Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці-філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, які знаходзіцца ў будынку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінску, адлюстроўвае сучасную гісторыю Беларусі з 1991 года: з абвяшчэння незалежнасці да нашага часу.
Падчас наведвання гэтай скарбніцы Беларусі дэлегацыя ветэранаў г.Полацка на чале са старшынёй Полацкай раённай ветэранскай арганізацыі Галінай Муравей задалася мэтай даведацца, якая ж роля ў музеі ХХІ стагоддзя адведзена нашаму Полацку — самаму старажытнаму гораду Беларусі, дзе пакладзены пачатак беларускай дзяржаўнасці.
Адказ на свой запыт экскурсанты атрымалі ўжо ў першай (уступнай) зале музея, прысвечанай гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі. Тут прадстаўлены 10 макетаў архітэктурных помнікаў, пабудаваных ці рэканструяваных у перыяд незалежнасці краіны, а таксама выявы гербоў беларускіх гарадоў. Два геральдычныя знакі, адзін — старадаўняга Полацка, а другі — сучаснай сталіцы Рэспублікі Беларусь Мінска — вылучаны сярод іншых гербоў: размешчаны асобна, упрыгожваюць экспазіцыю з двух бакоў.
— Экскурсію па музеі мы пачынаем з таго, што ўзгадваем гісторыю нашай краіны, паведамляем, што пачатак беларускай дзяржаўнасці пакладзены Полацкім княствам, менавіта крывічы і дрыгавічы, якія складалі яго насельніцтва, заклалі і аснову беларускай народнасці, — ахвотна расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея Дзмітрый Марачкоўскі. — Полацк упершыню ўзгадваецца ў «Першапачатковым Летапісе» пад 862 годам. І герб Полацка — найстарэйшы ў краіне. Таму ў нашай экспазіцыі ён займае ганаровае месца, як і герб горада Мінска.
З дастатковай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што першы гарадскі полацкі герб з выявай трохмачтавага судна існаваў з ХVІ ці з канца ХV ст. Дарэвалюцыйныя і сучасныя гісторыкі прыводзяць цікавыя звесткі пра полацкі герб. У 1672 годзе быў складзены першы рускі гербоўнік — «Тытулярнік». У ім была змешчана Вялікая дзяржаўная пячатка цара Аляксея Міхайлавіча. Яе апісанне і выява даюць уяўленне пра тое, што, акрамя двухгаловага арла ў цэнтры па крузе размешчаны гербы царстваў, княстваў і зямель, назвы якіх уваходзілі ў царскі тытул. Сярод іншых выяваў і герб Полацка: «Коннік з узнятай шабляй, які ў левай руцэ трымае шчыт з выявай такога ж конніка».
21 верасня 1781 года Полацк, як цэнтр намесніцтва, атрымаў чарговы афіцыйны герб: «Шчыт падзелены папалам: у верхнім залатым полі ўзнікае дзяржаўны арол; у ніжняй частцы — на сярэбраным полі — былы герб: воін на кані, які трымае ў правай руцэ шаблю, у левай — чырвоны шчыт з двайным крыжом на ім».
…Старажытнейшы горад Беларусі меў за сваю шматвекавую гісторыю некалькі афіцыйных геральдычных сімвалаў. З улікам гэтага Полацкім саветам народных дэпутатаў 13 мая 1994 года было прынята рашэнне зацвердзіць у якасці сучаснага сімвала горада найбольш старажытны герб Полацка (на блакітным фоне барочнага шчыта залаты трохмачтавы карабель з разгорнутымі сярэбранымі парусамі на сярэбраных хвалях), які, з пункту гледжання геральдыкі, з’яўляецца і найбольш каштоўным, і прэстыжным.
Полацк-Мінск-Полацк.