Яшчэ два вадзіцелі, занятыя на адвозцы збожжа ад камбайнаў, перавезлі па тысячы тон каштоўнага грузу! З нагоды гэтай добрай навіны мы накіраваліся ў чарговы раз ўшаноўваць пераможцаў раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў, якія працуюць на ўборачнай-2017.
На сустрэчу з вадзіцелямі-лідарамі ў філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» і філіял «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» паехалі старшыня Полацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Янічак, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі і карэспандэнт нашай газеты.
Першы наш прыпынак — у філіяле «Гараны-Агра». Сёлета менавіта гэтая гаспадарка — лідар на жніве ў Полацкім раёне. Тут ужо ўшаноўвалі першы экіпаж-тысячнік камбайнераў і вадзіцеля. І вось яшчэ адзін кіроўца Аляксандр Меліхаў сваёй адказнай працай праславіў родную гаспадарку. Мы і старшыня прафкама філіяла Галіна Кароўчанка сустрэліся з ім на зернетаку.
Аляксандр Дабраслаўскі ўручыў герою ўборачнай кампаніі традыцыйныя Падзячны ліст, грашовую прэмію, а таксама кепку і майку з прафсаюзнай сімволікай. Святлана Янічак шчыра павіншавала перадавіка, падарыла вымпел з сімволікай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і выказала падзяку за высокія паказчыкі ў працы, за старанне, імкненне як мага хутчэй убраць вырашчанае багацце з палёў філіяла. Аляксандр Віктаравіч працуе на «МАЗе-551605» другі год, сёлета адвозіць ураджай ад двух замацаваных за ім камбайнаў. У кузаў загружае за раз каля 12 тон збожжа, за дзень перавозіць 140-150 тон. Ён выказаў задаволенасць сёлетняй ураджайнасцю пшаніцы, жыта і аўса. У мінулым годзе Аляксандр таксама адвозіў збожжа ад камбайна, за час уборачнай добра зарабіў: грошай хапіла на новую агароджу каля дома. Перадавік з жонкай і 6-гадовай дачкой жывуць у аграгарадку Гараны ў доме, які выдзеліла гаспадарка. Сёлетнюю «ўборачную» заработную плату плануе патраціць на школьныя форму і пісьмовыя прылады для сваёй дачушкі, якая пойдзе ў першы клас.
Трэці тысячнік
Вадзіцель філіяла «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат» Канстанцін Яшын стаў трэцім у Полацкім раёне, які перавёз тысячу тон залатога збожжа.
Павіншаваць працавітага хлопца, акрамя прыехаўшых у гаспадарку гасцей, пажадалі дырэктар філіяла Віталь Кузякоў і старшыня прафкама Святлана Ігнацюк.
Канстанціна Сяргеевіча мы напаткалі на зернетаку, куды ён на сваім «МАЗе-555142» прывёз свой чарговы груз. І зноў у адрас перадавіка гучалі віншаванні, на памяць аб сустрэчы і знамянальнай падзеі на жніве-2017 у яго застануцца вымпел, кепка, майка з прафсаюзнай сімволікай і грашовая прэмія.
Вадзіцель-тысячнік працуе ў гаспадарцы ўжо 15 год, як вярнуўся з арміі, так і круціць баранку. Але на ўборачнай малады мужчына працуе ўпершыню. Ганарыцца тым, што мае прамое дачыненне да забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Штодзень на працу вадзіцель прыязджае з Глыбоцкага раёна, з Ломашаў. Здалёк? Ды не, ад Ломашаў да Начы ўсяго 5 кіламетраў! Напярэдадні нашай сустрэчы за дзень зрабіў 15 рэйсаў — больш за ўсе папярэднія дні. Кузаў яго жалезнага сябра ўмяшчае 6 тон аўса або 9 тон пшаніцы. Мы падлічылі, колькі яму давялося зрабіць рэйсаў, пакуль перавёз тысячу тон, — лічба атрымалася ўнушальная. Сваёй працай вадзіцель задаволены, ганарыцца яго поспехамі і сям’я — жонка з дачкой, якая перайшла ў трэці клас.
Мы спыталіся ў дырэктара філіяла наконт харчавання хлебаробаў. Даведаліся, што ў час масавых палявых работ працуе свая сталовая, повар штодзень прыязджае з гарпасёлка Ветрына. У дзень харчуюцца каля 20 чалавек — працуючыя ў полі і на зернетаку. Усе хлебаробы задаволены абедамі і падвячоркамі, таленавітаму повару перадаюць вялікае «дзякуй». Што датычыцца кошту абедаў, то згодна з калектыўным дагаворам, сума аплаты залежыць ад выканання нормы выпрацоўкі. Большасці хлебаробаў, хто шчыруе на роднай зямлі ад зары да зары, плаціць за абеды не давядзецца.
Суп і каша — ад повара Наташы
Дзве працавітыя Наталлі адказваюць у філіяле «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» за якасць і смак абедаў для працаўнікоў філіяла, занятых на жніве.
Штодзень загадчыца вытворчасці сталовай Наталля Папкова і повар Наталля Малашук прыходзяць на працу ў 7.30 раніцы, каб да 12 гадзін паспець прыгатаваць абед для 60 працуючых у полі і на зернетаку. Гаранцам з паварамі пашанцавала: жанчыны любяць сваю поварскую справу, у кожную страву ўкладаюць душу і добра разумеюць адказнасць, бо ўпэўненыя: як чалавек падсілкуецца — так і працаваць будзе. У Наталлі Папковай калісьці бацька працаваў у гэтай жа гаспадарцы слесарам, яна памятае, як ён, стомлены, прыходзіў з працы, і апетыт у яго быў адменны. Таму і для тых, хто сёння працуе ў філіяле, жанчыны гатуюць смачную, багатую калорыямі ежу, і порцыі прапаноўваюць немаленькія.
Тры дзясяткі чалавек прыходзяць і прыязджаюць абедаць у сталовую ў вёсцы Арцюхі, другой палове абеды і падвячоркі адвозіць у поле Вольга Анісковіч. Сёлета для выязных абедаў гаспадарка набыла новыя тэрмасы, дакупіла посуд. «Што ў меню камбайнераў?» — спыталіся мы ў добразычлівых павароў. Абедзве Наталлі наперабой пералічвалі: кашы, халодныя і гарачыя баршчы, зразы, катлеты, жаркое, курынае філе, стэйкі, дранікі з мясам, клёцкі…