Выязное пасяджэнне кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў гаспадарцы «ПСКарпекі», якое прайшло на чале з кіраўніком Полацкага раёна Мікалаем Шаўчуком, прынесла карысць усім яго ўдзельнікам.
-Гэта сапраўдны бясплатны ўніверсітэт, дзе тэорыя па раслінаводстве і жывёлагадоўлі падмацавана практыкай. Кожны можа пераняць вопыт, асабліва маладыя кіраўнікі гаспадарак, — зазначыў Мікалай Шаўчук. |
Сапраўды, павучыцца ў вопытнейшага кіраўніка сельгаспрадпрыемства «ПСКарпекі» Аляксандра Кавалёва можна многаму. У мінулым годзе гаспадарка станавілася ўдзельнікам абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі» за дасягненні ў працы. На думку кіраўніка Полацкага раёна, менавіта ў гаспадарцы «ПСКарпекі» на сённяшні дзень самая прыгожая ў Полацкім раёне жывёла — дагледжаная і сытая.
Сёлетняй вясной большасць гаспадарак знізіла паказчыкі па вытворчасці малака, а ў Карпеках па «белым золаце» — плюс да адпаведнага перыяду мінулага года. І па прывагах карпецкія цялушкі лідзіруюць. У чым сакрэт? У выпрацаваных тэхналогіях па кармленні і доглядзе за каровамі, у захаванні працоўнай дысцыпліны.
Дырэктар гаспадаркі распрацаваў сістэму матэрыяльнай матывацыі для даярак, і яна паспяхова працуе, людзі імкнуцца зарабіць. Аказала ўплыў на павелічэнне надояў малака і новая ферма, здадзеная ў снежні. На новае месца перавязлі цялушак, а ў сараях павялічылі дойны статак і «знайшлі» малако.
Пра дадатковыя памяшканні для жывёлы вёў гутарку з кіраўнікамі Мікалай Шаўчук. Вынік размовы — у бліжэйшы час новыя кароўнікі ці цялятнікі павінны з’явіцца ва ўсіх гаспадарках. З тым, што гэты шлях прывядзе да павелічэння вытворчасці малака, згадзіліся ўсе, і намераны будавацца.
«Малако — гэта, у першую чаргу, бялок, таму пашы павінны быць засеяны канюшынай ці травянымі сумесямі», — нагадваў Мікалай Шаўчук і зноў прыводзіў у прыклад Аляксандра Кавалёва. У Карпеках навучыліся нарыхтоўваць і кармы, працаваць з угнаеннямі. У севазвароце гаспадаркі тры асноўныя культуры: пшаніца, канюшына і рапс. Для вырошчвання канюшыны спецыялісты выпрацавалі нават сваю ўласную тэхналогію, і вынік атрымаўся станоўчы.
Пасля агляду лінейкі гатоўнасці тэхнікі для нарыхтоўкі кармоў удзельнікі выязной вучобы накіраваліся на ферму, дзе пазнаёміліся з утрыманнем цялят і з працай цэха раздою. Тлумачэнні па тэхналогіі вырошчвання маладняку і па рацыёне кароў і цялушак давалі першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Тышкевіч і дырэктар «ПСКарпекі» Аляксандр Кавалёў.
Аляксандр Яраставіч звяртаў увагу на тое, што працаваць на раздоі вельмі цяжка, гэту працу можа выконваць не кожная даярка. У Карпеках за гэтую справу ўзяліся самыя лепшыя з аператараў машыннага даення, перадавікі па атрыманні малака. Многія кіраўнікі зацікавіліся «прафілакторыем для ўтрымання цялят». Зазірнулі ў клеткі і ўбачылі чысціню, прастору і святло.
У дастатковай колькасці для малых вада і камбікорм. Кожнае цяля ўтрымліваецца асобна, штодзённа вядзецца кантроль за станам іх здароўя і прывагамі, за добрыя паказчыкі даяркі атрымоўваюць даплату. «Апошні фактар — немалаважны!» — з веданнем справы гаварыў Аляксандр Кавалёў.
Наведалі госці гаспадаркі і адну з пашаў. Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталля Крывец адзначала, што для раўнамернага росту травы пашы трэба абавязкова падкошваць. На месцы выпасу кароў спецыялісты давалі тлумачэнні па правільнай арганізацыі працы жывёлаводаў у летні перыяд. У дастатковай колькасці для кароў у полі павінны быць вада і соль, абсталяванне для асемянення, арганізацыі даення, цыстэрна для малака і іншае.
«Аляксандр Кавалёў — з кагорты кіраўнікоў, на якіх трымаецца гаспадарка», — адзначыў Мікалай Шаўчук. І пахваліў дырэктара за неабыякавасць да ўсяго, што адбываецца на палях і фермах. Нават людзей на працу з іншых раёнаў ён прывозіць у Карпекі сам. Аляксандр Яраставіч — дальнабачны кіраўнік, у справах не стаіць на месцы, імкнецца ўкараняць у працу новыя тэхналогіі, развіваць вытворчасць. Шмат чытае, вучыцца.
Паспяхова кіраваць гаспадаркай яму дапамагаюць веды, добрыя арганізатарскія здольнасці і бязмежная адданасць высакароднай справе хлебароба, якую аднойчы ён абраў.