З 1 верасня 2018 г. у Краязнаўчым музеі Полацка пачала працу выстава «Праз час і прастору», прымеркаваная да 90-годдзя пачатку археалагічных даследаванняў Полацка.
Першымі наведвальнікамі новай выставы сталі вучні 11 класа Полацкай дзяржаўнай гімназіі №2. Ужо ў першы дзень новага навучальнага года хлопцы і дзяўчаты ўсвядомілі для сябе “глыбіню” гісторыі старажытнага Полацка, а таксама замацавалі атрыманыя веды падчас квэста, падрыхтаванага супрацоўнікамі музея.
На выставе школьнікаў зацікавіла інтэрактыўная прэзентацыя, дзе кожны жадаючы мог самастойна пазнаёміцца як з інфармацыяй аб цікавых археалагічных знаходках, так і з асобамі археолагаў, што стаяць за імі.
Звярнулі ўвагу гімназісты і на інтэрактыўную зону «Раскоп», якая раскрывае падрабязнасці падрыхтоўкі да археалагічнай экспедыцыі і прынцыпы яе працы.
Якімі знаходкамі славіцца Полацк? Якія артэфакты дапаўняюць яго гісторыю? З якіх элементаў складаецца археалагічнае даследаванне? Пра гэта і многае іншае можна даведацца на выставе, якая будзе працаваць у музеі да канца лістапада.