Аксана Лебядухіна стала пераможцай спаборніцтва па вытворчасці малака па Полацкім раёне

Заботы сельские

Аператар машыннага даення кароў ААТ «Кушлікі» Аксана Лебядухіна стала пераможцай раённага спаборніцтва па вытворчасці малака сярод калег ва ўзросце да 31 года па выніках працы за студзень.

Павіншаваць маладую жанчыну з перамогай на яе працоўнае месца — на ферму Мікулінскую — прыехалі старшыня прафкама гаспадаркі Людміла Ахрамёнак і старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Даб­раслаўскі.

Яны дзякавалі ёй за поспехі, за адданае стаўленне да працы. Уручылі працавітай даярцы Падзячнае пісьмо і грашовую прэмію.
— Атрымаўся сюрпрыз, мяне нават не папярэ­дзілі, — засаромелася Аксана Васільеўна.

Жанчына працуе ў сельскай гаспадарцы 11 гадоў. Перад уладкаваннем на працу ў ААТ «Кушлікі» адточвала прафесійнае майстэрства ў гаспадарцы «Мацюшы». Прафесію выбірала свядома: вывучылася на аператара машыннага даення ў вучылішчы ў Боркавічах, зараз мае ІV разрад.


І расказала, што працавала ў мінулым месяцы так, як заўсёды. Надаіла амаль 25 тон малака, сярэдні ўдой на карову склаў 628 кілаграмаў «белага золата».
Аксана Лебядухіна раздаіла ўсіх кароў з Мікулінскай фермы. Зараз за ёй замацавана група з 44 рагуль і 7 цялят. «Увогуле, раздой маладых каровак — самае цяжкае ў працы даяркі, — удакладняе Аксана Лебядухіна. — Спачатку 7 дзён пяршачак даільным апаратам раздойваю і толькі потым — падключаю малакаправод. У кожнай каровы свой нораў, трэба да кожнай прыставацца. На дойку ўсіх маіх каровак трачу хвілін 50 ці гадзіну. Кожны дзень — тры дойкі», — расказвае перадавая даярка.

Яна ганарыцца, што працуе на сваёй малой радзіме. Жыве ў вёсцы Грамошча — за 15 кіламетраў ад месца працы. Дома штодзень чакаюць любячую жонку і клапатлівую маці муж і дзве дачкі. Аксана Васільеўна часта расказвае ім пра сваіх любімых каровак — якія яны прыгожыя, цікавыя і асаб­лівыя!