Святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Полацку стала маштабнай і яркай дзеяй. Праграма юбілейных урачыстасцяў была насычана разнастайнымі мерапрыемствамі. Адно з іх — «Фестываль кнігі і прэсы», у рамках якога на плошчы Францыска Скарыны працавалі галіновыя павільёны і пляцоўкі.
На працягу двух дзён палачане і госці свята знаёміліся з лепшымі выданнямі мастацкай і вучэбнай літаратуры, кнігамі для дзяцей і юнацтва, энцыклапедычнымі даведнікамі. Вялікім попытам карысталіся выданні ўстановы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия», выдавецкага дома «Звязда». Самае лепшае можна было не толькі пабачыць, але і набыць.
Кніжны набытак
Шмат зацікаўленых гледачоў сабрала ўрачыстая прэзентацыя перакладу Свяшчэннага Пісання Новага Запавета на беларускую мову. Мерапрыемства ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, які адзначыў, што пераклад Свяшчэннага Пісання — гэта вынік 25-гадовай працы Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, і выказаў надзею, што гэтае выданне стане прызнаным набыткам нацыянальнай культуры Беларусі. Экзэмпляр унікальнага выдання Патрыяршы Экзарх перадаў дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Раману Матульскаму.
Працягам святочных мерапрыемстваў стала перадача Раманам Матульскім факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» дырэктару Полацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ганне Бурносенка. Рэалізацыя маштабнага праекта стала магчымай пры падтрымцы Банка БелВЭБ. І зараз палачане маюць магчымасць пазнаёміцца з багатай спадчынай славутага земляка.
Я — першадрукар!
Вялікую цікавасць выклікала ў палачан і гасцей горада дзейнасць Друкарскага двара XVI стагоддзя. Гэта ўнікальная экспазіцыя, сабраная гісторыкам і калекцыянерам, аўтарам і кіраўніком праекта
«В поисках утраченного» Уладзімірам Ліхадзедавым. Прадстаўленыя рарырэты ўсе са шматвяковай гісторыяй. Чаго толькі не ўбачылі наведвальнікі! Афортны і пераплётны станкі, папяровы прэс, тыгельную машыну… Усё масіўнае, вельмі цяжкае, літаральна непад’ёмнае.
Асобнае месца займала абсталяванне па ўзнаўленні самаробнай паперы з ільна, бавоўны, цэлюлозы — таксама па старадаўняй тэхналогіі. Дзеці і дарослыя падчас свята з непадробнай цікавасцю спрабавалі рабіць унікальныя экзэмпляры. І гэта атрымоўвалася! Сапраўдная жамчужына павільёна — драўляны друкарскі станок XVI стагоддзя: на такім Францыск Скарына вырабляў свае ўнікальныя кнігі. Пры дапамозе «першадрукароў» кожны жадаючы змог адчуць сябе сапраўдным нашчадкам слаўнага земляка — вырабіць друкаваны адбітак першай старонкі скарынаўскай Бібліі. Свой экзэмпляр асабіста зрабіла на памяць пра свята шмат пачэсных гасцей, сярод якіх і архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.
Увогуле, кіраўнік праекта Уладзімір Ліхадзедаў прызнаўся, што не чакаў такой вялікай колькасці наведвальнікаў. За два дні палачане і госці свята зрабілі больш за тысячу адбіткаў! І гэта абсалютны рэкорд за чатырохгадовы ўдзел самабытнай друкарні ў папярэдніх святах, прысвечаных Дню беларускага пісьменства.
Слова пісьменніка
Свята пісьменства немагчыма ўявіць без кніг, а яшчэ больш — без іх аўтараў. Насычаная праграма жывых зносін чакала прыхільнікаў літаратурнай творчасці ў павільёне «Слова пісьменніка». У рэжыме нон-стоп ля свабоднага мікрафона гучалі вершы і вытрымкі з празаічных твораў у выкананні саміх аўтараў, членаў абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі, літаратурных саюзаў і суполак з розных куточкаў краіны, лаўрэатаў літаратурных прэмій. Творчыя прэзентацыі суправаджаліся зацікаўленымі зносінамі са слухачамі, якія скарысталіся магчымасцю асабіста пазнаёміцца з літаратарамі, займець кніжную навінку з аўтографам любімага аўтара.
Увогуле майстры мастацкага слова не скупіліся на творчыя падарункі для палачан і гасцей свята — «жывое» слова гучала наўкола, услаўляючы свята…