «Беларус 1221» і адным — «Беларус 3512». Добрыя перамены дораць надзею.
Фото автора.