У полацкай Мастацкай галерэі адкрылася выстава «Неба і Зямля»

Культура

«Неба і Зямля» — так назваў сваю чарговую персанальную выставу, якая ў мінулую пятніцу адкрылася ў Мастацкай галерэі, вядомы беларускі скульптар Ігар Засімовіч.

Назва выставы абрана невыпадкова. «Неба і Зямля» — мадэль Сусвету, створанага аўтарам, у якой ён імкнецца пера­даць лёгкасць і раўнавагу свету. Камяні… Жывая часцінка матухны-зямлі. Цяжкі на першы погляд матэрыял дзякуючы рукам мастака пераўтвараецца ў лёгкія, вытанчаныя, адухоўленыя вобразы, якія нязменна знахо­дзяць сваіх прыхільнікаў.


Скульптуры Ігара Засімовіча напоўнены загадкамі і выклікаюць філасофскі роздум — пра дабро і зло, узаемадзеянне чалавека з навакольным светам і яго ўплыў на глабальныя прыродныя працэсы.


Майстар працуе ў галіне манументальнай і станкавай скульптуры, выкарыстоўваючы ў сваіх творах дрэва, лёд, граніт, мармур, онікс, бронзу. Выступаючы перад прысутнымі на адкрыцці выставы, ён прызнаўся, што меў у планах стварыць скульптурную кампазіцыю і для Полацка. Магчыма, абставіны складуцца спрыяльна, і Ігару Засімовічу ўдасца рэалізаваць сваю задуму. І тады ў асяроддзе нашага старажытнага горада гарманічна ўпішацца ўнікальная скульп­тура, якая не толькі ўпрыго­жыць гарадскую прастору, але і стане яшчэ адным месцам, дзе можна будзе, дакрануўшыся да высокага мастацтва, паразважаць пра свет і пра сябе.

А пакуль што атры­маць асалоду ад далучэння да вытанчанай прыгажосці можна, наведаўшы выставу скульптуры ў Мастацкай галерэі. Яна працуе да 28 красавіка.