Ганаровы грамадзянін Полацка Навум Якаўлевіч Гальпяровіч удастоены стаць Лаўрэатам прэміі імя Алеся Савіцкага

Важное

У бібліятэцы-філіяле №9, якая носіць імя паважанага палачаніна, Ганаровага грамадзяніна Полацка, пісьменніка, франтавіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і проста выдатнага чалавека Алеся Ануфрыевіча Савіцкага, у чарговы, трэці, раз адбылося ўручэнне літаратурнай прэміі яго імя. Сёлета, у Год малой радзімы, гонару стаць лаўрэатам Прэміі ўдастоены Ганаровы грамадзянін Полацка, вядомы беларускі паэт, публіцыст, кіраўнік замежнай радыёстанцыі «Беларусь», сябра Алеся Ануфрыевіча Навум Якаўлевіч Гальпяровіч.

Падчас цырымоніі гучалі вершы, песні і ўспаміны пра Алеся Савіцкага. Пра ягоныя юнацкія гады і апошнія сустрэчы з гэтым выдатным чалавекам распавядалі былая суседка, сяброўка дзяцінства, ветэран педагагічнай працы Ніна Азернікава і першы лаўрэат Прэміі, пісьменнік, краязнаўца Віктар Карасёў. Звяртаючыся да прысутных, Віктар Раманавіч зазначыў, што ён вельмі ўдзячны за аказаны гонар. «Атрымаць высокае прызнанне не толькі пачэсна. Яно накладвае вялікі абавязак. Таму імкнуся рабіць усё, што ў маіх сілах, дзеля сваёй малой радзімы», — зазначыў ён.

Сёлета на атрыманне прэміі намініраваліся некалькі аўтараў, лёсы якіх так ці інакш звязаны з Полацкам. У сваіх творах яны прызнаюцца ў любові да старажытнага горада, які дорыць натхненне і крылы для высокага палёту думак, прысвячаюць узнёслыя радкі калысцы беларускай духоўнасці і дзяржаўнасці. І гэта атрымліваецца вельмі шчыра і прыгожа.

Паводле рашэння журы сертыфікаты ўдзельнікаў атрымалі Анатоль Кірушын, Алена Стрыжак і Джэмма Пугачэўская. Заахвочвальным прызам за асаблівы ўклад у паэзію і літаратуру Полацка адзначаны Уладзімір Куц. Узнагароды творцам пад шчырыя апладысменты ўручыў намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч.

Званне Лаўрэата прэміі імя Алеся Савіцкага 2018 года Навуму Гальпяровічу прысвоена не выпадкова. Полацк у ягонай творчасці займае пачэснае месца. Зборнік вершаў «Час лістападу», які нядаўна ўбачыў свет, у некім сэнсе знакавы. У ім сабраны лепшыя вершы, створаныя паэтам за 50 год творчай дзейнасці, многія з іх прысвечаны роднаму гораду. Гэтая кніга — своеасаблівая паэтычная споведзь пра тое, што адчувае паэт. «Полацк для мяне — гэта пачатак, выток, самае асноўнае, што ёсць у жыцці», — адзначыў Навум Якаўлевіч.

У бліцінтэрв’ю «Полацкаму весніку» лаўрэат прызнаўся: «Напэўна, гэта адна з самых галоўных узнагарод у маім жыцці, вельмі кранальная, вельмі важная і вельмі дарагая. І справа не ў матэрыяльнай яе вартасці, а ў тым, што зноў і зноў гучыць імя чалавека, які быў, ёсць і будзе гонарам Полацка».