У мінулую пятніцу ў Фарынаве панавала свята. Смачна пахла хлебам і дранікамі, гучала родная мова, ліліся песні.
Менавіта гэтай вёсцы было даверана ганаровае права прымаць абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», у якім бралі ўдзел 14 каманд — пераможцаў раённых этапаў конкурсу з розных куткоў Віцебшчыны. Полацкі раён прадставілі дзве сям’і — Сакалоўскіх з Гаран і Цяцера з Кушлікаў.
Видео можно посмотреть здесь.
Удзельнікаў віталі начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч і першы сакратар абласнога камітэта ГА «БРСМ» Вячаслаў Хрол. «Няхай і надалей вашымі талентамі прырастаюць слава і дабрабыт нашага прыдзвінскага краю», — зазначыў Генадзь Ягораў, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што свята праводзіцца не толькі дзеля папулярызацыі сельскай працы, але і дае магчымасць маладым вяскоўцам прадэманстраваць свае таленты, паказаць поспехі, пазнаёміцца і пасябраваць.
Вітаем па-беларуску
Так называўся конкурс візітных картак, падчас якога ўдзельнікі мелі магчымасць расказаць пра сябе, пра традыцыі сваёй сям’і і атрымаць першыя ацэнкі кампетэнтнага журы.
Прагледзеўшы кароткія тэатралізаваныя прадстаўленні, прысутныя не толькі пераканаліся ў тым, што кожны ўдзельнік конкурсу багаты на таленты, але і даведаліся аб адметных асаблівасцях рэгіёнаў, пра якія з любоўю і гордасцю распавялі канкурсанты. А яшчэ менавіта тут яны займелі першых прыхільнікаў. Дарэчы, фарынаўцы не шкадавалі слоў падтрымкі і апладысментаў, і не толькі палачанам.
Хлеб — усяму галава
Нездарма так кажуць у народзе. Хлеб — галоўны вынік хлебаробскай працы, гарантыя дабрабыту, аснова жыцця. На імправізаванай сцэне свята адбыўся сапраўдны вернісаж караваяў, спечаных па традыцыйных рэцэптах розных куткоў віцебскай зямлі.
Караваі, духмяныя, румяныя, адмыслова ўпрыгожаныя, гаспадыні выносілі на сямейных рушніках, раскрываючы сакрэты, захаваныя бабулямі і прабабулямі з даўніх часоў. Так, напрыклад, кушлікоўскі хлеб традыцыйна пячэцца на рошчыне з бульбянога пюрэ.
Караваям кланяліся, імі ганарыліся і захапляліся. Гучала вельмі важная думка: «Гэты хлеб спечаны з ураджаю 75-га мірнага года».
…І на калодзе
Традыцыйную страву беларускай кухні — дранікі — любяць усе. І гатаваць іх умее кожная беларуская гаспадыня. А канкурсантам належыла напекчы бульбяных бліноў… на калодзе.
Мужчыны-гаспадары прыклалі нямала намаганняў, каб распаліць звычайную калоду, ператварыўшы яе ў пліту. А жанчыны тым часам чысцілі і церлі бульбу. Калоды распальваліся не хутка, і многія гаспадыні, справіўшыся са сваім заданнем, дапамагалі мужам развесці полымя. Падумалася: так прыемна назіраць, як умоўны сямейны ачаг распальваюць удваіх!
Мой дом
Завяршаў выпрабаванні конкурс «Мой дом — мая крэпасць», падчас якога сем’і, аформіўшы імправізаваны падворак, дэманстравалі свае дасягненні.
Тут было ўсё — ад шчодрага ўраджаю, вырашчанага на прысядзібных участках, да апетытных нарыхтовак на зіму, ад прадметаў сямейнай творчасці да фірменных страў. Суправаджалася ўсё песнямі і жартамі. І журы, і госці свята выказвалі захапленне ўмельствам таленавітых гаспадарлівых рук.
На пасашок…
Свята скончылася. Канкурсанты, чакаючы вынікаў, разам бавілі час. Вельмі прыемна было бачыць, як, пазнаёміўшыся, размаўлялі гаспадары і гаспадыні пра надзённыя клопаты, як дзяліліся рацэптамі страў жанчыны, а мужчыны абмяркоўвалі свае справы. Немаўляткі ўтульна спалі ў маці на руках, старэйшыя дзеткі, пасябраваўшы, ладзілі вясёлыя гульні.
І, гледзячы на гэта, было так хораша на душы. І думалася: вось яны, сапраўдныя, працавітыя, сумленныя, адданыя вясковай працы і сваёй сям’і людзі. Соль беларускай зямлі, уладары свайго шчасця.
Рукі залатыя
Здавалася б, моладзь у ХХІ стагоддзі больш валодае сучаснымі гаджэтамі, чым гаспадарчымі прыладамі. А вось конкурс «У доме ўсё спатрэбіцца» пераканаў у зваротным.
Хлопцы, узяшы у рукі сякеры, за лічаныя хвіліны вырабілі раздзелачныя дошкі, а іх жонкі прыгожа аздобілі гэтыя неабходныя на кожнай кухні атрыбуты. Віртуозную тэхніку работы з дрэвам прадэманстравалі ўсе канкурсанты. Гледачы з захапленнем ацэньвалі вынік працы, паўтараючы, што не супраць былі б набыць адзін з конкурсных экспанатаў.
Хто хутчэй?
Перад удзельнікамі сельскагаспадарчай эстафеты стаяла задача не з лёгкіх. Па-першае, фігурнае ваджэнне тачкі, у якой у якасці пасажыра была гаспадыня. Па-другое, сельскі гольф (трапныя кідкі бульбін у лункі з дапамогай клюшкі), а потым — своеасаблівы баскетбол. Мужчыны развешвалі «бялізну» па памеры, а жонкі ўбівалі ў калоды цвікі. І ўсё гэта за лічаныя хвіліны.
Завяршалася эстафета ўручэннем гаспадыні букета кветак і дастаўкай яе да фінішу на руках. Вельмі прыемна было бачыць, як упэўнена і легка, быццам пушынкі, мужчыны неслі сваіх каханых, дарэчы, на даволі значную адлегласць.
Пераможцы
Вельмі цяжка было вызначыць пераможцаў: усе ўдзельнікі выдатна падрыхтаваліся і заслугоўвалі найвышэйшых балаў. Але конкурс ёсць конкурс.
Памятныя падарункі — гадзіннікі з сімволікай конкурсу — і дыпломы ўдзельнікаў уручылі кожнай сям’і. Узнагародзілі і пераможцаў у намінацыях. Дыплом за ІІІ месца ўручаны сям’і Бярозка з СенненскаАга раёна. На ІІ месцы сям’я Собаль з Пастаўшчыны. А пераможцамі абласнога этапа сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» стала сям’я Цяцера з аг. Кушлікі Полацкага раёна.