У ААТ «Кушлікі» у раённае спаборніцтва ўключыліся 3 экіпажы камбайнераў

Заботы сельские

Сёлетняе жніво ўскладнілася надвор’ем. Спачатку было некалькі цёплых дзён, і хлебаробы хутка набралі добры тэмп у працы, а потым задажджыла, і некаторыя экіпажы камбайнаў, якія спачатку паспяхова працавалі на палетках гаспадарак Полацкага раёна, не змаглі заняць лідзіруючыя пазіцыі пры падвя­дзенні вынікаў традыцыйнага раённага спаборніцтва па намалотах збожжа.

З першых дзён уборачнай-2017 у раённае спаборніцтва ўключыліся 3 экіпажы камбайнераў ААТ «Кушлікі»: у складзе Аляксандра Каросціка і Сяргея Ганчаронка, Дзмітрыя Харушэў­скага і Анатоля Яскевіча, Івана Каханоўскага і Андрэя Скара­дзёнка.

Экіпажы намалочвалі збожжа амаль па 30 тон у дзень і імкнуліся як мага хутчэй убраць вырашчанае залатое багацце з палёў гаспадаркі. Праз тыдзень у лідары раённага спаборніцтва выйшаў яшчэ адзін экіпаж з Кушлікаў — Пятра Науміка і Юрыя Панчанкі. На сваім «КЗС-1218» вопытным камбайнерам удавалася намалочваць больш за 100 тон у дзень.

Калегі намалочвалі больш за 70 тон. Праз дзесяць дзён уборкі на рахунку экіпажа Аляксандра Каросціка было ўжо 653 тоны, Пятра Науміка — 628 тон. На 100 тон менш намалаціў экіпаж Івана Каханоўскага. Уборачная набірала тэмп, паміж экіпажамі пачалася барацьба за першынство ў намалоце тысячы тон збожжа.

Экіпаж Аляксандра Каросціка ўпэўнена ўтрымліваў лідзіруючыя пазіцыі па намалоце, дасягнуў лічбы — 795 тон. На 30 тон адставалі Пётр Нау­мік з Юрыем Панчанкам і на 120 — Іван Каханоўскі з Андрэем Скарадзёнкам.

Да канца жніўня кушлікоўскія экіпажы камбайнаў намалацілі 860, 842 і 724 тоны збожжа. У Полацкім раёне ў гэты час ужо былі тысячнікі. У апошні дзень жніўня кушлікоўцы наблізіліся да запаветнай лічбы: ім заставалася намалаціць па 50 і крыху больш тон збожжа.


Настойлівае імкненне да поспеху ўсё ж такі прывяло старанных працаўнікоў да тысячнай перамогі! Першымі намалацілі тысячу тон збожжа Пётр Наумік і Юрый Панчанка, другімі — Аляксандр Каросцік і Сяргей Ганчаронак.

На жаль, паломка камбайна не дазволіла святкаваць тысячную перамогу Дзмітрыю Харушэўскаму і Анатолю Яскевічу, якія намалацілі больш за 800 тон. Іван Каханоўскі і Андрэй Скара­дзёнак таксама не дасягнулі тысячнага намалоту.
Хвіліна славы чакала кушлікоўцаў, калі да іх прыехаў старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі.

Адпаведна з умовамі раённага спаборніцтва ён уручыў камбайнерам і іх памочнікам, якія сталі тысячнікамі, дыпломы, грашовыя прэміі, а таксама — вымпелы, майкі з кепкамі з сімволікай Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі. Аляксандр Міхайлавіч павіншаваў і вадзіцеля гаспадаркі Мікалая Скарадзёнка, які перавёз тысячу тон збожжа.

Уручаючы падарункі, прафсаюзны лідар адзначаў, што ўсе тысячнікі — прафесіяналы земляробскай працы, сапраўдныя сыны зямлі беларускай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *