Сваю малую радзіму ўспамінае жыхарка вескі Баяры Полацкага раёна

Главное

Сёлетні год аб’яўлены кіраўніком нашай дзяржавы Годам малой радзімы. Ад аднаго толькі паведамлення пра гэта ў маёй душы і на сэрцы стала радасна, цёпла.

Для мяне мілы сэрцу куток, дзе прайшло дзяцінства і ўсё свядомае жыццё, — вёска Баяры Гаран­скага сельсавета. Яна стаіць над павольнай Заходняй Дзвіной, амываючы свае вуліцы-косы ў яе водах.

Тут, у Баярах, жылі мае дзяды і прадзеды, а праз раку знаходзіцца лес, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе мой дзядуля Ягор Цярэнцьевіч Улееў. Менавіта на гаранскай зямлі ўсё сваё жыццё працавалі мае бацькі — Валянціна Ягораўна і Васіль Мікалаевіч Пракоф’евы. Працавалі шчыра, сумленна, вучылі жыць па няхітрых законах жыцця і нас, сваіх дзяцей.

Усю працоўную дзейнасць прысвяціла родным мясцінам і я. Пра такіх кажуць «Дзе нарадзілася — там і спатрэбілася». На пасадах загадчыцы садка, настаўніцы, старшыні Гаранскага сельскага Савета дэпутатаў імкнулася як мага лепш забяспечыць выхаванне і развіццё вясковых дзяцей у дзіцячым садку і Сувалкаўскай школе, старалася зрабіць лепшым жыццё землякоў, сваіх суседзяў. У школе дзяцей вучыла з павагай ставіцца да бацькоў, а дарослым раіла з годнасцю выхоўваць сваіх нашчадкаў. Усіх заклікала любіць родную зямлю і наводзіць на ёй парадак, шанаваць памяць тых, хто загінуў, падарыўшы нам мір і блакіт нябёсаў. Я задаволена, што гаранцы заўсёды добра­ўпарадкоўваюць брацкія магілы і магілы мірных жыхароў часоў Вялікай Айчыннай вайны.

У падарунак — памяць
Што я магу зрабіць для цябе сёння, мая малая радзіма? Адказ на гэтае пытанне мне падказала мая душа. Я заўсёды цікавілася гісторыяй нашай мясцовасці, калгаса, у склад якога ўваходзіла вёска Баяры. І я ўпэўнена, што мой аповед пра яго гісторыю і памяць пра калгаснікаў будуць добрым падарункам для іх нашчадкаў, тых, хто ствараў гэту гісторыю і дажыў да нашых дзён, і для маёй малой радзімы.

Нарэшце, пачнем… Сёння наша сельгаспрадпрыемства называецца УП «П-С Карпекі». Першыя дзве літары П-С скарачаюць ААТ «Полоцк-Стекловолокно» — назву інвестара гаспадаркі.

А пачыналася яго гісторыя ў далёкім 1935 годзе з калгаса «Чырвонае Сувалкава». Яго плошча была 200 га, мелася дзве фермы, гадаваліся 80 авечак, 60 кароў, 32 кані. Калгаснікі шчыра працавалі на зямлі. Вырошчвалі бульбу, лён, зерневыя і кармавыя культуры. Узначальваў гаспадарку Мірон Усцінавіч Сачыўка — чалавек адукаваны, былы афіцэр царскай арміі. Хоць за працу калгаснікі атрымлівалі «працадні», працавалі сумленна. Калгас быў удзельнікам Выставы Дасягненняў Народнай Гаспадаркі СССР у Маскве, за поспехі яго заахвоцілі вагонам збожжа. У 1937 годзе актыўна перасяляліся ў вёску жыхары хутароў. У калгас прыйшлі сем’і Філіпавых, Барысавых, Тачыла, Пазняковых, Сямёнавых, Васільковых, Духамёнкаў, Какошкіных.

У Вялікую Айчынную вайну гаспадарка прыпыніла дзей­насць, а адразу пасля яе заканчэння аднавіла, старшынёй калгаса абралі Антона Шаршнёва. Вядома, пасля доўгага перапынку давялося пачынаць працу з нуля. Але сяляне мужна вытрымлівалі нягоды: дзе не хапала коней — аралі на сабе. Калгасу надалі імя Куйбышава. У 1946 годзе яго ўзначаліў Рыгор Канстанцінавіч Какошкін. Тады асноўнай працоўнай сілай былі жанчыны. У 1953 годзе старшынёй гаспадаркі абралі Пятра Ніканавіча Бардова, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, члена бюро Полацкага райкама партыі і падпольнага райкама партыі ў 1942-1944 гадах.

Час росквіту
У 1959 годзе на аб’яднаным сходзе двух калгасаў імя Куйбышава і «Шлях Леніна» ў вёсцы Карпекі было вырашана ства­рыць адзін — «Шлях Леніна». Старшынёй абралі Пятра Ніканавіча Бардова. Працоўны калектыў калгаснікаў ужо налічваў 260  чалавек.

Ішоў час, багацела краіна, разам з ёй развівалася і наша гаспадарка, дасягала поспехаў. Пачынаючы з 1959 года за дзе­сяць год ураджай зерневых вырас на 9,7 ц/га і склаў 16,8 ц/га, а ў 1981 годзе ўжо збіралі 27,5 ц/га. Павялічыўся і ўраджай «другога хлеба»: з 63,7 ц/га да 215 ц/га.

