Старшакласнікі Мацюшэўскай школы паўдзельнічалі ў пасадцы лесу

Молодежь

Традыцыйная рэспубліканская акцыя «Ты­дзень лесу», арганізаваная па ініцыятыве Міністэрства сельскай гаспадаркі, сёлета праходзіла з 1 па 8 красавіка і аб’яднала ідэяй аднавіць лясы, пашкоджаныя стыхійнымі бедствамі, тысячы беларусаў.

Прапанову Бельскага лясніцтва Полацкага лясгаса паўдзельнічаць у пасадцы лесу з энтузіязмам успрынялі вучні старэйшых класаў Мацюшэўскай дзіцячага садка-сярэдняй школы імя П.Я.Купрыянава. Больш за дзесяць школьнікаў разам з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Святланай Нарывончык і настаўнікам хіміі і біялогіі Яўгенам Астрэйкам у мінулую сераду далучыліся да рэспубліканскай акцыі. Ляснічы Бельскага лясніцтва Дзмітрый Байцоў і яго памочнік Яўген Рамашка правялі інструктаж, паказалі, як рабіць лункі і садзіць саджанцы.


— Сёння тут у нашай акцыі задзейнічаны больш за 20 чалавек: леснікі з нашага лясніцтва, работнікі Азінскага сельвыканкама разам са старшынёй Аленай Чувашэнка, школьнікі і дабравольцы-валанцёры. На плошчы 2,5 гектара ў наваколлі вёскі Азіна, дзе раней былі сельскагаспадарчыя землі, мы высаджваем саджанцы сасны звычайнай і елкі змешанай, — расказаў Яўген Рамашка.
А Дзмітрый Байцоў дапоўніў, што адна з мэт акцыі — папулярызацыя прафесіі лесніка. «Праца на свежым паветры пад спевы птушак можа прыйсціся даспадобы вучням школы, і яны захочуць звязаць свой лёс з лесам, пойдуць па нашых слядах», —
выказаў ён сваё меркаванне. І надзею на тое, што ўдзельнікі акцыі, якія садзілі лес, у будучым не нанясуць яму шкоды.
Юнакі і дзяўчаты працавалі заўзята. Леснікі спецыяльнай рыдлёўкай з назвай «Меч Колесава» рабілі лункі, школьнікі спрытна ўстаўлялі ў іх саджанцы і прысыпалі зямлёй. Пасадка ішла па вызначаным плане: садзілі 8 радоў сасны, адзін — елкі, потым зноў сасну. Па тэхналогіі ўсе саджанцы размяшчалі на адлегласці 75 сантыметраў адзін ад аднаго.


— Без дапамогі школьнікаў мы самі не справіліся б, — зазначыў Яўген Рамашка. — Трэба пасадзіць больш за 15 тысяч саджанцаў, усе нашы памочнікі працуюць хутка і з жаданнем.
Усе ўдзельнікі акцыі шчыра верылі, што паса­джаныя дрэўцы хутка прыжывуцца. «Сваёй спеласці дрэвы дасягнуць толькі праз 81 год, — расказалі працаўнікі лясной гаспадаркі, — а гадоў праз
10-15 на гэтым месцы вырасце малады бор. Сённяшнія школьнікі прыйдуць сюды са сваімі дзецьмі па грыбы, а вось пілаваць лес будуць прадстаўнікі ўжо наступных пакаленняў!».
Усіх удзельнікаў акцыі старшыня Азінскага сельвыканкама Алена Чувашэнка запрасіла на чаяпіцце. Чай з цукеркамі і бублікамі на свежым паветры аказаліся прыемным сюрпрызам, а зносіны з леснікамі ў дружалюбнай атмасферы былі для школьнікаў цікавымі і карыснымі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *