Першую машыну са збожжам новага ўра­джаю прыняў ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў»

Общество

Нарэшце адбылося: учора першую машыну са збожжам новага ўра­джаю прыняў ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Старт пачатку ўборачнай кампаніі 2018 года дала гаспадарка «Гарадзец Шаркаў­шчына» — першая з сыравіннай зоны Полацкага камбіната і ўвогуле першая ў Віцебскай вобласці, якая здала першыя тоны харчовай пшаніцы дзяржаве. Віншаванні з гэтай важнай нагоды кіраўніцтву камбіната і ўсім, хто вырошчваў, прывёз і прымае новы ўраджай, перадаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў.

Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства «Гарадзец Шаркаўшчына» Аляксандр Лапацкі расказаў, што пшаніца, якую яны прывезлі, была пасеяна адной з першых і саспела на пясчанай глебе на полі плошчай 50 гектараў. Яе вільготнасць была 18%, ураджайнасць — 28 ц/га.
Спецыялісты ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» у гэтыя дні чакалі новы ўраджай. Заказалі для першай машыны, якая прыедзе, традыцыйны хлебны каравай, спадзяваліся, што вось-вось пачнецца ўборка хлеба.
Першую прывезеную пшаніцу ўбралі заўчора, крыху падсушылі і на наступны дзень яшчэ цёпленькую павезлі на камбінат. Дарэчы, гаспадарка «Гарадзец Шаркаў­шчына» ўваходзіць у інтэграваную структуру ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў».
Такой увагі да сябе з боку палачан працаўнікі з Шаркаўшчыны не чакалі: галоўнага агранома Аляксандра Лапацкага і вадзіцеля Пятра Баркоўскага шчыра віталі, сустракалі з хлебным караваем і памятнымі падарункамі генеральны дырэктар інтэграванага прадпрыемства ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Васіль Хамёнак, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі, намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы камбіната Міхаіл Максіменка, галоўны аграном Валерый Бумажэнка, інжынер-лабарант Марына Лоўчая, начальнік лабараторыі Алена Барадзіна, іншыя спецыялісты камбіната.
У адрас мужчын, якія апоўдні прывезлі нагоду для свята ў Полацк, гучалі шчырыя пажаданні вялікага ўраджаю і добрага надвор’я, ад якога шмат залежыць.
Аляксандр Лапацкі паведаміў, што іх гаспадарка прыступіла таксама і да ўборкі азімага рапсу. А збожжавыя сёлета займаюць плошчу большую, чым летась, таму па прагнозах спецыялістаў валавы збор збожжа можа перавысіць мінулагодні.
Васіль Хамёнак запэўніў, што камбінат хлебапрадуктаў знаходзіцца ў стане 100-працэнтнай гатоўнасці да прыёмкі ўра­джаю-2018. Пакуль усе засекі пустыя, але спецыялісты спадзяюцца, што нарэшце ўраджай збожжавых саспее да патрэбнай кандыцыі, і ўсе гаспадаркі, якія ўваходзяць у сыравінную зону камбіната, выканаюць дзяржзаказ па здачы збожжа своечасова і ў поўным аб’ёме.
Пакуль сустракалі і віталі новую машыну, сталі вядомыя лабараторныя даследванні першага збожжа-2018: вільготнасць 13,2%, клейкавіна — 20%. Збожжу прысвоілі 4 клас і вырашылі, што гэтая харчовая пшаніца пойдзе ў памольную партыю для вырабу мукі, якая славіцца сваёй высокай якасцю.