Славу гаспадаркі стваралі людзі, якія шчыра працавалі на палях і фермах з ранку да вечара: Мікалай Іванавіч Казырэнка, Ніна Кляменцьеўна Пацалуйкіна, Ніна Ягораўна Пракоф’ева, Фёкла Сяргееўна Васількова, Пятро Хведаравіч Ісакаў, Вольга Іванаўна Барсукова, Надзея Барысаўна Маліноўская, Ганна Сямёнаўна Шыцько і многія, многія іншыя, якімі ганарыўся калгас. За добрасумленную працу Ф.С.Васількова і П.К.Какошкін былі ўзнагароджаны медалямі Выставы Дасягненняў Народнай Гаспадаркі СССР.

На чале з вучоным
У 1968 годзе калгас узначаліў вучоны аграном Аляксандр Іванавіч Комар. У гэты перыяд у Карпеках былі пабудаваны Дом культуры, дзіцячы садок, 12-кватэрны дом, двухпавярховы будынак калгаснай канторы, новы машынны двор, дзве жывёлагадоўчыя фермы, свінаферма, Дом жывёлавода. Па мерках тых гадоў калгас быў багаты: налічвалася 25 трактароў, 12 аўтамабіляў, 6 камбайнаў. І тады ганарылася гаспадарка сваімі руплівымі працаўнікамі. Залатымі літарамі ўпісаны ў яе гісторыю імёны Ула­дзіміра Сямёнавіча Духамёнка, Ніны Пятроўны Краўцовай, Васіля Мікалаевіча Пракоф’ева, Міхаіла Захаравіча Вялюгі, Васіля Васільевіча Гарбаценкі, Івана Фёдаравіча Кудзінава, Івана Рыгоравіча Кісялёва, Васіля Кірылавіча Сачыўкі, Ванды Уладзіміраўны Шынкевіч і многіх іншых.

Праз цяжкасці — да поспехаў
Да 1988 года кіравалі калгасам Павел Пятровіч Каркотка і Рыгор Міхайлавіч Зарэцкі. У гэты час Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР узнагароджваліся калгаснікі Хведар Аляксандравіч Ліпко і Генадзь Пятровіч Ігнаценка. А Пётр Ягоравіч Шарамецьеў быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

У 1988 годзе на аб’яднаным сходзе калгасаў «Шлях Леніна», «Парыжская камуна» і «Новыя Гараны» быў створаны калгас-камбінат «Гараны». Яго старшынёй стаў Міхаіл Іванавіч Саднікаў. Новаўтвораная гаспадарка аб’яднала 980 калгаснікаў. Планавалі пабудаваць жывёлагадоўчы комплекс на 10 тысяч галоў.

Тады быў складаны час. Не атрымалася здзейсніць задуманае, і патрэба ў такой вялікай гаспадарцы адпала. У 1996 годзе калгас-камбінат быў расфарміраваны, а ў вёсках, якія ўваходзілі ў склад калгаса «Шлях Леніна», быў створаны калгас «Луч». Яго ўзначаліў Дзмітрый Мікалаевіч Прыдыбайла. У 1998 годзе на гэтай пасадзе яго замяніў Іван Арсенцьевіч Гайкевіч.

У нашы дні сельскагаспадарчае прадпрыемства «П-С Карпекі» паспяхова працуе. Дырэктар Аляксандр Яраставіч Кавалёў — вопытны, дальнабачны кіраўнік, умела і ўпэўнена вядзе калектыў за сабой.

Нізкі паклон
На жаль, няма з намі тых лю­дзей, якія аддалі сілы і здароўе дзеля яе станаўлення, стварэння моцнага падмурку, на якім і сёння стаіць гаспадарка. Вечная ім памяць. Але жывуць яшчэ на сваёй малой радзіме былыя калгаснікі, якія прысвяцілі працы ў сельскай гаспадарцы сваё жыццё. Я з пачуццём вялікай павагі пералічваю іх: Мікалай Сцяпанавіч Калдэка, Таццяна Адамаўна Калдэка, Галіна Аляксееўна Калдэка, Дзмітрый Пятровіч і Ванда Уладзіміраўна Шынкевіч, Валянціна Піліпаўна Гарбаценка, Зінаіда Іванаўна Краўцова, Зінаіда Іванаўна Круглікава, Лідзія Ягораўна Духамёнак, Ганна Сямёнаўна Тачыла, Лідзія Іванаўна Тачыла, Надзея Якаўлеўна Тачыла, Таіса Іванаўна Саўчанка, Любоў Рыгораўна Дубаневіч, Генадзь Пятровіч Ігнаценка, Пётр Ягоравіч Шарамецьеў, Віктар Аляксандравіч Мелехаў, Надзея Дзмітрыеўна Мелехава, Пётр Іванавіч Ісакаў, Марыя Іванаўна Казлова, Вольга Трафімаўна Ракіцёнак, Валянціна Якаўлеўна Наваенка, Фаіна Сцяпанаўна Тачыла, Пётр Іванавіч Гудкоў, Аляксандра Міронаўна Вялюга, Альфрэда Пятроўна Ліпко, Васіль Кірылавіч Сачыўка, Мікалай Прохаравіч Маліноўскі. У гэтым спісе і Вольга Піліпаўна Голубева, якая так і не дачакалася свайго сына з далёкай афганскай вайны. Гэты спіс адданых сваёй зямлі працаўнікоў з гонарам могуць дапоўніць Тамара Пятроўна Сачыўка, Валянціна Васільеўна Кудзінава, Зінаіда Сцяпанаўна Мяльнова. Нізкі вам паклон, паважаныя землякі! Вы заўсёды будзеце прыкладам для нашчадкаў.

Здаецца, я узгадала ўсіх калгаснікаў, але калі кагосьці прапусціла — прабачце. Асабі­ста я лічу ўсіх вас сваёй вялікай сям’ёй. У нас агульныя карані і адна, любая сэрцу малая ра­дзіма.

А.В.БАРКУН,
аграгарадок Гараны.