Зімовыя святы заўсёды адрозніваліся сваёй самабытнасцю і валодалі казачнай, нават крыху містычнай атмасферай. Гэта кавалачак нашай гісторыі, нітачка, якая аб’ядноўвае шэраг пакаленняў.
У Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я адсвяткавалі Каляды. Гасцей чакалі батлейка — прадстаўленне народнага лялечнага тэатра, якое правялі супрацоўнікі музея, а таксама — знаёмства са старажытным абрадам калядавання, у якім браў удзел фальклорны гурт «Варган» з ПДУ.
Абрад заўсёды пачынаўся з прывітальнай песні і працягваўся хвалебнымі пажаданнямі гаспадару. А цэнтральным персанажам дзеі, які прыцягваў увагу большасці ўдзельнікаў мерапрыемства, асабліва дзяцей, была Каза. Дарэчы, гэты вобраз, цесна звязаны з ураджаем, сімвалізуе багацце і дабрабыт. Трэба было ажывіць Казу і абавязкова задобрыць яе, прапанаваўшы пачастунак. Госці былі падрыхтаванымі, таму іх стараннямі мяшок для «дароў» хутка напоўніўся. Каза ацаніла падарункі і зноў радасна заскокала, жывая і здаровая.
Свята працягвалася танцамі і гульнямі. Весяліліся не толькі дзеці, але і дарослыя, якія радаваліся магчымасці далучыцца да цудоўнай традыцыі. А потым калядоўшчыкі адправіліся ў дарогу, каб несці шчасце далей па Полацку.
Арына ПРАНІКАВА, студыя журналістыкі «Медыя-Мікс».
Фота Кірыла СМАЛЯКОВА.